«Дадому» («Еvge») Нарымана Аліева — пранізлівая, шчымліва-кранальная драма пра пошук і знаходжанне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Мустафа жыве ў Крыме. Два яго сыны, Алім і Назім — у Кіеве. Назім гіне на вайне, і яго трэба даставіць на радзіму, не зважаючы на кошт, каб пахаваць менавіта там.

Фабула цягне на стандартнае роўд-муві, але сапраўды ўсё аказваецца куды складаней. Галоўная тэма фільма — не вайна, а нацыянальная і рэлігійная ідэнтычнасць.

Бацька, Мустафа, выглядае змрочным садыстам з безнадзейнымі патрыярхальнымі ўстаноўкамі ў галаве — ён страціў аднаго сына і патрабуе, каб другі, Алім, вярнуўся дадому і жыў у Крыме.

Калі сыну для гэтага трэба кінуць вучобу, пазбавіцца свайго кола зносін, сяброў — значыць, ён так і зробіць, пярэчанні не прымаюцца!

Падарожжа пачынаецца, і бацька з сынам, якія, здаецца, зусім не ведалі адзін аднаго, паступова збліжаюцца, праходзячы праз выпрабаванні на гэтым няпростым шляху.

Маркерам становіцца мова — спачатку бацька размаўляе на крымскататарскай (зрэшты, спачатку гэта не размова на роўных, а кароткія загады скрозь зубы), а сын адказвае яму на ўкраінскай. А чым далей — тым часцей размову на крымскататарскай вядуць ужо абодва. Яшчэ адзін маркер — стаўленне да рэлігіі.

У ролі бацькі Ахтэм Сейтаблаеў — таксама рэжысёр (яго фільмаў не бачыў, але абавязкова пагляджу, шмат пра іх чуў). І роля — вельмі моцная.

Мустафу пачынаеш люта ненавідзець — здаецца, ён гатовы зламаць сыну жыццё. Але калі яго героя пазнаеш бліжэй — пачынаеш суперажываць і яму, і таму шляху, які ён вымушаны быў прайсці, каб апынуцца дома. Як і ўвесь крымскататарскі народ. І разумееш, чаму ён гатовы шмат на што дзеля дасягнення тых мэтаў, што здаюцца яму святымі.

У фільме мноства цікавых культурных адсылак — галоўны герой паспее пабываць і Харонам, і Маісеем. Вельмі прыгожае кіно.

Ці змогуць яны выканаць задачу? Мустафа — цяжка хворы. Што будзе з ім? Якім з гэтай гісторыі выйдзе малодшы сын? Фінал фільма застаецца дастаткова адкрытым, але глядач разумее, што Алім ужо памяняўся. Назаўжды.

Лірычнае і глыбокае апавяданне. Фільм цяжкі, але глядзіцца на адным подыху. Цікавае спалучэнне роўд-муві: пагоні, бойкі, бандыты, карупцыя, а на іншым узроўні — адчайны канфлікт ідэнтычнасцяў.

Фільм з тых, які пакідае шнары на сэрцы, а асобныя сцэны — надоўга застануцца ў памяці.

Трэба будзе сачыць за далейшым творчым шляхам Нарымана Аліева. Калі ён здолее пазбегнуць «праклёну першага фільма» — ва Украіны можа зʼявіцца яшчэ адзін вялікі еўрапейскі рэжысёр. І, што не менш важна, гэта рэжысёр не толькі ўкраінскі, але і крымскататарскі.

Фільм удзельнічаў у конкурснай праграме Канскага кінафестывалю «Асаблівы погляд». 26-гадовы на момант выхаду карціны Нарыман Аліеў пасля яе выхаду стаў паўнапраўным чальцом Еўрапейскай кінаакадэміі.

Клас
17
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру