Украіна ў мінулым годзе сабрала рэкордныя 107 мільёнаў тон збожжа, для параўнання Беларусь — толькі 7 мільёнаў. Фота: УНІАН

Украіна ў мінулым годзе сабрала рэкордныя 107 мільёнаў тон збожжа, для параўнання Беларусь — толькі 7 мільёнаў. Фота: УНІАН

«Гэтую ідэю закідвала Расія праз краіны Лацінскай Амерыкі і Афрыкі»

Ідэя выкарыстаць харчовую небяспеку як інструмент для зняцця санкцый з’явілася яшчэ ў лютым-сакавіку, кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Гэтую ідэю закідвала Расія праз краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі. І яны знайшлі падтрымку ў тых структурах ААН, якія займаюцца харчовай бяспекай. І некаторыя палітыкі, якія займаюцца не правамі чалавека, а менавіта харчовай бяспекай, падтрымалі гэтую ідэю. У тым ліку, і некаторыя асобныя палітыкі з ЗША.

Тры тыдні таму прайшлі перамовы ў ААН — пад ціскам шэрагу краін гэтая прапанова ўсё ж лягла на стол. 

Генсак ААН Гутэрыш тут пасярэднік, яго роля — пагаджаць бакі паміж сабою. Усё ж у ААН большасць складаюць не дэмакратычныя краіны, многія з іх не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, а некаторыя нават сімпатызуюць Расіі ў вайне з Украінай. 

Таму задача Гутэрыша тут — шукаць кампраміснае рашэнне. І калі нам яно падаецца амаральным, то многім краінам ААН яно падаецца часовым выхадам з крызісу». 

Але каб прыняць рашэнне пра транзіт збожжа і зняцце санкцый з Беларусі, трэба не толькі рашэнне ААН, Украіны, Расіі і Беларусі. Для гэтага патрабуецца рашэнне Еўрапейскага саюза, які ўвёў санкцыі супраць беларускага калію, і рашэнне Літвы, якая забараніла транзіт беларускіх тавараў.

«І вось гэта той самы пункт, дзе цяпер і адбываюцца дыскусіі: ці ўдасца пераламіць палітыкаў, якія ўвесь гэты час трымаліся паслядоўнай пазіцыі, каб яны пайшлі на саступкі адносна Лукашэнкі.

На мой погляд, — кажа Вячорка, — на саступкі не пойдуць, нягледзячы на гіганцкае, магутнае лобі, да якога далучаныя самыя розныя краіны: гэта і краіны трэцяга свету, і краіны, якія імпартуюць харчаванне, і краіны-экспарцёры.

Чаму гэта не пройдзе — калі б, тэарэтычна, гэта і адбылося, і з Лукашэнкі знялі б санкцыі, гэта б выставіла ўсю палітыку ЕС у змрочным святле і паказала б непрынцыповасць і непаслядоўнасць гэтай палітыкі. 

Я гэтыя дыскусіі бачу. Спачатку яны ўсіх напалохалі, але відаць, што ёсць тыя, хто будзе блакаваць [магчымасць зняцця санкцый з Беларусі] да апошняга».

За апошнія паўтара месяца, пералічвае Вячорка, яны правялі дзясяткі сустрэч на гэтую тэму. Днямі размаўлялі з Урсулай фон дэр Ляен, старшынёй Еўракамісіі, прэм’ерам Славакіі, міністрам замежных спраў Аўстрыі Шаленбергам, старшынёй Еўрапарламента Рабертай Мецолай. Апошняя на Еўрапейскай радзе 31 мая падняла пытанне аб тым, каб не было ніякіх здзелак з Лукашэнкам. 

«Мне здаецца, аўтары гэтай ідэі думалі, што ціха і без шуму правядуць яе. Бо гэта вялікае міжнароднае лобі, якое ў асноўным складаецца з імпарцёраў і экспарцёраў харчавання.

Але, напрыклад, Італія дапускае такую магчымасць. І зразумела, чаму, бо яны баяцца хвалі мігрантаў, у іх ёсць свае падставы. Так жа і Грэцыя. Ведаю, што Бразілія актыўна падтрымлівае гэтую ідэю

[Бразілія купляла беларускія калійныя ўгнаенні па камфортных цэнах — НН]. 

Лукашэнка з Пуціным разыгралі вельмі моцную карту, і тут ужо ад нашай умелай дыпламатыі і прынцыповасці заходніх палітыкаў будзе залежыць, паб’ём мы гэтую карту ці не. Але калі такая ідэя і рэалізуецца, то яна мусіць уключаць у сябе больш умоваў — інакш атрымліваецца, што Лукашэнка выйграе, нічога не робячы. Патрэбнае як мінімум спыненне рэпрэсій, закрыццё палітычных справаў і вызваленне людзей з турмаў. Вось тады санкцыі могуць быць прыпыненыя.

А проста здымаць санкцыі пад шантажом — не тая палітыка, якую праводзіў ЕС і Захад апошнія гады», — кажа Вячорка.

Ён запэўнівае: без згоды штаба Ціханоўскай санкцый ніхто не зніме. «Пазіцыя Ціханоўскай сфармуляваная. У нас тры асноўныя патрабаванні: вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, прыцягненне вінаватых да адказнасці, правядзенне новых свабодных выбараў.

І калі мы кажам пра прыпыненне санкцый ці частковае зняцце іх, то гэта мусіць суправаджацца вызваленнем усіх палітвязняў, спыненнем рэпрэсій, усе беларусы павінны мець магчымасць вярнуцца ў Беларусь. І ўсе палітычныя справы мусяць быць закрытыя. 

Нашыя ўмовы абсалютна ясныя: санкцыі ўводзіліся не праз харчовы крызіс, а праз тэрор і рэпрэсіі. І здымаць іх можна толькі пасля вырашэння гэтых пытанняў. Калі Лукашэнка вызваліць усіх палітвязняў, тады добра, можна абмяркоўваць, але нават не зняцце — прыпыненне санкцый».

Верагоднасць зняцця санкцый з Беларусі ў абмен на транзіт збожжа Вячорка ацэньвае на сёння ў 20%.

«Тое, што цяпер Украіна, Расія і Турцыя ўзгадняюць вываз збожжа праз порт Адэсы — мы падтрымліваем. Бо гэта вырашэнне праблемы. А транзіт праз Беларусь — імітацыя, а не вырашэнне, гэта толькі паглыбіць праблемы».

«Калі Беларусь разлічвае на прыпыненне санкцый, ёй трэба пачынаць з ваенных пытанняў»

Каміль Клысінскі, галоўны спецыяліст па Украіне, Беларусі і Малдове польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW), ставіцца да перспектывы зняцця санкцый з Беларусі яшчэ скептычней:

«Сітуацыя напружаная, асабліва з пункту гледжання харчовай бяспекі. Увесь свет занепакоены тым, што можа адбыцца на харчовых рынках са збожжам у сувязі з вайной (спецаперацыяй называць гэта не будзем ні ў якім разе).

Гэта стварае спрыяльны фон для спробаў Беларусі выйсці з-пад санкцый. Тут ідзе расійска-беларуская гульня.

Не трэба ілюзій, што Лукашэнка на гэты момант у стане весці цалкам самастойную гульню з Захадам — ужо не той час.

Лукашэнка цяпер настолькі залежны ад Расіі ва ўсіх сферах (ад эканомікі і фінансаў да знешняй палітыкі і бяспекі), што вымушаны каардынаваць свае дзеянні з Масквой. І ён гэта робіць, мы бачым гэта па выступе Лукашэнкі і па словах Пуціна, які падтрымаў ідэю транзіту збожжа праз Беларусь.

Але я не бачу на гэты момант жадання ісці насустрач такім прапановам з боку ЕС і ЗША. Гэта немагчыма, бо Беларусь не выконвае ўмовы для аднаўлення дыялогу: не спрыяе вываду са сваёй тэрыторыі расійскіх войскаў, не вызваляе палітвязняў, не вядзе дыялог з апазіцыяй. Такім чынам, няма падстаў для таго, каб здымаць санкцыі з Беларусі, нават для таго, каб іх прыпыняць».

Клысінскі падкрэслівае, што рашэнні і прапановы Мінск прымае не самастойна, а пад кантролем Масквы. Але навошта Пуціну падтрымліваць транзіт збожжа праз Беларусь?

«Гэта адзін са шматлікіх напрамкаў стратэгіі Расіі. Мэта простая — перакласці адказнасць за харчовы крызіс на Захад. Маўляў, мы прапанавалі рашэнне, але Захад не хоча, — тлумачыць эксперт. — Ствараць напружанасць Масква вельмі любіць.

Яна заўсёды намагаецца раскалоць Захад, знайсці адрозненні ў інтарэсах краін і выкарыстоўваць іх. І цяпер Расіі падалося, што калі Гутэрыш выказвае зацікаўленасць беларускай прапановай, значыць, можна гнуць гэтую лінію і прасоўваць гэтае пытанне». 

Клысінскі адзначае, што адзіная структура, якая ўсур’ёз абмяркоўвае перспектывы транзіту збожжа праз Беларусь, гэта ААН. Але Гутэрыш не ўнікае ў спецыфіку адносін Беларусі з ЕС і ЗША — а гэтыя адносіны складаныя і напружаныя, сёння яны фактычна ў крызісе.

Неяк праціснуць рашэнне транзіту збожжа праз беларускую тэрыторыю ці пралабіраваць яго ААН не зможа, кажа Клысінскі, бо тут рашэнне будзе прымацца непасрэдна Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі.

«Таму мой прагноз сёння такі: Беларусь мае вельмі мала шанцаў на рэалізацыю галоўнай мэты, прыпынення ці зняцця санкцый па каліі. Бо акрамя таго, і Украіна сёння не гатовая разглядаць Беларусь як партнёра.

Ды і Беларусь сёння — другасны «фронт» для расійскай дыпламатыі. Галоўныя высілкі Крамля накіраваныя на перамовы з Турцыяй, арганізацыю транзіту збожжа на паўднёвым напрамку,

— заўважае Каміль Клысінскі. — Таму для зняцця ці прыпынення санкцый Беларусь мусіць паказаць, што можа весці самастойную палітыку, што яна выступае за мір ва ўсім свеце, як любіць паўтараць Лукашэнка. Для гэтага трэба, каб усе расійскія войскі пакінулі тэрыторыю Беларусі, каб Беларусь перастала быць вялікай ваеннай базай Расіі і пляцоўкай для атак на Украіну. І гэта толькі для пачатку, бо ёсць яшчэ пытанні палітвязняў і перамоваў з апазіцыяй. 

Але калі Беларусь разлічвае хаця б на прыпыненне санкцый, ёй трэба пачынаць з ваенных пытанняў. Вывад расійскіх войскаў з Беларусі сёння малаверагодны, чаму я і лічу, што на зняцце санкцый Беларусі спадзявацца не варта.

Пры гэтым беларускія ўлады мусяць разумець, што давер паміж імі і Захадам разбураны, і што давер паміж Мінскам і Кіевам таксама крытычна нізкі. Каб аднавіць гэты давер, спатрэбіцца шмат высілкаў, хутчэй за ўсё, аднавіць яго зможа толькі абраны дэмакратычным шляхам пераемнік, які кардынальна зменіць палітыку ваеннага супрацоўніцтва з Масквой. Бо Лукашэнка згубіў усё, што толькі мог, і ў вачах Захаду, і ў вачах Украіны».

Клас
30
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3