Новая зброя з ЗША дапаможа ўкраінскай арміі вярнуць усе тэрыторыі, акупаваныя Расіяй, у тым ліку Данбас і Крым, заявіў у інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі CNN 16 чэрвеня міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

«Мы вызвалім усе нашы тэрыторыі, усё, уключаючы Крым. Крым — гэта стратэгічная мэта Кіева, таму што гэта ўкраінская тэрыторыя», — падкрэсліў Рэзнікаў.

Міністр адзначыў, што на першым этапе неабходна стабілізаваць сітуацыю, каб прадухіліць далейшыя страты ў баях з расіянамі. Далей у планах — адкінуць расійскія войскі на пазіцыі, якія яны займалі да пачатку ўварвання ва Украіну 24 лютага. А на трэцім этапе Украіна абмяркуе з партнёрамі, як будзе адбывацца вызваленне тэрыторый, уключаючы Крым, растлумачыў Рэзнікаў.

На пытанне CNN, ці не прывядзе спроба Украіны ваенным шляхам аднавіць кантроль над Крымам да правакавання Расіі, якая лічыць гэты рэгіён сваёй тэрыторыяй, Рэзнікаў адказаў:

«Гэта няважна. Таму што яны (расіяне) убачаць гэта ў Херсоне, убачаць у Запарожжы, убачаць у Марыупалі. Гэта ўкраінскія землі і Крым — таксама, нягледзячы ні на што».

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што Кіеў будзе вяртаць Крым дыпламатычным шляхам, калі скончыцца вайна. Тады ж Маскве, паводле яго слоў, прыйдзецца выплаціць Кіеву рэпарацый і ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны. 

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0