Сёння кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін адправіў у адстаўку ранейшага «прэм'ер-міністра» Аляксандра Ананчанку, прапанаваўшы яму «ўзначаліць развіццё дзяржсектара». А выканаўцам абавязкаў кіраўніка «ўрада ДНР» прызначаны Віталь Хацэнка.

Хацэнка — ураджэнец украінскага Днепрапятроўска (цяпер Дняпро), але ўсю кар'еру ён будаваў у Расіі, там вучыўся, там і працаваў. У 2013 годзе быў прызначаны міністрам энергетыкі, прамысловасці і сувязі Стаўрапольскага края, а ў 2019-м стаў дырэктарам дэпартамента прамысловай палітыкі і праектнага кіравання Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі.

Хацэнка — чалавек першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргея Кірыенкі, які з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну курыруе ў Крамлі самаабвешчаныя рэспублікі і іншыя акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі. Нездарма і прызначэнне Хацэнкі адбылася якраз у той час, калі Кірыенка прыехаў на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны з чарговай камандзіроўкай. 

Праўда, у такой кадравай палітыцы Расіі ў дачыненнях з самаабвешчанымі і нібыта прызнанымі ёй рэспублікамі нічога новага няма. Варта прыгадаць, што ў 2009—2012 гадах кіраўніком урада ўжо фармальна прызнанай Расіяй у якасці незалежнай дзяржавы Паўднёвай Асеціі быў расійскі чыноўнік Вадзім Броўцаў, які спецыяльна для гэтага туды прыехаў. А ў 2011—2012 гадах Броўцаў нават чатыры месяцы выконваў абавязкі «прэзідэнта Паўднёвай Асеціі». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру