Прэзідэнт Расіі падкрэсліў на сустрэчы з маладымі прадпрымальнікамі, што Пётр I у гады Паўночнай вайны нічога не адрываў у Швецыі, «ён вяртаў», піша ТАСС.

«Пётр I Паўночную вайну 21 год вёў. Здавалася б, ваяваў са Швецыяй і нешта там адарваў. Нічога ён не адрываў! Ён вяртаў», — сказаў Пуцін. Ён удакладніў, што гэта адносіцца да «ўсяго Прыладажжа, там, дзе сёння Пецярбург заснаваны».

Пуцін нагадаў, што, калі цар Пётр заклаў новую сталіцу, ніводная з краін Еўропы не прызнавала гэтую тэрыторыю за Расіяй. «Усе прызнавалі яе за Швецыяй, а там спаконвеку разам з фіна-вугорскімі народамі жылі славяне. Прычым гэтая тэрыторыя знаходзілася пад кантролем расійскай дзяржавы. Тое самае і ў заходнім кірунку. Гэта тычыцца Нарвы, яго першага паходу», — распавёў Пуцін.

Ён адзначыў, што з часоў Пятра І у сусветнай палітыцы мала што змянілася. «Мяркуючы па ўсім, на нашу долю таксама выпала вяртаць і ўмацоўваць [суверэнітэт краіны і яе спрадвечныя тэрыторыі], і калі мы будзем зыходзіць з таго, што гэтыя базавыя каштоўнасці складаюць аснову нашага існавання, мы, безумоўна, маем поспех у вырашэнні задач, якія перад намі стаяць», — сказаў Пуцін, правёўшы аналогію з эпохай Пятра І.

Клас
4
Панылы сорам
78
Ха-ха
14
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
53