Уільям Бернс выступае ў Тэхналагічным інстытуце Джорджыі 12 красавіка 2022 года. Фота: Associated Press

Бернс двойчы працаваў у Расіі, у тым ліку паслом з 2005 па 2008 гады. У амерыканскім урадзе мала хто меў такі блізкі досвед працы з Пуціным.

Пуцін — увасабленне «своеасаблівага спалучэння якасцяў»: «ён саманадзейны, злосны, вечна пакрыўджаны і няўпэўнены ў сабе», — пісаў Бернс. Кіраўнік Крамля — «апостал помсты», сцвярджае Бернс.

Бернс прагназуе, што замест таго, каб спыніць уварванне ва Украіну, Пуцін, хутчэй за ўсё, падвоіць свае намаганні.

— Я думаю, ён знаходзіцца ў такім стане свядомасці: не верыць, што можа дазволіць сабе прайграць, — сказаў Бернс на семінары, арганізаваным «Financial Times».

Чалавек для спецыяльных задач

Усё гэта робіць Бернса унікальнай фігурай сярод галоўных дарадцаў прэзідэнта Джо Байдэна, якому даручаны самыя адчувальныя задачы. Менавіта Бэрнса Байдэн таемна адправіў у Маскву мінулай восенню, каб папярэдзіць Пуціна пра наступствы нападу на Украіну, і менавіта да Бэрнса часта звяртаюцца вашынгтонскія эліты, спрабуючы прадказаць, што Пуцін зробіць далей.

Найбліжэйшыя месяцы на фоне пытанняў аб тым, ці былі выведвальныя даныя ЗША аб Расіі і Украіне дастаткова дакладнымі — і ці павінен Вашынгтон хутчэй адпраўляць цяжкую зброю ўва Украіну — Бернс, імаверна, дасць шмат адказаў.

— Бернс вельмі сталы, вельмі дасведчаны, вельмі стрыманы і вельмі ўдумлівы ў тым, што ён кажа, — сказаў Уільям Тэйлар, былы амбасадар ЗША Ва Украіне, які даўно знаёмы з дырэктарам ЦРУ. — Па ўсіх гэтых прычынах, а таксама з-за яго досведу з Пуціным, мы яго слухаем.

Бернс, вядома, добры пуцінолаг, але нават ён не прадбачыў, наколькі расейскі лідар сарве замежнапалітычныя планы адміністрацыі Байдэна.

На слуханнях у Сенаце ў лютым мінулага года Бернс сказаў, што ў якасці дырэктара ЦРУ ў яго будзе «чатыры ключавыя і узаемазвязаныя прыярытэты». Яны павінны былі быць: «Кітай, тэхналогіі, людзі і партнёрства».

Бернс дае паказанні падчас слуханняў Спецыяльнага камітэта Сената па пытаннях выведкі аб глабальных пагрозах, 14 красавіка 2021 года. Фота: AP

Расіі ў спісе не было

Расія не патрапіла ў гэты спіс прыярытэтаў. Па праўдзе кажучы, мала хто ў Вашынгтоне ў той час турбаваўся пра гэта. Сталіца ЗША была значна больш апантаная Кітаем і іх амбіцыямі.

Гэта змянілася ў апошнія месяцы 2021 года, калі Пуцін пачаў збіраць войскі ўздоўж мяжы Расіі з Украінай. Байдэн адправіў Бернса ў Маскву, дзе ён сустрэўся з прадстаўнікамі Крамля і пагаварыў з Пуціным праз тэлефон, перадаўшы асцярогі ЗША з нагоды збору войскаў і папярэдзіўшы, што Масква заплаціць высокую цану ў выпадку ўварвання.

З часам чыноўнікі адміністрацыі Байдэна наважыліся выбарачна рассакрэціць і апублікаваць некаторыя звесткі амерыканскай выведкі аб патэнцыйных вайсковых планах Крамля. Гэта быў незвычайны манеўр, які па словах Бернса мае вырашальнае значэнне для таго, каб спыніць дэзінфармацыю Пуціна, якой ён апраўдвае ўварванне ва Украіну.

Бернс адмовіўся даваць інтэрв'ю для гэтага артыкула, але з тых часоў, як ён пачаў кіраваць ЦРУ, ён выказваўся на розных грамадскіх форумах.

Выступаючы на фестывалі Weekend Financial Times на пачатку гэтага месяца, Бернс сказаў, што, калі адміністрацыя публічна папярэдзіла, што Пуцін рыхтуецца да ўварвання, ён і яго калегі правялі «шмат бяссонных начэй, спадзеючыся, што мы памыляемся». Але Пуцін вырашыў іх расчараваць.

Берн падчас таго, як быў паслом ЗША у Маскве. Злева направа: дзяржсакратар Кандаліза Райс, Уільям Бернс і міністр спорту РФ Вячаслаў Фяцісаў. 13 кастрычніка 2007 года. Фота: AP

Кітай працягвае быць №1

Калі Бернс і яго агенцтва ўсё яшчэ спрабуюць перахітрыць Крэмль, дырэктар ЦРУ па-ранейшаму лічыць, што менавіта Кітай уяўляе найбольшую доўгатэрміновую геапалітычную пагрозу для Злучаных Штатаў. Азіяцкі гігант, які ўзначальвае Сі Цзіньпін, «у шмат якіх аспектах ёсць самым сур'ёзным выпрабаваннем, з якім калі-небудзь сутыкалася ЦРУ», — сказаў Бернс аўдыторыі ва ўніверсітэце Georgia Tech у красавіку.

Прагрэс ў галіне штучнага інтэлекту ў краіне, кіраванай камуністамі, эканамічныя сувязі са Злучанымі Штатамі, і дзеянні ў кіберпрасторы, якія, між іншым, пагражаюць бяспецы амерыканскіх дзяржслужбоўцаў — толькі некаторыя са шматлікіх прычынаў, па якіх ЦРУ спрабуе супрацьстаяць Пекіну.

Гэта вельмі складана. Згодна з паведамленнямі ЦРУ, Пекін па чарзе ідэнтыфікуе многіх таемных супрацоўнікаў, папярэдне пакараўшы смерцю крыніцы ЦРУ у Кітаі.

Каб ЦРУ ў доўгатэрміновай перспектыве засяродзілася на Кітаі, Бернс стварыў China Mission Center, адзіны такі цэнтр у агенцтве, сфакусаваны на адной краіне. Агенцтва таксама павялічвае свой бюджэт на дзейнасць, звязаную з Кітаем, і спадзяецца падвоіць колькасць супрацоўнікаў, якія будуць размаўляць на кітайскай мове.

Бернс таксама стварыў Цэнтр транснацыянальных і тэхналагічных місіяў, сфакусаваны на новых тэхналогіях і праблемах, такіх як змяненне клімату. Бернс прызначыў першага ў агенцтве «галоўнага спецыяліста па тэхналогіях» Нанда Мулчандані, які мае досвед працы ў прыватным і дзяржаўным сектарах.

Уільям Бернс у дзень назначэння яго дырэктарам ЦРУ. 24 лютага 2021 года. Фота: AP

Гаванскі сіндром

У пачатку свайго тэрміну Бернс даручыў вылучыць больш сродкаў для разумення дзіўных хваробаў, часта званых «Гаванскім сіндромам», якія закранулі многіх афіцэраў ЦРУ, амерыканскіх дыпламатаў і іншых урадавых чыноўнікаў. Ёсць асцярогі, што за гэтымі інцыдэнтамі стаіць Расія. Аднак да гэтага часу амерыканскія чыноўнікі заяўляюць, што не знайшлі ніякіх доказаў датычнасьці Масквы.

Тым не менш, Бернс засяродзіўся на гэтай тэме, дзякуючы чаму заваяваў сімпатыю многіх людзей са свету выведкі.

Рушыць як шторм

Амаль немагчыма знайсці ў Вашынгтоне кагосьці, хто крытыкаваў бы Бернса, нават у прыватным парадку.

— Ён чалавек, які кажа: «Так, гэта сапраўды складана. І сапраўды цяжка не мець ідэальных адказаў», — сказаў адзін з былых высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі Байдэна.

Адным з найгоршых момантаў прэзідэнцтва Байдэна стаў захоп талібамі ўлады ў Афганістане ў жніўні мінулага года, што прывяло да масавых трагедыяў падчас эвакуацыі з аэрапорта Кабула.

Крытыкі задаваліся пытаннем, ці занадта павольна амерыканская выведка зразумела, што Кабул захопяць.

У гэтыя бурлівыя тыдні Бернс спакойна адправіўся ў Кабул, каб пагаварыць з лідарамі талібаў пасля таго, як яны захапілі афганскую сталіцу, і людзі, якія яго ведаюць, кажуць, што ён аддана абараняў афганскіх партнёраў ЦРУ.

— Ёсць прычына, па якой вы дасылаеце Уіла Бернса, каб пагутарыць з талібамі, калі ўсё ў Афганістане разбураецца, — сказаў былы чыноўнік Адміністрацыі. — Гэта чалавек, які можа сесці за стол з некаторымі з самых жорсткіх і дэспатычных людзей у свеце і знайсці спосаб зрабіць гэта ад імя амерыканскага народа ў сітуацыі, калі іншыя б спасавалі ці не здолелі.

Бернс таксама шмат пра што шкадуе.

У сваіх мемуарах, пад назвай «The Back Channel» Бернс піша, што вельмі шкадуе, што не зрабіў больш, каб пайсці супраць рашэння тагачаснага прэзідэнта Джорджа Буша пра ўварванне ў Ірак і звяржэнне Садама Хусэйна, хоць як дыпламат шмат разоў спрабаваў звярнуць увагу на небяспеку.

Хоць Бернс піша, што яго тагачасныя дзеянні мелі шмат складаных матываў, ён прызнае ў кнізе, што адным з іх было «пакутлівае пачуццё, што Садам заслугоўваў звяржэння».

Бернс разам з Януковічам. 9 верасня 2010 года. Фота: AP

Падзякі за Украіну

Адміністрацыя Байдэна і, у прыватнасці, ЦРУ былі высока ацэненыя за дакладныя прагнозы адносна крокаў Пуціна ўва Украіне, а таксама за рашэнне апублікаваць некаторую інфармацыю, якая была вядомая Злучаным Штатам. Аднак застаецца незразумелым, чаму Злучаныя Штаты не прадбачылі, прынамсі, публічна пра гэта не казалі, як дрэнна будзе ваяваць расійская армія і як доўга ўкраінская армія зможа ўтрымацца.

Насамрэч у амерыканскім урадзе панавала агульнае перакананне, што расійскія войскі хутка разграмяць ўкраінскія сілы. Некаторыя каментатары знешняй палітыкі задаваліся пытаннем: ці з'яўляецца гэта прычынай таго, што Злучаныя Штаты раней не накіроўвалі вялікую ваенную дапамогу Украіне?

Пасля крызісаў ва Украіне і Афганістане амерыканскія заканадаўцы папрасілі адказаць, як выведвальныя службы ЗША ацэньваюць замежныя ўзброеныя сілы. ЦРУ адмовілася каментаваць гэтае пытанне.

Бацькоўскія парады

Бернс прапрацаваў 33 гады на замежнай службе. У 2014 годзе пакінуў пасаду намесніка дзяржсакратара. А пасля займаў пасаду прэзідэнта Фонда Карнегі.

Падчас прэзідэнцтва Дональда Трампа Бернс зацята публічна выступаў супраць імкнення Трампа паменшыць дыпламатычную службу ЗША за кошт скарачэння бюджэту, палітычнай адплаты і іншых захадаў. Бернс лічыў, што гэта яе знішчыць.

Павага Бернса да дзяржаўнай службы перадалася яму ў спадчыну ад бацькі, генерал-маёра і дырэктара Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраеннем ЗША. У сваіх мемуарах Бернс узгадвае, як яго бацька аднойчы напісаў яму: «нічога не дае столькі гонару, як служыць з гонарам сваёй краіне».

Цяпер Бернс жартуе, што яго жонку і дачок смяшыць тое, што ён паходзіць са «свету Джэймса Бонда, Джэйсана Борна і Джэка Раяна», але ездзіць толькі з дазволенай хуткасцю і ледзь спраўляецца з кантролерам для гульнявой прыстаўкі.

Бернс, які скончыў Універсітэты Ла-Саль і Оксфард, мае больш дыпламатычнага досведу, чым цяперашні дзяржсакратар Энтані Блінкен. Але яны абодва маюць аднолькавы тэмперамент і добра ладзяць, кажуць людзі, якія іх ведаюць, адмаўляючы чуткі пра тое, што Бернс «ценявы дзяржаўны сакратар».

Прэзідэнт Сірыі Башар Асад з Уільямам Бэрнсам ў Дамаску 17 лютага 2010 года. Фота: AP

Пад грыфам «сакрэтна»

Як сцвярджаюць амерыканскія афіцыйныя асобы, часта менавіта Бернс, а не Блінкен, служыў пасланнікам прэзідэнта. Паездкі дырэктара ЦРУ, як правіла, засакрэчаныя, у той час як Блінкен амаль заўсёды бярэ з сабой рэпарцёраў. Бернс здзейсніў 10 ўнутраных і 16 замежных паездак. Унутраныя візіты часта тычыліся тэхналогій, напрыклад, у Каліфорніі.

У некаторых выпадках, як, напрыклад, у Расіі, Бернса паслалі збольшага для таго, каб даць зразумець, што ў ЗША ёсць дадзеныя выведкі, якая пацвярджаюць іх засцярогі. Ёсць і такія асобы, як лідар талібаў, якіх большасць адміністрацый лічыць за лепшае не ўганароўваць афіцыйнымі візітамі.

Трамп адправіў тагачаснага дырэктара ЦРУ Майка Пампея ў Паўночную Карэю на сустрэчу з дыктатарам Кім Чэн Ынам, што праклала шлях да гістарычнага саміту Трамп-Кім. Але ў якасці дзяржсакратара Пампеа таксама сустракаўся з лідарамі талібаў.

Былыя супрацоўнікі выведкі кажуць, што яны мала чуюць пра Бернса ад тых, хто знаходзіцца ў ЦРУ, што яны лічаць прыкметай таго, што яго добра ацэньваюць. Маральны дух, падобна, расце ў параўнанні з гадамі праўлення Трампа, які часта выказваў пагарду да выведвальнай супольнасці, якая сцвярджала, што Расея ўмяшалася ў выбары, выйграныя ім у 2016 годзе.

Бернс «нешматслоўны і апалітычны», а таксама цесна звязаны з іншымі супрацоўнікамі Байдэна, сказаў Джон Сіфер, былы супрацоўнік ЦРУ, які працаваў у Расіі.

Гэта важна для ЦРУ. Агенцтву дапамагае наяўнасць дырэктара, які мае наладжаныя кантакты з Белым домам і іншымі членамі кабінета, дадаў Сіфер.

Фота: AP

Паглыбленая пуціналогія

Пасля візіту ў Крэмль мінулай восенню Бернс вярнуўся ў Вашынгтон без ілюзій і з нядобрымі навінамі для Байдэна і астатніх чальцоў адміністрацыі.

— Ён вельмі рэалістычна глядзеў на тое, што можа адбыцца, і ў тым, што да гэтага трэба рыхтавацца, — сказаў пра Бернса былы высокапастаўлены чыноўнік Адміністрацыі.

Бернс пазней патлумачыў, што падчас размовы ён зразумеў, што хоць Пуцін яшчэ не прыняў незваротнае рашэнне ўварвацца ва Украіну, але, падобна, быў гатовы гэта зрабіць.

— За гэтыя гады я навучыўся ніколі не недаацэньваць непахісную рашучасць Пуціна, асабліва ў пытанні Украіны, — сказаў Бернс.

Пуцін, як адзначыў Бернс, даўно лічыць, што Украіна не з'яўляецца сапраўднай дзяржавай, а калі і ёсць, то павінна быць падпарадкаваная Расеі.

Праз некалькі тыдняў, калі ўкраінскім войскам удалося спыніць і адкінуць рускія войскі, Бернс быў асцярожны адносна будучыні.

Ён сказаў чытачам Financial Times, што параза — гэта не тое, з чым Пуцін лёгка змірыцца.

— Ён так шмат паставіў на рашэнне аб уварванні, што, мне здаецца, ён перакананы, што падвойныя намаганні дазволяць яму пераламаць сітуацыю, — сказаў Бернс.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру