«Дарагія сябры, вось ужо чацвёрты месяц з моманту выстаўлення мне канчатковага абвінавачвання, я практычна не атрымліваю лістоў і не ведаю, ці даходзяць мае лісты тым, каму я працягваю рэгулярна пісаць, больш-менш стабільная паштовая сувязь застаецца толькі з бацькамі.

Але па рэдкіх паштовых галубах, якія не збіліся са шляху, рэгулярных мілых пасылках і смачных перадачах ведаю і адчуваю вашу падтрымку, за якую нязменна ўдзячны.

Я ведаю, што многія з сяброў і калег збіраліся наведаць мяне ў судзе, пасяджэнні якога па нашай справе пачынаюцца 6 чэрвеня; але суд над намі будзе закрытым «у мэтах невыдавання таямніцы, што ахоўваецца законам». Што гэта за таямніца, я пакуль не ў курсе, ужо вельмі яна ахоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за паўтара года, адкуль мне ведаць.

Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі, я не прызнаю сябе вінаватым у тым, у чым мяне абвінавачваюць.

На суд еду без лішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем:

Нарэшце ўбачу дарагіх мне людзей. Шкада, вядома, што ўбачу іх на лаве падсудных, але гэта сягоння папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся.

Ірына Леўшына — чалавек з добрым сэрцам і жалезнымі прынцыпамі, суперрэдактар, профі найвышэйшага ўзроўню. Дзіма Наважылаў — выключна прыстойны, абавязковы, спагадлівы і гатовы прыйсці на дапамогу (яшчэ адна яго бясспрэчная вартасць — ён заўзятар «Ліверпуля»). І Іра Злобіна — чалавек з самым неверагодным спалучэннем дабрыні, розуму і прыгажосці ва ўсіх яе праявах, якое я сустракаў у жыцці.

Я шчаслівы чалавек. Толькі рэальны шчасліўчык мог трапіць у такую годную кампанію. Толькі рэальны шчасліўчык мог займець у сябры ўсіх вас — суграмадзян, калег і добрых людзей. Дзякуй вам за ўсё ваша цяпло, салідарнасць і падтрымку! З імі я адчуваю сябе абсалютна спакойна і ўпэўнена. Шкада, што я не магу асабіста павіншаваць маму з днём яе нараджэння, які яна будзе адзначаць на днях. Але мы ўсё абавязкова нагонім. Жыццё працягваецца. Мы працягваемся. Гісторыя — наша гісторыя — працягвае свой ход. Нічога не заканчваецца.

Пішам далей.
Абдымаю.
Аляксандраў».

Сёння пачынаецца суд па справе БелаПАНа

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру