Усе фота: mlyn.by
Сям'я часова жыве ў арэндным доме і будуе свой. Згарэлы дом Кагадоўскія вырашылі не аднаўляць, каб не траўмаваць дзіцячую псіхіку трывожнымі ўспамінамі. Тэма пажару ў сям'і пад забаронай.
Рома ад зносін з журналістамі стаміўся, падрабязна размаўляць не захацеў.
— Ганяю з сябрамі на ровары, — распавёў ён. — Стасуюся з аднакласнікамі. Адчуваю сябе нармальна. Так што ў мяне ўсё добра.
Паколькі дактары забаранілі яму наведваць школу з-за рызыкі падхапіць інфекцыю, навучанне было арганізаванае ў рэжыме анлайн. Рома паспяхова скончыў сем класаў і залічаны ў шэрагі курсантаў ліцэя МУС.
Лячэнне Ромы яшчэ не скончанае. Хлопчыку ўжо перасадзілі восем шматкоў скуры з цела маці. Як толькі Рома фізічна адужэе, перасадкі працягнуцца. Узнавіць іх плануюць прыкладна ў лістападзе.
Акрамя складанасцяў са здароўем Ромы, на сям'ю абрынуліся і побытавыя праблемы.
Арэндны дом у 200 квадратаў у зімовы перыяд «з'ядаў» салідную частку бюджэту сям'і. Толькі газу згарала па тысячы кубоў за месяц, да гэтай сумы дадаваліся і іншыя камунальныя выдаткі. Так што жыроўка «цягнула» на 300 з лішнім рублёў. Камфортна, але дорага.
— Я вымушаная была вярнуцца на працу, а дэкрэтны аформіла на мужа Аляксея, які ў той час не меў сталай занятасці, — распавядае Марыя, мама Ромы. — Дэкрэтных каля 700 рублёў, яшчэ 600 — мая зарплата. Увесь бюджэт прыкладна 1300. Калі адняць камунальныя, то на жыццё застаецца каля тысячы. На ежу хапае, на пакупках даводзіцца эканоміць. Але мы не скардзімся, вось з будоўляй бы разабрацца…
Участак для будаўніцтва новага дома сямейства атрымала ў Занарачы, побач з домам мамы Аляксея. Як толькі завяршылася папяровая валакіта па афармленні, пачалося будаўніцтва.
Мама з Ванем, якога выратаваў Рома
— Нам дзяржава вылучыла субсідыю ў памеры каля ста тысяч рублёў, — кажа Марыя. — Гэтыя грошы, а яшчэ страхавая выплата за згарэлы дом, пайшлі на будаўніцтва. За некалькі месяцаў майстры прыватнай арганізацыі, якую мы нанялі, вывелі падмурак, паставілі каробку, накрылі дах. У доме ўстаноўленыя вокны, залітыя чарнавыя падлогі, падшытыя столі. Цяпер будаўнікі ўцяпляюць фасад.
З праектам сям'і дапамаглі ў мясцовым УКБ, перадаўшы яго на бязвыплатнай аснове. Прычым, улічылі і пажаданні сям'і: ацяпленне зрабілі электрычным, а зыходную плошчу паменшылі. Але бюджэту, які быў у запасе, на завяршэнне будаўніцтва не хапае.
— Цяпер купляем кожны месяц невялікую колькасць матэрыялаў. Напрыклад, па тры-чатыры мяшкі цэменту, — кажа Аляксей. — Ёсць яшчэ адзін рэзерв — мацярынскі капітал, які можна выкарыстоўваць. Так што неяк будзем дабудоўвацца, каб хутчэй перасяліцца. Магчыма, зробім адзін пакой і з'едзем з арэнднага жылля. Сваё ёсць сваё.





