Уладзімір Пуцін (злева) і Сяргей Сабянін, які працаваў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, а цяпер мэр Масквы. Фота: Коммерсантъ \ Дзмітрый Азараў

«Навіны пра цяжкія хваробы ў постсавецкіх кіраўнікоў з’яўляюцца апошнія гадоў дзесяць»

Беларускі палітолаг, дырэктар даследчага цэнтра EAST Андрэй Елісееў лічыць, што змена палітычнага рэжыму ў Расіі не абавязкова прывядзе да спынення вайны. На яго думку, нават магчымае паражэнне ў вайне супраць Украіны не гарантуе дэмакратычнага транзіту ўлады ў Расіі. 

Андрэй Елісееў. Фота: baj.by

«Такая магчымасць узнікае, калі кіруючы рэжым будзе зусім аслаблены і ў ім будзе існаваць умоўнае памяркоўнае крыло, а дэмакратычная апазіцыя будзе мець даволі моцныя пазіцыі. Пакуль гэтага не назіраецца. Памяркоўныя лічаць за лепшае маўчаць, а апазіцыю паслядоўна ачарняюць і маргіналізуюць. Але сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Расіі, імаверна, можа значна змяніцца ў агляднай будучыні, таму магчымыя ўсякія сцэнарыі», — лічыць палітолаг.

Елісееў таксама заўважае, што не варта надаваць шмат увагі тэме здароўя Пуціна.

Сенсацыйныя навіны пра цяжкія хваробы ў постсавецкіх кіраўнікоў перыядычна з’яўляюцца ў інфармацыйнай прасторы апошнія гадоў дзесяць.

«Не варта недаацэньваць дасягненні сусветнай медыцыны, да якой кіраўнікі дзяржаў маюць доступ», — кажа Андрэй Елісееў.

Палітолаг лічыць, што пры разглядзе кандыдатуры магчымага пераемніка галоўным фактарам, які будзе ўплываць на сітуацыю, мае значэнне не прозвішча чалавека, а яго прыналежнасць да сілавога лагера, як Віктар Золатаў (камандуючы войскамі Расгвардыі, аналаг нашых Унутраных войскаў), ці да «цывільных», як Вячаслаў Валодзін (старшыня Дзярждумы). 

Што тычыцца запыту на дэмакрытызацыю Расіі з боку насельніцтва, то, на думку Елісеева, сацыялагічная карціна ў РФ вельмі адрозніваецца ад беларускай.

«У Беларусі запыт на перамены і дэмакратызацыю дамінуе ў грамадстве і з’яўляецца нашмат большым, чым у РФ. Але гэта не азначае, што запыту на іншы ўнутрыпалітычны і замежнапалітычны курс сярод жыхароў Расіі няма.

Як сведчаць навуковыя даследаванні, недаацэньваецца частае свядомае ўтойванне і перайначванне рэспандэнтамі сваіх крытычных думак пра афіцыйны лад. Да таго ж, сацыяльна-палітычныя падзеі са спазненнем адбіваюцца на грамадскай думцы, асабліва ва ўмовах задушэння доступу да незалежных СМІ і прапагандысцкага беззаконня. Таму ўжо ўвосень стаўленне да бягучага ўладнага курсу ў Расіі можа быць, груба кажучы, 50/50, а не 80/20, як гэта даводзіць афіцыйная сацыялогія», — мяркуе эксперт. 

Калі разважаць пра жыццяздольнасць рэжыму Лукашэнкі, то яго пазіцыі могуць пахіснуцца і безадносна варыянту палітычнага транзіту ў Расіі. Дастаткова будзе Маскве прыпыніць ці значна зменшыць палітычную і фінансавую падтрымку Лукашэнкі. У такім выпадку яго кіраванне аўтаматычна ўступае ў фінальную (верагодна, вельмі кароткую, але наўрад ці бяскроўную) стадыю, адзначае Елісееў.

Падтрымка Крамля — гэта адзін з трох слупоў кіравання Лукашэнкі, разам з кантролем над мясцовым сілавым апаратам і цэнтралізаванай вертыкаллю ўлады, кажа Елісееў.

Іншым чыннікам, які, на думку палітолага, можа паўплываць на пазіцыі Лукашэнкі, з’яўляюцца інтэграцыйныя праекты, якія былі падпісаныя ў лістападзе 2021 года.

Скрыншот з відэа

«Да канца 2023 года беларускія прававыя нормы ў найважнейшых сферах мусяць быць прыведзеныя да расійскіх. На практыцы гэта створыць пераданэксійную сітуацыю, якая патэнцыйна аслабіць палітычнае становішча Лукашэнкі, не гаворачы ўжо пра пагрозу беларускай дзяржаўнасці», — кажа Андрэй Елісееў.

«Змена Пуціна па ініцыятыве знізу — вельмі малаверагодная»

Расійскі палітычны аглядальнік Максім Трудалюбаў мяркуе, што змена чалавека, які стаіць на чале Расіі, сапраўды можа дапамагчы спыніць вайну. Зрэшты, на хуткія перамены ў Крамлі надзей цяпер мала.

Максім Трудалюбаў, аглядальнік газет «Ведомости» і NYT. Фота: скрыншот «Ток»

Змену Пуціна па ініцыятыве знізу Трудалюбаў лічыць вельмі малаімавернай, паколькі цяперашнія расійскія ўлады любы несанкцыянаваны грамадскі рух ўспрымаюць як рэвалюцыйны і дзейнічаюць адпаведным чынам. Крытычнай масы людзей, гатовых да небяспечных для сябе калектыўных дзеянняў, у Расіі цяпер няма.

Разважаючы пра тое, ці ёсць сур'ёзны запыт на змену ўлады сярод насельніцтва, гаварыць пра дакладныя лічбы ў бягучай сітуацыі эксперт лічыць амаль немагчымым.

«Спадзявацца на даныя афіцыйных апытанняў мы дакладна не можам па цалкам відавочных прычынах. Але ў той жа час заўважна, што ў гэтай вайны няма столькіх прыхільнікаў, як гэта было з анексіяй Крыма. Гэтая вайна значна менш папулярная, магчыма, што яе прыхільнікі і праціўнікі дзеляцца ў прапорцыі 50/50. А для таго, каб даведацца, што сапраўды думаюць расіяне, то ім спачатку на год трэба адключыць прапаганду, а потым ужо пытацца пра іх меркаванне», — лічыць эксперт.

Змена лідара ў выніку палацавага перавароту больш верагодная, але і з гэтым ёсць праблемы. На думку Трудалюбава, у часткі так званай расійскай эліты ёсць запыт на змену Пуціна. Але зрабіць гэта ў персаналісцкай аўтарытарнай сістэме, якая перайшла ў дыктатарскую, вельмі складана.

«Гэтая сістэма выбудоўвалася вакол адной фігуры, прычым так, каб змена лідара была практычна немагчымай. І тут нават не гэтак важна, колькі ў яго ўлады. Важней, што ўсе астатнія разлічваюць на яго. Такі лідар забяспечвае эліту матэрыяльна, дае ім абарону ад пераследу, што немалаважна, калі яны ў дадатак да ўсяго сталі цяпер яшчэ і патэнцыйнымі ваеннымі злачынцамі.

Гэта своеасаблівая кругавая парука. У выніку мы маем сітуацыю, калі, з аднаго боку, яны могуць хацець змены ўлады, а з другога — так павязаныя з Пуціным, што існаванне гэтага рэжыму становіцца для іх жыццёва неабходным», — заўважае эксперт.

Трудалюбаў адзначае, што незадаволеныя палітыкай Пуціна дзеляцца на два асноўныя лагеры:

«Калі браць незадаволеных сілавікоў, то яны маюць пытанні да тэмпаў вайны, таго, як яна вядзецца. У іх разуменні трэба быць больш рашучымі, ісці на Кіеў.

Іншы блок незадаволеных — гэта тыя, хто выступае за мірнае развіццё ваеннага канфлікту.

Гэта дзве асноўныя «партыі» сярод эліт, хоць кожная ў сваю чаргу складаецца з мноства іншых груп. Я не ўпэўнены, што яны могуць хутка прыйсці да кансэнсусу і знайсці кандыдата, які задаволіць усе бакі. Акрамя таго, у эліт няма пляцоўкі для дыялогу і няма даверу адно да аднаго, так што сустрэцца і пагаварыць на самую важную для краіны тэму яны проста не могуць».

Максім Трудалюбаў вылучае па некалькі персон, якія маглі б прыйсці на змену дзейнаму прэзідэнту.

«З «партыі міру» — гэта могуць быць Сяргей Сабянін і Міхаіл Мішусцін, да якога ў выпадку чаго і павінна перайсці ўлада, калі прэзідэнт пакідае пасаду раней за тэрмін. Мішусцін вельмі асцярожна выказваецца з нагоды вайны.

Гэта тыя людзі, якіх сусветная супольнасць магла б прыняць у якасці часовых фігур, з якімі можна весці размовы пра мір.

З боку сілавікоў, або так званай «партыі вайны», гэта можа быць Мікалай Патрушаў, Дзмітрый Рагозін і нават Дзмітрый Мядзведзеў, які апошнім часам актыўна выказвае сваю радыкальную пазіцыю.

У адрозненне ад магчымых кандыдатаў ад «партыі міру», гэтныя персанажы лічаць, што заняць годнае месца ў свеце Расія можа толькі ваенным шляхам», — адзначае аглядальнік.

Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: Скрыншот з відэа

Пазіцыі партыі вайны пакуль моцныя, таму імавернасць заключэння перамір'я і тым больш мірнага дагавора ў найбліжэйшы час невялікая.

«Цяпер украінскае грамадства кансалідаванае і не гатовае саступаць, паколькі яно мае настрой на перамогу. Таму на гэтым этапе Зяленскі не можа пайсці на перамовы і пагадзіцца на саступкі, бо грамадства гэтага не прыме, хоць у гэтым і ёсць пэўны сэнс. Вайна вядзецца на тэрыторыі Украіны, і ў першую чаргу ад ваенных дзеянняў цярпіць яе насельніцтва і інфраструктура.

Украінцы справядліва хочуць вярнуць усе свае тэрыторыі і пакуль не гатовыя мірыцца з іх адрыманнем. Але страта захопленага для Пуціна смерці падобная.

Фота: АР

Гэта значыць, што, з аднаго боку, ёсць украінцы, не гатовыя ісці на саступкі, якія патрэбныя для перамоваў, а з другога — тыя краіны, ад якіх залежаць гарантыі бяспекі. Лідары гэтых краін мараць пра тое, каб вайна скончылася, але не стануць сядаць з Пуціным за стол перамоваў. Таму Расіі патрэбны іншы лідар», — падсумоўвае аглядальнік.

Чытайце таксама:

Лукашэнка назваў Бярдзянск і Марыупаль «вызваленымі»

«Не ведаеш адказу на пытанне — расказвай гімн». Хто трапляе на працу ў ізалятары часовага ўтрымання

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру