Крыніца: Mimzy May/publicdomainpictures.net

У 1993 годзе вытворца алоўкаў Crayola правёў цікавае апытанне: ён папрасіў дзяцей, назваць іх любімы колер алоўка. Большасць выбралі даволі стандартны сіні колер, але тры іншыя адценні сіняга таксама ўвайшлі ў топ-10 спісу.

Праз сем гадоў фірма паўтарыла свой эксперымент. Ізноў сіні заняў першае месца, у той час як шэсць іншых адценняў сіняга ўвайшлі ў топ-10.

Дамінаванне сіняга колеру ў такіх спісах не здзіўляе Ларэн Лабрэк, дацэнта універсітэта Род-Айленда, якая вывучае ўплыў колеру на маркетынг. Яна часта просіць вучняў на занятках назваць іх любімы колер. Пасля таго, як яны адкажуць, яна націскае на сваю прэзентацыю.

«У мяне ўжо ёсць слайд, на якім напісана»: 80% з вас назвалі сіні», — кажа ім Лабрэк. Гэта сапраўды так.

«Калі мы становімся дарослымі, нам усім падабаецца сіні колер. Падобна на тое, гэта міжкультурная з'ява, і вялікай розніцы паміж краінамі няма — людзям проста падабаецца сіні колер». А Японія — адна з нешматлікіх краінаў, дзе людзі ставяць белы колер у тройку любімых.

Наш выбар любімага колеру — гэта тое, што, як правіла, з'яўляецца ў дзяцінстве. Спытайце ў любога дзіцяці, які ў яго любімы колер. Паводле даследаванняў, немаўляты маюць шырокія і даволі супярэчлівыя перавагі ў дачыненні да колераў, але аддаюць перавагу больш светлым адценням.

Але чым дзеці старэйшыя, тым мацней развіваецца ў іх прыхільнасць да пэўных колераў, заснаваная на тым, з чым яны сутыкаліся, і асацыяцыях, з якімі гэтыя колеры звязваныя. Дзеці з большай імавернасцю звязваюць яркія колеры, як аранжавы, жоўты, фіялетавы або ружовы, са станоўчымі, а не з адмоўнымі эмоцыямі.

Даследаванне, у якім узялі ўдзел 330 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 11 гадоў, паказала, што яны выкарыстоўвалі свае любімыя колеры, калі малявалі «мілага» персанажа, і, як правіла, выкарыстоўвалі чорны, калі малявалі «непрыемнага» персанажа, хоць іншыя даследаванні не змаглі знайсці такіх сувязяў, таму эмацыйныя асацыяцыі і колер далёкія ад адназначных.

Сацыяльны ціск, да прыкладу, імкненне, каб дзявочыя адзенне і цацкі былі ружовымі, таксама аказвае моцны ўплыў на выбар колеру па меры сталення дзяцей.

Прынята лічыць, што, калі дзеці ўступаюць у падлеткавы ўзрост, іх выбар колеру набывае больш цёмнае, змрочнае адценне, але існуе не так шмат навуковых даследаванняў, якія пацвярджаюць гэта. Напрыклад, было выяўлена, што дзяўчатак-падлеткаў у Вялікабрытаніі прыцягваюць пурпурныя і чырвоныя колеры, у той час як хлопчыкі аддаюць перавагу зялёным і салатавым. Адно даследаванне выбару колеру спальні брытанскімі хлопчыкамі — падлеткамі паказала, што яны, як правіла, выбіраюць белы, у той час як у якасці ўлюблёных колераў яны паказалі чырвоны і сіні.

Каляровыя палітры, відаць, збліжаюцца па меры сталення людзей. Цікава, што, хоць большасць дарослых кажуць, што аддаюць перавагу сінім колерам, ім, хутчэй за ўсё, таксама не падабаецца адзін і той жа колер: цёмны жоўта-карычневы звычайна найменш папулярны.

Крыніца: Stephen and Helen Jones from England/wikimedia.org

Але чаму ў нас ёсць улюбёныя колеры? І што рухае гэтымі перавагамі?

Папросту: мы любім колер тых з'яў і рэчаў, якія нам падабаюцца.

Прынамсі, такая сутнасць тэорыі экалагічнай валентнасці, якую высунула дацэнт кафедры псіхалогіі ў Універсітэце Вісконсін-Мэдысан ў ЗША Карэн Шлос і яе калегі. Іх эксперыменты паказалі, што ўсе колеры далёка не нейтральныя. Людзі дадумваюць для іх сэнс, у асноўным узяты з досведу, і такім чынам ствараюць асабістыя прычыны, каб знайсці колер, які іх вабіць або абштурховае.

Па меры таго, як назапашваюцца новыя асацыяцыі — у выніку штодзённага ўздзеяння навакольнага свету або штучна, шляхам наўмыснага вывучэння, мяняецца і тое, што мы любім або не.

Шлос ўдасканаліла гэтую тэорыю з дапамогай некалькіх эксперыментаў, у тым ліку ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. Яна і яе калегі паказвалі добраахвотнікам каляровыя квадраты на экране і прасілі іх ацаніць, наколькі яны ім спадабаліся. Пасля даследчыкі сыходзілі, намякаючы на пачатак новага эксперымента.

Яны вярнуліся і зноў паказалі тым жа добраахвотнікам каляровыя выявы, але замест простых каляровых квадратаў там былі аб'екты. У кожным малюнку дамінаваў адзін з чатырох колераў.

У якасці кантрольных выкарыстоўваліся выявы жоўтага і сіняга колеру: на іх былі намаляваныя нейтральныя прадметы, такія як стэплер або адкрутка.

А чырвоныя і зялёныя фатаграфіі былі наўмысна скажоныя. Палова ўдзельнікаў бачыла чырвоныя выявы, якія павінны былі выклікаць станоўчыя ўспаміны, такія, як сакавітыя клубніцы або ружы на Дзень святога Валянціна, у той час як зялёныя малюнкі, якія ім паказвалі, выклікалі агіду, напрыклад, выявы слізі або балотнай ціны.

Іншая палова ўбачыла набор, які перакуліў гэтыя асацыяцыі: чырвоныя свежыя раны на кантрасце з зялёнымі пагоркамі або ківі.

Зноў правёўшы тэст на каляровыя перавагі, Шлос і яе каманда ўбачыла змяненне ў перавагах. Выбар добраахвотнікаў зрушыўся ў бок таго колеру, які быў станоўча акрэслены, у той час як колькасць адмоўных адценняў паменшала нязначна.

На наступны дзень яна прынесла іх назад і зноў правяла тэсты, каб праверыць, ці захавалася гэта перавага за ноч — але гэтага не адбылося. Па словах Шлос, зрух, выкліканы эксперыментам, быў перакрыты колерамі, якія ўдзельнікі бачылі ў рэальным свеце.

Праца Шлос над перавагамі колераў таксама можа патлумачыць пазіцыю сіняга колеру як шырока распаўсюджанага фаварыта. Панаванне сіняга працягваецца бесперапынна з самых ранніх зарэгістраваных даследаванняў колеру, якія праводзіліся ў ХІХ стагоддзі. І большасць нашых уражанняў ад гэтага колеру, хутчэй за ўсё, будуць станоўчымі: марская роўнядзь або яснае неба. Яе праца таксама дае ключ да разумення таго, чаму брудна-карычневы колер так ненавідзяць: ён асацыюецца з біялагічнымі адкідамі або гнілымі прадуктамі.

Псіхолаг-эксперыментатар Даміцэле Ёнаўскайце кажа, што тэорыя экалагічнай валентнасці зацвердзіцца вельмі хутка. Яна вывучае кагнітыўныя і афектыўныя канатацыі колеру ва ўніверсітэце Лазаны, Швейцарыя, і вывучала, як хлопчыкі і дзяўчаткі ўспрымаюць сіні і ружовы — яны выказваюць і дэманструюць засвоеныя каляровыя перавагі ў раннім узросце.

Любоў дзяўчынак да ружовага колеру фарміруецца паступова, дасягаючы піку ў раннім школьным узросце — прыкладна ў пяць ці шэсць гадоў, — а затым спадае да падлеткавага ўзросту.

«Але хлопчыкі пазбягаюць ружовага колеру з ранняга ўзросту, па меншай меры, з пяці гадоў або каля таго. Яны думаюць: «Мне можа падабацца любы колер, толькі не ружовы». Калі хлопчыку падабаецца ружовы колер, то гэта ўжо маленькі бунтар», — кажа яна. «А сярод дарослых мужчынаў цяжка знайсці каго-небудзь, хто скажа: «ружовы — мой улюблёны».

Некаторыя даследчыкі ў мінулым меркавалі, што асаблівая любоў да колераў з'яўляецца эвалюцыйнай: згодна з гэтай тэорыяй, жанчыны працавалі ў таварыствах паляўнічых-збіральнікаў, і таму ім трэба было аддаваць перавагу кветкам, якія асацыююцца з ягадамі. Гэта поўная лухта, кажа Ёнаўскайце, якая цытуе некалькі нядаўніх работ, прысвечаных каляровым перавагам у неглабалізаваных культурах — напрыклад, вёсках у перуанскай Амазоніі і групах збіральнікаў ў паўночных раёнах Рэспублікі Конга. Ніводны з іх дзяцей жаночага полу не выяўляў перавагі да ружовага колеру.

Крыніца: Jonathan Cutrer/flickr.com

«Каб мець такую перавагу або непрыязнасць для хлопчыкаў, гэтая агіда павінна быць закадыфікаваная ў сацыяльнай ідэнтычнасці», — кажа яна.

І насамрэч ружовы лічыўся стэрэатыпна мужчынскім колерам да 1920-х гадоў і стаў асацыявацца з дзяўчатамі толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Нават самыя маленькія дзеці могуць успрымаць і ацэньваць колер, мяркуе Эліс Скелтан, якая дапамагае кіраваць Sussex Color Group & Baby Lab ва ўніверсітэце Сасэкса ў Вялікабрытаніі. Ейнае поле інтарэсаў — немаўляты і дзеці, і яна імкнецца лепш зразумець, як любоў да колераў у дзяцей пераходзіць у эстэтычныя перавагі ў больш познім узросце.

«Гэта забабоны, што дзеці не бачаць колеру з нараджэння — яны яго бачаць», — кажа яна, адзначаючы, што развіццё вачэй нераўнамернае. Рэцэптары, якія ўспрымаюць зялёны і чырвоны колеры, больш развітыя пры нараджэнні, чым тыя, якія апрацоўваюць сіні і жоўты колеры.

«Ідэя экалагічнай валентнасці дакладная нават для самых маленькіх. Дзеці будуць звяртаць увагу на колер толькі тады, калі з ім звязана пэўная функцыя. Яны не будуць па-сапраўднаму звяртаць увагу на колер, пакуль не навучацца чаму-небудзь з гэтага», — кажа Скелтан.

Уявіце, што ёсць дзве бутэлькі. Адна зялёная, другая ружовая. Зялёная бутэлька змяшчае смачную вадкасць, ружовая — кіслую сумесь. Дзеці заўважаць і запомняць гэтыя колеры, бо распазнаванне іх адрозненняў дае кагнітыўны бонус. «Гэта падобна на тое, як мы адразу вылучаем спелы банан сярод няспелых», — кажа Скелтан.

А пераспелы банан, вядома, можа быць жаўтлява-карычневым, таго ж адцення, якога грэблівыя дарослыя звычайна пазбягаюць пры лабараторных тэстах.

Скелтан прапануе суцяшэнне ўсім, чые каляровыя перавагі не адпавядаюць дамінуючаму правілу сіняга. Тыя, каго прыцягваюць непапулярныя адценні, могуць быць прадуктамі пэўнага перыяду, якія захоўваюць пазітыўныя ўспаміны з дзяцінства.

Але ёсць і іншая інтрыгоўная імавернасць. Большасць людзей цягнуцца да візуальнай гармоніі, задавальнення і лёгкіх адчуванняў, якія выклікае пазітыўны сіні колер.

«Магчыма, справа ў тым, што пакуль адны спрабуюць дасягнуць гармоніі, іншыя шукаюць вострых адчуванняў. Гэта падобна на тое, як людзі бываюць жаўрукамі або совамі, — кажа яна, — Падумайце пра мастакоў, чыя асноўная праца — шукаць тое, што кідае выклік зрокавай сістэме або эстэтычным перавагам».

Гэтыя людзі дакладна не абяруць сіні аловак.

Клас
27
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру