Рахунак быў адкрыты на пачатку лютага па запыце Беларускай калійнай кампаніі. Пасля гэтага на яго быў пералічаны першы плацеж на 23 мільёны даляраў у эквіваленце, аднак расійскі Сбербанк да гэтага часу не змог яго апрацаваць, вынікае з ліста IPL на адрас банка.
У дакуменце ад 23 мая гаворка ішла пра тое, што толькі «нязначная» сума ў рупіях была канвертаваная ў рублі для аплаты беларускага калію.
Паводле інфармацыі крыніцы Reuters, на завяршэнне транзакцыі паўплывалі ўведзеныя супраць Расіі санкцыі, а дакладней, адключэнне банкаў ад SWIFT. Па словах трох крыніц агенцтва, урад Індыі «будзе праяўляць асцярожнасць пры стварэнні любога механізму плацяжоў у рублях і рупіях да таго часу, пакуль ва Украіне ідуць жорсткія баі».
У снежні 2021 года ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларускай калійнай кампаніі, а Еўрасаюз нядаўна таксама ўвёў абмежаванні супраць «Белкалія» і яго трэйдара БКК.





