«Адправіцца на фронт? Дзякуй вялікі»

Першымі, да каго мы звярнуліся, былі дэпутаты Дзярждумы, што ў канцы лютага галасавалі за прызнанне «ДНР» і «ЛНР». Менавіта прызнанне самаабвешчаных рэспублік па сутнасці дало Расіі фармальнае права пачаць вайну.

Аднак прыхільнікі вайны на фронт не спяшаюцца. Леанід Слуцкі (54 гады), Пётр Талстой (52 гады), Сяргей Баярскі (42 гады) і Канстанцін Бахараў (49 гадоў) прачыталі пісьмовае пытанне і не адказалі.

40-гадовы дэпутат Уладзімір Бурматаў пасля прачытання паведамленняў у WhatsApp проста адправіў нумар карэспандэнта Бі-бі-сі ў чорны спіс.

Дэпутат Сяргей Бідонька (46 гадоў) выслухаў пытанне і паклаў слухаўку.

Але некаторыя — як, напрыклад, 30-гадовы дэпутат ад ЛДПР і віцэ-спікер Дзярждумы Барыс Чарнышоў — былі больш гаваркімі.

«Да УСУ далучыліся ўкраінскія палітыкі, культурныя дзеячы, журналісты. Ці не збіраецеся вы здаць мандат і падавацца на вайсковыя вакансіі Мінабароны?» ‒ запыталася карэспандэнтка Бі-бі-сі.

«Мы і так падтрымліваем узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі цалкам. Мы з групай дэпутатаў ад фракцыі ЛДПР былі ў Данецку нядаўна і ўсяляк працуем над тым, каб спецаперацыя наша працягвалася і мы перамаглі. Мы як дапамагалі, так і будзем дапамагаць узброеным сілам Данецкай рэспублікі і ўзброеным сілам РФ. У цэлым, у нас такі курс заўсёды быў, застаецца і будзе», — сказаў Чарнышоў.

Пасля ўдакладняючага пытання, ці не збіраецца ён далучыцца да войска, ён адказаў: «Дзякуй вялікі» ‒ і паклаў слухаўку.

А вось яго калега па партыі, першы намеснік кіраўніка фракцыі ЛДПР, 26-гадовы Васіль Уласаў заўважыў, што «калі будзе патрэба, будзе запыт, то, вядома [далучуся да расійскай арміі]».

«Будуць звароты ‒ пойдзем»

«Я не так даўно вярнуўся з Луганска з вялікай дэлегацыяй ЛДПР, якая там была з гуманітарнай місіяй. Мне здаецца, што дэпутаты [Дзярждумы] не ўсе служылі ў войску, хтосьці меў досвед службы і можа па кантракце цяпер пайсці служыць. Але ў асноўным усе імкнуцца знайсці магчымасць са свайго заробку [дапамагаць] або знаходзіць людзей, якія гатовыя аказаць гуманітарную дапамогу».

«Гэта значыць, вы пакуль не гатовыя скласці мандат і пайсці ваяваць?»

«Неабавязкова складаць мандат. Адам Дзелімханаў не складаў з сябе паўнамоцтваў дэпутата Дзярждумы», — адказаў Уласаў, маючы на ўвазе народнага выбранніка ад Чачні, які не проста рэгулярна з'яўляўся ў Марыупалі ў вайсковай форме са зброяй, але нават атрымаў ад прэзідэнта Уладзіміра Пуціна званне «Героя Расіі».

«Але вы гатовыя былі б, калі б патрэбна была ваша дапамога менавіта ў баявых дзеяннях?»

«Вядома, будуць на тое звароты, то пойдзем», ‒ паўтарыў свой адказ Уласаў.

Яшчэ аднаму маладому дэпутату Дзярждумы, 25-гадоваму Максіму Гуліну ад партыі «Новыя людзі», датэлефанаваўся дэпутат гарсавета Новасібірска Сяргей Бойка. Супрацоўніца ягонай каманды прадставілася работнікам ваенкамата і паскардзілася, што не можа ўручыць яму позву.

Гулін здзівіўся такому інтарэсу да яго персоны, так як, па яго словах, у яго ёсць адтэрміноўка ад войска на час навучання ў аспірантуры і працы дэпутатам.

«Наўрад ці я буду карысны»

Дэпутат Алег Матвейчаў (52 гады) ‒ адзін з аўтараў законапраекта аб павышэнні ўзросту для заключэння першага вайсковага кантракта. На пытанне, ці не хоча ён адправіцца на фронт, раз узроставая мяжа знятая, заявіў, што «для дэпутатаў узроставая мяжа ‒ не праблема».

Перашкодай, на ягоную думку, з'яўляецца пазіцыя спікера Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, які заявіў, што дэпутаты павінны працаваць у парламенце, а не ездзіць на Данбас.

«Тыя, хто мае адпаведную падрыхтоўку, яны ездзілі. Учора Дзелімханаў вярнуўся з раёна баявых дзеянняў, у якіх удзельнічаў. Дзелімханаў мае ваенную падрыхтоўку, ён можа і ездзіць [ваяваць]. Большасць дэпутатаў не з'яўляюцца ваеннымі прафесіяналамі», — працягваў ён.

«Вы самі не збіраецеся? ‒ пацікавілася карэспандэнтка Бі-бі-сі.

«Не, я дакладна не належу да [ваенных]. Я ў інфармацыйным камітэце знаходжуся, усё, што тычыцца інфармацыйнай палітыкі — калі ласка. Наўрад ці я буду карысны як вайсковец, тым больш ёсць велізарная колькасць добраахвотнікаў, якія і так з'яўляюцца прафесійнымі вайскоўцамі».

Нязручная тэма

Негатоўнасць да размовы дэманструе нязручнасць тэмы для расійскіх публічных фігур, якія падтрымліваюць вайну. Адна справа весці прапагандысцкія кампаніі, іншае ‒ рызыкаваць уласным камфортам.

Мадэль мабілізацыі, якая існуе ў Расіі, вымагае таго, што самыя паслядоўныя прыхільнікі вайны павінны як мага гучней крычаць аб яе справядлівым характары і «заклікаць згуртавацца вакол прэзідэнта», кажа філосаф і галоўрэд выдання «Новая газета. Еўропа» Кірыл Мартынаў.

Пры гэтым непасрэдна ў вайне ўдзельнічаюць і гінуць на фронце зусім іншыя людзі — у асноўным выхадцы з самых бедных рэгіёнаў Расіі, што, на думку Мартынава, адлюстроўвае існую сацыяльную сістэму:

«адным дастаюцца пахаванкі, іншым ‒ новыя бізнэс-магчымасці ва «ўмовах бягучай сітуацыі».

«Таму калі чалавеку, які публічна падтрымлівае вайну, прапануюць непасрэдна ў ёй удзельнічаць, гэта ўспрымаецца як парушэнне грамадскага парадку. Вайна ж не для іх першапачаткова прызначалася, у іх ёсць больш важныя і тэрміновыя справы. Чалавек, які прапануе ваяўнічаму прапагандысту або чыноўніку адправіцца на вайну, у вачах прыдворнага пуцінскага грамадства — відавочны правакатар або прасцяк, які не разумее, як уладкаваны свет», — кажа Мартынаў.

Але ёсць палітыкі, якія гатовыя паехаць на вайну. Акрамя Дзелімханава, пра якога згадаў Мацвейчаў, з дэпутатаў на вайну паехаў былы прэм'ер непрызнанай ДНР Аляксандр Барадай — на апошніх выбарах ён трапіў у парламент ад «Адзінай Расіі».

«Я камандую добраахвотніцкімі падраздзяленнямі, якія ваююць на лініі фронту. У мяне два батальёны і тры атрады — гэта больш за паўтары тысячы чалавек. Нашы часткі знаходзяцца на паўночным кірунку — раён Ізюма, раён Балаклеі. Я там ужо доўга, наколькі доўга — вас не тычыцца», — распавёў Барадай Бі-бі-сі.

«Я правільна зразумеў, што вы мне раіце адправіцца ў ваенкамат?»

Карэспандэнт Бі-бі-сі Андрэй Захараў ужо больш за месяц пытаецца ў публічных прыхільнікаў вайны ў сацсетках, ці не хочуць яны скарыстацца магчымасцю адправіцца на фронт, скарыстаўшыся вакансіямі Мінабароны.

Рэакцыя гэтых публічных фігур аналагічная адказам дэпутатаў. Напрыклад, былы прэс-сакратар «Антымайдана» Валерый Забароўскі проста заблакаваў Захарава ў «Твітэры». Гэтак жа зрабіў і кіраўнік Раскосмаса Дзмітрый Рагозін — яго карэспандэнт Бі-бі-сі спытаў, ці адправіў ён спасылкі на вакансіі Мінабароны свайму 38-гадоваму сыну Аляксею, які цяпер займае пасаду дырэктара ў малавядомай некамерцыйнай арганізацыі.

Рагозін праводзіць экскурсію па касмадроме «Усходні». Фота: АР

«Менш за ўсё мне патрабныя парады ад «журналіста» памыйніцы-Фантанкі», — так спачатку адрэагаваў на прапанову паехаць на вайну вядомы ў мінулым блогер, супрацоўнік «Фонду эфектыўнай палітыкі» і сябра клуба рэканструктараў «Маскоўскі грэнадзёр» Цімафей Шавякоў (ён меў на ўвазе мінулае месца працы Захарава — газету «Фонтанка.ру»). А потым таксама заблакаваў яго — але ў «Фэйсбуку».

У «Фэйсбуку» ішла дыскусія і з кіраўніком прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Турцыі Аляксандрам Сатнічэнкам, які ў інтэрв'ю «Комсомольской правде» па сутнасці заявіў, што пакуль адныя ідуць на фронт, «здраднікі» эмігруюць у Стамбул. «Выбачаюся, я правільна зразумеў, што вы мне раіце адправіцца ў ваенкамат?» ‒ крыху пагардліва ўдакладніў ён спачатку. А потым дадаў:

«Што ж тычыцца вашай прапановы [падпісаць кароткатэрміновы кантракт], я ў цяперашні час ужо знаходжуся на дзяржаўнай службе, дзяржава ведае дзе я і чым займаюся, калі палічыць, што мяне трэба накіраваць у армію — значыць пайду».

Лідар фракцыі «Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду» Сяргей Міронаў у адказ на прапанову адправіць спасылкі на воінскія вакансіі свайму сыну, заявіў, што той, маўляў, «дарослы і самастойны», таму сам вырашыць, што яму рабіць. Аднак пасля высветлілася, што яго сын ад першага шлюбу Яраслаў ‒ супраць вайны, пра што не баіцца пісаць у сацсетках.

«Сваю пазіцыю асабіста я яму паведаміў яшчэ ў сакавіку, ён пра яе ведае. Неяк гэта абмяркоўваць ён не стаў, проста ветліва скончыў размову», — распавёў Яраслаў Міронаў Бі-бі-сі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру