Віталь Брагінец
Віталь Брагінец быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ зранку 23 мая на выхадзе з дома. Пазней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці».
Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак. На волю ён мусіў выйсці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося.
У сумесным лісце Lawyers for Lawyers і Савета адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі заяву з нагоды затрымання адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да адваката Андрэя Мачалава.
Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў у якасці адваката, а прад'яўленыя Мачалаву абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і хутчэй служаць незаконнаму спыненню яго законнай дзейнасці ў якасці адваката.





