Вось тэрыторыя, на якой, згодна з Акадэмічным атласам, ужывалася слова «гэны» ў гаворках па стане на ХХ стагоддзе.

Перыядычна пра слова «гэны» згадваюць у фэйсбучнай суполцы «Толькі пра мову».

«Далёкі — гэны, а блізкі — гэты», — тлумачыць знаўца беларускай мовы Юрый Пацюпа. І дадае: «Мабыць, у нейкай меры «гэны» адпавядае царкоўнаславянскаму «оный», мажліва, у іх і выток адзін у праславянскай мове. Выраз Маякоўскага «во время оно» я б перадаў «за часам гэным», хоць стыль тут і не супадае, у расіян гэта кніжны, чужы народнай мове выраз, а ў нас — супраціўны полюс — гутарковы стыль, і свой родны выраз».

«Гэты — значыць, гэты, а гэны — той. Так казала мая бабуля са Смаргоншчыны», — дадае Тамара Бунта.

«Гэны такі, гэны можа», — успамінае Святлана Куль.

«Гэты аўтобус наш, а гэны — на Серабранку», — прыводзіць прыклад Іван Грыгаровіч.

Слова «гэны» фіксавалася Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы як абласное з прыкладамі з Дубоўкі і Галавача. «Знішчалі войны ўсё мячом. Не гандляры і не князі тут абліваліся слязьмі, — тут гараваў працоўны люд ад гэных войн, ад гэных смут» і «[Гаспадар] змоўк на хвіліну, думаў, што Панас нешта адкажа на гэныя словы пра махорку, але не дачакаўся Панасавых слоў і працягваў гаворку сам».

Аднак ёсць і нюанс. 

«У некаторых гаворках ёсць яшчэ адна ступень блізкасці ўказальных займеньнікаў: гэты — пра тое, што бліжэй да таго, хто кажа, гэны — крыху далей, часам бліжэй да таго, каму кажуць той — што далей. І прыслоўі: гэтта (= тут), гэнам, там», — піша перакладчык і лінгвіст Сяргей Шупа.

«Акрамя таго «гэны» — ва ўсякім разе на Полаччыне — можа несці на сабе адценне непрыязнасці, адмоўнай ацэнкі, — успамінае кандыдат філалагічных навук, амбасадар Пётра Садоўскі і нагадвае. — Каб рабіць філалагічныя заключэнні, трэба захоўваць правілы «філалагічнай гульні». Асабліва гэта бачна пры этымалогіях, або пры ацэнцы прывязанасці слова да пэўнай мясцовасці: хто сказаў, карэнны ён ці «наезджы», узрост, адукацыя, мужчына ці жанчына (можа, з войска прывёз слова, можа, быў доўга на адходніцтве ў далёкіх краях. Бываюць нават «жаночыя» і «мужчынскія» словы».

Абмеркаванні правакуюць людзей і на ўспаміны.

«У нас у Мядзеле казалі: «Гэны гэнага піхнуў, гэны паваліўся». Тут акцэнт менавіта на гэным, бо ён не гэты, маўляў, падзея адбывалася недзе там, — піша былы супрацоўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. — Маладзечаншчына, Мядзельшчына, Смаргоншчына, а яшчэ і Вілейшчына — адзін край. Калі ў 1970-я з Мінска даязджаў да Маладзечна, то ўзнікала адчуванне, што ўжо амаль дома, а пасля Вілейкі і пагатоў».

Клас
71
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру