Гэта прадугледжана пастановай Саўміна №391 ад 15 чэрвеня, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Абвясціць заалагічную калекцыю і генетычны банк дзікай фаўны дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» нацыянальным здабыткам», — гаворыцца ў дакуменце.
Навуковымі аб'ектамі, якія складаюць нацыянальны здабытак, прызнаюцца ўнікальныя аб'екты, якія не паддаюцца аднаўленню ў выпадку разбурэння або такія, страта якіх можа мець сур'ёзныя негатыўныя наступствы для развіцця навукі і грамадства.
Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак, быў створаны ў 1998 годзе.
У першую пяцёрку ўвайшлі калекцыйныя фонды жывых раслін і гербарый Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук, гербарый Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі, калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры і фальклорная калекцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама калекцыя непатагенных мікраарганізмаў Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі.
Пазней спіс неаднаразова папаўняўся — напрыклад, калекцыя вірусаў і бактэрый, патагенных для чалавека Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, а таксама генетычны банк бульбы навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве.