Ілюстрацыйны здымак

«Гэта было маё першае каханне» 

Кацярына пазнаёмілася з Аляксандрам у 2020 годзе на пратэстах ва ўніверсітэце, пасля ў іх хутка завязаліся адносіны. Хлопец быў старэйшы за яе на 6 гадоў, дзяўчыне на той момант было 20. 

«Я ніколі ў жыцця не ўлюблялася. І ўжо нават не верыла, што магу. А тут ён. Першы раз мы пабачыліся на студэнцкім зборы, абмяркоўвалі, што нам трэба рабіць у сітуацыі, якая адбывалася ў краіне. 

Не ведаю, як вам патлумачыць, але мы адразу паглядзелі адно на аднаго, пачалі ўсміхацца, прабегла моцная іскра паміж намі. І гэта яшчэ нават не ведаючы, як каго завуць.

Потым даведалася, што ён вучыцца ў магістратуры. І яшчэ падумала, што нічога сабе, вучоны. Памятаю, што калі разыходзіліся, прабегла думка ў галаве, што мяне чакаюць з ім нейкія прыгоды. Вельмі прыгожы хлопец быў, нарасхват».

Як кажа Кацярына, жылі яны разам з гэтай іскрой доўгі час. Часта бачыліся, фліртавалі, але нічога далей за гэта не заходзіла. Дзяўчына вельмі моцна закахалася, стрымліваць сваіх пачуццяў больш не магла.

«Я бачыла, што я яму неабыякавая. Усе нашыя сябры пыталіся, калі мы пераспім, бо ўжо надакучылі так хадзіць і глядзець адно на аднаго. 

У мяне яшчэ была такая думка, што вось у яго праца дзяржаўная, а я больш у апазіцыі кручуся. Ён, безумоўна, быў за перамены, але ахвяраваць сваім жыццём дзеля гэтага не хацеў. 

Ілюстрацыйны здымак

Аднойчы, пасля чарговага абмеркавання, што мы, студэнты, можам зрабіць зараз для краіны, чым дапамагчы, я яго запрасіла да сябе ў госці. Ужо да гэтага часу я заўважала, што ён баіцца сур’ёзных адносін. Але і мне тады нічога такога не хацелася, бо не ведала, як складзецца маё жыццё.

Ён тады да мяне прыйшоў, і мы заняліся сэксам. Прычым без якой-небудзь папярэдняй камунікацыі. Дарэчы, ён быў першым хлопцам у маім жыцці. Было адчуванне, што мы настолькі «наразмаўляліся» і настолькі хацелі адно аднаго, што больш не маглі», — расказвае яна.

Пасля такой сустрэчы Кацярына і Аляксандр пачалі сустракацца часцей, але з камунікацыяй не атрымлівалася. Што хлопец, што дзяўчына былі вельмі занятыя: вучыліся і працавалі. 

«Так мы сустракаліся на сэкс і вячэру да пачатку вясны 2021-га, — кажа яна. —

Пасля я пачала заўважаць, што ён мае нейкі асаблівы статус ва ўніверсітэце. З адміністрацыяй шмат размаўляе, на дзяржаўных мерапрыемствах бывае. Не выказваецца, проста адседжваецца, але мяне гэта, канечне, закранула. Закаханасць была мацнейшай, не надта звяртала ўвагу на яго справы. Можа, трэба было.

Размаўлялі з ім, казаў, што не хоча з’яджаць з краіны. А мне ўжо было цяжка заставацца ў Беларусі, псіхалагічна цяжка. Якім жа наркотыкам ён для мяне стаў. Ніколі не думала, што можна быць такой залежнай ад чалавека». 

Так пара сустракалася да лета 2021-га. Потым Кацярыну пасадзілі на 20 сутак за ўдзел у мітынгу. Калі яна выйшла з Акрэсціна, вырашыла, што будзе з’яджаць з краіны. Ёй вельмі хацелася пачуць, што Аляксандр таксама паедзе з ёю, але так не здарылася. Хлопец застаўся ў Беларусі.

«Мы сустрэліся пасля маіх сутак. Я сказала, што буду з’яджаць, а ён проста спакойна гэта прыняў. Цяпер разумею, што адчувала ў гэтых адносінах я адна. У яго да мяне, мабыць, нічога не было. Проста сэкс», — тлумачыць дзяўчына.

Спачатку Кацярына паехала на месяц у адпачынак у Еўропу. Пасля думала вярнуцца ў Беларусь, а толькі потым з’ехаць канчаткова. 

«Памятаю, як я саджуся ў самалёт да Масквы, каб там перасадку зрабіць, і разумею, што я яго больш не ўбачу, што я не вярнуся, — плача Кацярына. — Як жа мне было балюча, гэта было маё першае каханне. 

Напісала яму паведамленне, што не буду вяртацца. Ён стаў пытацца, чаму. Адказала, што баюся. З таго часу мы і не бачыліся, прайшоў год. Для мяне, канечне, гэта расстанне стала трагедыяй. Ён яшчэ некаторы час нешта пісаў мне, але я сказала, што не трэба, хачу забыцца пра гэта ўсё». 

Забыць атрымалася ў Кацярыны не адразу. Дзяўчына змагла перажыць такое расстанне толькі праз паўгода. 

«Ведаеце, да гэтага дня ўспамінаю, як нам было класна. Ён мне вельмі падабаўся, у яго паводзіны не хлопца, а мужчыны. 

За гэты год у мяне нікога не было. І я цяпер яшчэ больш баюся ўлюбляцца». 

«У 2010-м на Плошчу цягнула я, а ў 2020-м ён мяне»

Ірыне і Аляксандру (імёны зменены) 32 гады. За апошнія некалькі год яны пераязджалі два разы. Спачатку з Беларусі ва Украіну, а потым адтуль у Польшчу.

Яны разам сядзелі на сутках у 2020-м, перажылі палітэміграцыю і сталі бежанцамі. Ірына кажа, пасля ўсяго гэтага яны дакладна не разыдуцца. Такія прыгоды толькі ўмацавалі іх адносіны. Дробязі, па якіх яны маглі сварыцца ў Мінску, адпалі.

«Памятаю, што ўсё на тэму рамонту не маглі дамовіцца. Яго мы рабілі пяць гадоў, не скончылі, з’ехалі. Столькі сварыліся! А цяпер мне дастаткова таго, што муж жывы і побач. У нас значна палепшалі адносіны пасля ўсяго гэтага. Сэнс спрачацца, што там якая-небудзь лыжка непамыта?» — дзеліцца яна.

Ілюстрацыйны здымак

Ірына пазнаёмілася са сваім будучым мужам у 2006 годзе ў летнім лагеры ў Еўпаторыі. Тады яны яшчэ былі падлеткамі. Каханне атрымалася на ўсё жыццё. 

Да 2021-га пара жыла ў грамадзянскім шлюбе, але з-за ад’езду вырашыла распісацца. 

«Неяк штамп у пашпарце не быў патрэбны. Што гэта змяняе? А вось ужо калі зразумелі, што будзем з’яджаць, вырашылі распісацца. Хацелі гэта зрабіць 25 сакавіка, але дата была занята, пайшлі 24-га. Ёсць сямейны жарт, што дзень няволі — 24 чысла, а Дзень Волі — 25 сакавіка», — усміхаецца жанчына. 

Малюнак, які зрабіў Аляксандр для Ірыны. Фота: асабісты архіў

Таксама Ірына «прывучыла» мужа сачыць за палітычнымі падзеямі ў краіне. Да знаёмства з жонкай ён гэтым асабліва не цікавіўся. У 2010-м Ірына пацягнула Аляксандра разам з сабой на пратэсты.

«Тады спрачаліся, ці трэба ісці на Плошчу, — успамінае Ірына. — Сашу ідэя не падабалася. Ён лічыў, што нічога не зменіцца ад таго, што мы выйдзем. Які сэнс? А я настойвала, што ўсё роўна трэба. І ён пайшоў, каб прыглядаць за мной. Але ўжо калі трапілі на Плошчу, то я больш кіпішавала, а ён быў спакойны.

Думаю, што на мяне паўплывалі гісторыі маіх дзядоў, якія былі рэпрэсаваныя ў савецкі час. Дарэчы, у тым жа 2010 годзе я пачала размаўляць на беларускай мове. Але доўга не пратрымалася, хутка зламалася. Зараз да гэтага вяртаюся». 

У 2020-м на мітынгі Ірыну ўжо вёў Аляксандр. Аднойчы іх разам затрымалі. 

«Гэта было 4 кастрычніка 2020 года. Мы з людзьмі стаялі ў счэпцы, вельмі цяжка было выцягнуць адтуль кагосьці. Тады амапаўцы сказалі, што жанчыны могуць ісці. А я засталася. Паглядзела на мужа і так вырашыла. Селі на 10 сутак разам. 

У мужа хранічны бранхіт, вельмі гучны кашаль. На Акрэсціна адно аднаго не бачылі, але я чула, як ён кашляе. Значыць побач, жывы. Пасля гэтага выпадку меня больш ніколі не раздражняў яго кашаль. 

Было вельмі міла, калі муж захацеў перадаць ліст са сваёй камеры ў маю. На жаль, мне яго аддалі толькі тады, калі я выходзіла. Там было некалькі радкоў, напісаныя алоўкам, на агрызцы паперы. Такія словы: «У мяне ўсё добра. А як ты там, мяў?» І намалявана маленечкае сардэчка», — згадвае яна. 

Не атрымалася толькі разам у Ірыны і Аляксандра перасекчы ўкраінска-польскую мяжу пасля пачатку вайны. 

«У машыне было адно вольнае месца. Я адправіла мужа, сама падумала, што я дзяўчынка, мяне падбяруць. Так і адбылося ў выніку. Ехалі чатыры дні. Толькі перапісываліся, пыталіся, як у каго справы. 

Я адчуваю, што мы будзем сварыцца, калі прыйдзе час вяртацца ў Беларусь. Яму камфортна ў любой краіне, ён больш касмапалітычны. Цяга да радзімы — гэта па маёй частцы. У мяне проста ёсць планы ў новай Беларусі. Хачу, напрыклад, выкупіць аўтазак, размаляваць яго яскравымі колерамі і прадаваць у ім хот-догі. Каб такім чынам «вылячыць» у людзях страх да іх. Муж падтрымлівае такую ідэю, але наконт вяртання ў яго ёсць сумневы», — падсумоўвае жанчына. 

«Заўсёды будзе момант спакусы, каб заняцца сэксам з кімсьці іншым»

Надзеі 38 гадоў. Яна з’ехала ў ЗША ў верасні 2021-га. Сям’я жанчыны атрымала грынкарту. 

Дачка Надзеі пераязджаць катэгарычна адмовілася: яна скончыла адзінаццаты клас і сабралася паступаць ва ўніверсітэт. У выніку муж застаўся ў Беларусі да моманту, пакуль іх дачка не стане паўналетняй. 

«Там дзейнічаюць абмежаванні па тэрмінах уезду па грынкарце, трэба было, каб нехта з нас абавязкова трапіў у ЗША. Прычына, па якой я вырашыла пераязджаць, — усе падзеі, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія два гады. Адчувала сябе ў нейкай клетцы. 

Ілюстрацыйны здымак

Муж працуе доктарам у Беларусі, поўная загружанасць зараз. І працу яму цяжка пакінуць, таму паехала я», — тлумачыць Надзея.

За гэтыя дзевяць месяцаў, што яна не бачылася з мужам, іх адносіны значна пагоршалі. На іх паўплывала адсутнасць сэксу. 

«За гэты час здароваму чалавеку можна з глузду з'ехаць, — кажа яна. — Цяжка захоўваць вернасць. Заўсёды будзе момант спакусы, каб заняцца сэксам з кімсьці іншым. Я сказала мужу, што калі ён з кімсьці пераспіць, то я нават пра гэта ведаць не хачу, няхай у гэтым плане толькі галаву на плячах мае. Гэта я аб тым, што трэба засцерагацца. Мабыць, тут нават мужчыну цяжэй.

Сама я жыву ў невялікім горадзе, дзе шмат рэлігійных людзей, і калі я пайду гуляць, то гэта адразу стане вядома мясцоваму грамадству. Не хачу, каб глядзелі коса. Тым больш спадзяюся, што ўжо праз некалькі месяцаў мы з мужам убачымся і будзем жыць разам».

Другая праблема, якая ўплывае на адносіны, — адсутнасць паўнавартаснай камунікацыі. Паміж Беларуссю і ЗША вялікая розніца ў часе, таксама бывае дрэнная сувязь.

«У цэлым мы заўсёды на сувязі ў Тэлеграме. Стэлефанавацца можам у лепшым выпадку раз на тыдзень, але звычайна радзей. У мяне тут дзве працы, а муж доктар, у яго шмат змен. Проста стараюся неяк адключыцца і думаць, як яно будзе, калі ён прыедзе. Жыву ў надзеі на хуткую сустрэчу. 

Я вельмі сямейны чалавек, не хапае тактыльнасці. Мне важна абдымацца. Тут грамадства зусім іншае, можна знак на сябе павесіць, што табе гэта трэба, і ўсе навокал будуць падыходзіць абдымаць. Але гэта не тое, не сям'я. Не хапае быць у асяроддзі людзей, якім я давяраю і люблю. Гэта ніяк не кампенсуеш», — расказвае яна. 

Пакуль Надзея не думала пра тое, што на адлегласці яны з мужам могуць разысціся. Яна лічыць, што з імі такое не адбудзецца. У іх вялікі стаж адносін — жанчына пазнаёмілася з будучым мужам, калі была падлеткам. Яна ведае яго ўжо 23 гады.

«Вядома, мы не застрахаваныя ад гэтага. Я ўлюблівая, але мой муж — адзіны чалавек, які можа быць. Для таго, каб расстацца са мной, у яго павінны быць вельмі сур'ёзныя адносіны. Могуць быць вольнасці, але на іх мне ўсё роўна. Мне дастаткова таго, што я называю яго сваім мужам, а ён называе мяне сваёй жонкай. Я не хачу заводзіць ніякіх іншых адносін, таму што гэтыя мне дарагія.

Я не ведаю, ці падабаецца майму мужу прыязджаць сюды, але ён збіраецца», — кажа яна. 

Адносіны з дачкой ў Надзеі таксама няпростыя. Дзяўчына хоча, каб маці была побач з ёй. 

«Дачка — складаны падлетак, не ведаю, ці разумее яна мае аргументы, чаму я тут, а яна там,

— перажывае жанчына. — Вядома, я хацела б, каб яна была тут. У Беларусі ў яе бойфрэнд, магчыма, яшчэ таму яна застаецца там. Спадзяюся, яна зразумее і даруе мне. Я гэта ўсё раблю для таго, каб у яе быў шанец нешта змяніць у жыцці. Не хачу, каб яна ўперлася ў тое, што мяняць нешта хочацца, а магчымасці няма».

Не прынялі выбар Надзеі і яе сваякі. Жанчына кажа, што яны не разумеюць яе матывы. 

​​«Для мяне гэта быў варыянт не падтрымліваць тое, што адбываецца ў Беларусі, — тлумачыць яна. — Родныя мяркуюць, што я няправільна зрабіла. Кажуць, трэба жыць у сям'і».

 Чытайце таксама: 

«У маім асяроддзі шмат людзей, у якіх элементарна няма сэксу месяцамі, а то і гадамі»

У Беларусі антырэкорд нараджальнасці. Спыталі ў маладых людзей, чаму яны не гатовыя да дзяцей

Клас
23
Панылы сорам
23
Ха-ха
31
Ого
51
Сумна
46
Абуральна
52

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру