Фота: «Новы час»

15 чэрвеня ў Маларыце распачнецца суд над палітзняволенай Людмілай Рамановіч.

Суддзёй выступіць Таццяна Навумовіч. Працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы. Звычайна вынік такіх палітычных судоў прадвызначаны, суддзі даюць тое, што патрабуе пракуратура, сто працэнтаў прысудаў абвінаваўчыя.

Людмілу Рамановіч затрымалі 4 красавіка, а потым змясцілі ў брэсцкі СІЗА. Фармальна жанчыну абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі з-за ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт. Артыкул 368 Крымінальнага кодэкса, «знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». 

Рамановіч прынцыпова пратэставала супраць парушэнняў законнасці шляхам зваротаў у дзяржаўныя органы, у адным з лістоў у СК яна напісала пра «ўзурпацыю ўлады» Лукашэнкам.

Напачатку сакавіка Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам у Адміністрацыю Лукашэнкі супраць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для вайны супраць Украіны.

Па прафесіі Рамановіч меліяратарка, была брыгадзірам-перадавіком. 

Калі ў 2020 годзе яе затрымлівалі падчас масавага народнага ўздыму, яна папала ў адну камеры з «берасцейскай Жаннай д'Арк» Аленай Гнаўк. Людзі, якія сядзелі ў ІЧУ ў той жа час, успамінаюць, што жанчыны ўвесь час спявалі беларускія і ўкраінскія народныя песні.

Сябры называюць яе чалавекам вялікай душы і цвёрдых прынцыпаў.

Вядома, што Рамановіч і з турэмшчыкамі гаварыла на родным берасцейскім дыялекце.

Вядома таксама, што, як і іншым палітычным,

у СІЗА ёй беспадстаўна прысвоены статус «экстрэмісткі», гуляць яе выводзяць з сабакамі.

Адрас для пісем і грашовых пераводаў: СІЗА-7, Брэст, вул. Савецкіх Пагранічнікаў 37, 224030. Рамановіч Людміле Сяргееўне

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру