Фота: Delfi

«Я, напэўна, проста скажу, паколькі цяпер магу казаць проста і адкрыта, паколькі не займаю ніякую пасаду, я кажу проста: званкі тэрарысту, забойцы і агрэсару, яны і павінны ацэньвацца як званкі тэрарысту», — сказала Грыбаўскайце ў інтэрв'ю LRT.

Экс-кіраўніца краіны паўтарыла і выказаную раней думку аб тым, што Пуціна можна спыніць толькі на полі бітвы.

«Калі ідзе вайна, перамовы не вядуцца, ідзе вайна. Я з самага пачатку вайны казала, што Пуціна можна спыніць толькі на полі бітвы. А гэта значыць, наўпрост удзельнічаць у гэтым, ці як мы называем foot on the ground (салдатамі на тэрыторыі Украіны, — Delfi) або шляхам прадастаўлення адэкватнай, неабходнай, сучаснай зброі. Пакуль выбралі другі шлях, але ён праходзіць са спазненнямі, пастаўляюць недастаткова сучасную зброю, наступствы гэтага мы бачым. Мы бачым, што Расія павольна, але прабіваецца ва ўсходняй частцы наперад, у абодвух кірунках, а ў тым ліку і ўкраінцы нясуць вялізныя страты — як людзей, так і тэхнікі», — сказала Грыбаўскайце.

Яна раней ужо называла Расію тэрарыстычнай дзяржавай. «Мы знаходзімся побач з Беларуссю, з Расіяй, таму ўсё адчуваем адразу, хутка і рэалістычней, чым далёкія суседзі, нашы партнёры на Захадзе. Таму паўтараецца сітуацыя — калі ты далей, цябе гэта не тычыцца», — сказала яна.

«Калі бачыш характар агрэсіі, узнікае паралель з 1939 годам, перад Другой сусветнай вайной, калі еўрапейскія краіны, вялікая іх частка, стараліся патураць агрэсару, не бачыць тое, што адбываецца, аддаць агрэсару частку Чэхаславакіі. Мы бачым і чуем той жа лейтматыў у Еўропе. На жаль, Еўропа не навучылася на сваіх жа памылках. Мы бачым, што тыя ж памылкі растуць як грыбы пасля дажджу. І трэба нагадваць гісторыю, наш вопыт», — зазначыла Грыбаўскайце.

«Санкцыі ў прынцыпе як дэманстрацыя палітычнага пакарання, гэта спрабуюць рабіць заходнія краіны і мы. На жаль, на Расію аднымі эканамічнымі санкцыямі не падзейнічаеш, яна сама можа перанесці вельмі сур'ёзныя эканамічныя санкцыі, і яе жыхары таксама», — працягнула экс-прэзідэнт Літвы.

Яна лічыць, што санкцыі не дадуць хуткага эфекту.

«Пагатоў, што санкцыі «дзіравыя», іх уводзяць не адразу і яшчэ з такімі брыдкімі публічнымі спрэчкамі. Часам ствараецца такая карціна, што гэта наносіць больш шкоды, чым прыносіць карысці нашай рэпутацыі, рэпутацыі Захаду», — сказала Грыбаўскайце.

«Санкцыі будуць дзейнічаць у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, на хуткі эфект мы не можам разлічваць», — працягнула яна.

Грыбаўскайце крытыкуе заходніх лідараў і за тое, што яны так марудзяць з аказаннем дапамогі Украіне зброяй. «На жаль, цяпер, асабліва ў Еўропе, дамінуе азіранне цереаз плячо, боязь свайго ценю. Гэта настройвае на непрыемны лад. Відаць, як лідары спрабуюць нешта прамаўляць, растлумачыць, толькі таму, што прымаюцца смелыя рашэнні ў дапамогу суседу. Таму што Украіна змагаецца не толькі за сябе, а за бяспеку ўсёй Еўропы. І гэта прамы абавязак еўрапейскіх лідараў. На жаль, мы бачым баязлівасць», — заўважыла яна.

«Такія саступкі, боязь прыняцця рашэнняў каштуюць крыві, вялікіх чалавечых страт ва Украіне, каштуюць вялікай шкоды нашай рэпутацыі, рэпутацыі Захаду. Гэтым карыстаецца Пуцін. Ён бачыць праяву баязлівасці, бачыць адсутнасць супраціву. І працягвае рабіць што хоча. Мы гэта бачылі і пасля акупацыі Крыма, і пасля акупацыі часткі Грузіі ў 2008 годзе. Мы, Захад, сваім такім страхам і выгадавалі пуцінскую агрэсію», — лічыць экс-прэзідэнтка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру