Дакладная колькасць беларусаў, якія пасля жніўня 2020 года выехалі ва Украіну з палітычных прычын, невядомая. Можна меркаваць, што гэта тысячы чалавек. Толькі ў 2021 годзе ўкраінскія ўлады выдалі беларусам звыш 4300 часовых альбо пастаянных дазволаў на жыхарства. Масавая плынь палітычных уцекачоў з Беларусі вымусіла ўлады Украіны ўдвая павялічыць тэрмін (да 6 месяцаў), цягам якога беларусам дазвалялася знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі легальна без дазволу на жыхарства.

З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны беларусы сутыкнуліся з шэрагам праблем. Ужо ўвечары 26 лютага ўкраінскія банкі заблакавалі рахункі ўсім грамадзянам Беларусі, пазней да гэтага дадаліся праблемы з атрыманнем дазволаў на жыхарства альбо іх працягненнем. У выніку частка беларусаў вымушана з'язджае з Украіны. Сярод іх апынулася і вядомая «бчб-нявеста», удзельніца пратэстаў 2020 года Іна Зайцава. Як Іна расказала «Свабодзе» 20 чэрвеня, яна разам з сям’ёй прыняла рашэнне выехаць з Украіны на тэрыторыю адной з дзяржаў Еўрасаюза.

Дом, які сям’я Іны купіла ва Украіне, на тры гады пакінуць мясцовым вымушаным перасяленцам. «Свабода» расказвае гісторыі іншых беларусаў, якія цяпер сутыкнуліся з праблемамі ва Украіне.

«Ніякіх тэрмінаў мне ўкраінскія ўлады не называюць»

Генадзь прыехаў ва Украіну год таму. Расказвае, што ратаваўся ад пераследу з палітычных матываў у Беларусі.

«Мая праблема ў тым, што пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне спынілася чарга на атрыманне статусу дадатковай абароны, — расказвае Генадзь. — Я ў траўні хадзіў у міграцыйную службу. Там гавораць толькі чакаць. Я хачу атрымаць статус абароны, але пакуль ніхто не кажа мне, ці магчыма такое ўвогуле. Заяву я падаў зімой, але пакуль нічога. Я не эканамічны ўцякач, з'ехаў з палітычных прычын».

Генадзь таксама кажа, што мае праблемы праз блакаванне свайго банкаўскага рахунку ва ўкраінскім банку. У гэтым пытанні няма ніякага руху, і яму застаецца спадзявацца на абяцанні Офіса Святланы Ціханоўскай паўплываць на ўкраінскія ўлады. Хлопец застаецца ва Украіне, мае там працу. Ён кажа, што мае час да верасня. Калі за гэты тэрмін нічога не вырашыцца з дакументамі, будзе вымушаны з'ехаць.

«Ніякіх тэрмінаў мне ўкраінскія ўлады не называюць, — кажа Генадзь. — Калі я размаўляў з міграцыйнымі чыноўнікамі ў лютым, яны расказвалі пра каранцін. У траўні мне сказалі, што праз вайну ўвогуле не разглядаюць пакуль дакументы. Нічога не вядома».

«Бацька — грамадзянін Украіны, я спадзяваўся атрымаць дакументы хутка»

Сяргей ва Украіну прыехаў у канцы 2021 года. Яго бацька — грамадзянін Украіны, таму хлопец адразу заняўся сваімі дакументамі і разлічваў атрымаць украінскі пашпарт даволі проста і хутка. Аднак усё атрымалася зусім інакш.

«Я пачаў збіраць дакументы на атрыманне ўкраінскага грамадзянства, але з 2022 года яны ўвялі патрабаванне даведкі аб несудзімасці, — расказвае Сяргей. — Пакуль я тут рабіў даверанасць, пакуль з натарыусамі разбіраўся, пакуль яе адправіў у Беларусь па пошце, пачалася вайна. Добра, што мне «Укрпошта» яе вярнула назад. Паспрабаваў пераслаць у Беларусь дакументы праз Літву, але падчас гэтага ў мяне ўжо скончыўся тэрмін легальнага знаходжання ва Украіне. Цяпер трэба чакаць апастыль, там чарга да снежня. Што мне рабіць, не вельмі зразумела».

Сяргей расказвае, што хадзіў у прыватную юрыдычную фірму ва Украіне і там яму параілі ні ў якім выпадку не выязджаць за мяжу. Бо пасля гэтага беларуса проста не пусцяць на ўкраінскую тэрыторыю. Чыноўнікі ў аддзеле міграцыі сказалі Сяргею цалкам адваротнае — выехаць і легальна вярнуцца назад.

«Я вырашыў застацца тут, — кажа беларус. — Бо была гаворка, што дакументы беларусам могуць зноў пачаць выдаваць. Але што будзе з маім грамадзянствам, пакуль незразумела. Сяджу дома, стараюся не выходзіць, не бадзяцца па вуліцах. Каб патрулі не спынялі мяне. Так і жыву. Калі нехта мне тут пачынае расказваць, якія беларусы паганыя, а я маю час, то магу пераканаць яго, што гэта не так. Я ўжо цалкам перайшоў на ўкраінскую мову, таму гэта рабіць мне прасцей.

Часта сутыкаюся з тым, што людзі спачатку рэагуюць на беларусаў не вельмі добра, але мая ўкраінская мова вельмі моцна ўплывае на суразмоўцаў».

Сяргей разлічвае застацца ва Украіне, у Беларусь вяртацца не плануе, асабліва пасля таго, як беларускія ўлады паспрыялі расійскаму ўварванню на ўкраінскую тэрыторыю. У трэція краіны хлопец ехаць таксама пакуль не збіраецца.

«Штраф і штамп у пашпарт»

Беларус Дзяніс сутыкнуўся з праблемай легалізацыі ва Украіне, куды прыехаў яшчэ ў лістападзе 2020-га. Хлопец кажа, што з'ехаў з Беларусі праз крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту.

«Да 27 траўня ў мяне быў часовы дазвол на жыхарства, — расказвае Дзяніс. — Падставай для яго быў удзел у валанцёрскай арганізацыі. Пры гэтым з 25 кастрычніка 2021 года я яшчэ афіцыйна працаўладкаваны ў дзяржаўнай украінскай кампаніі. Маю кантракт і дазвол на працаўладкаванне да кастрычніка 2022-га, гэта падстава для працягнення дазволу на жыхарства. 20 траўня звярнуўся ў міграцыйную службу Кіева. Там мне сказалі, што яны не прымаюць дакументы на працягненне, а калі заканчваецца тэрмін, то можна спасылацца на 165-ю пастанову Кабінета міністраў, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Украіны ў ваенны час».

Нядаўна Дзяніс даведаўся, што ў беларусаў зноў пачалі прымаць дакументы на афармленне дазволаў на жыхарства, але ўсім, у каго ён скончыўся, даюць штраф памерам 5100 грывень (каля 170 даляраў. — РС), а ў пашпарт ставяць штамп аб неабходнасці выехаць. Хлопец кажа, што ў міграцыйнай службе кажуць, што потым ён зможа вярнуцца ва Украіну і падаць дакументы зноў. Але па факце памежнікі абяцаюць не ўпусціць назад.

«Сам яшчэ не падаваў дакументы, перад падачай параілі звярнуцца ў арганізацыю «Права на абарону», — кажа Дзяніс. — Я звярнуўся туды, чакаю цяпер, што са мной звяжацца іх юрыст. Па сутнасці, я цяпер нелегальна знаходжуся ва Украіне, хаця законная падстава і ўсе дакументы для працягнення тэрміну дазволу на жыхарства ў мяне ёсць».

«Міграцыйная служба загадала выязджаць»

Аліса з мужам пераехала ва Украіну з Беларусі ў снежні 2021 года. Жанчына расказвае, што, каб зрабіць від на жыхарства, разлічвала знайсці сабе афіцыйную працу.

«Знайшла кампанію, якая была гатовая ўзяць мяне працаваць, для гэтага трэба было спачатку мае дакументы верыфікаваць, — расказвае беларуска. — Але пасля пачатку вайны дакументы беларусаў і расіян увогуле не разглядаюцца. Я пісала ў міграцыйную службу, яны гавораць мне выязджаць назад».

Па словах беларускі, тым беларусам і расіянам, у каго ўжо быў раней украінскі дазвол на жыхарства, дазваляюць падаць дакументы на яго працягненне. Аднак у некаторых выпадках людзям настойліва раяць выехаць за мяжу Украіны, а пасля спрабаваць вярнуцца.

«Тым, у каго не было дазволу на жыхарства да вайны, цяпер яго ўвогуле не робяць, — скардзіцца Аліса. — Гэта я расказваю пра сітуацыю ў Кіеве. Паколькі не было ніякіх заяваў наконт працягнення легальнага знаходжання альбо дзеяння дазволаў падчас вайны, дзяржаўныя службы цяпер самі вырашаюць, браць дакументы ў беларусаў, альбо не».

Чытайце таксама:

«Гэта не праблема Украіны». Што кажа ўкраінская міграцыйная служба наконт складанасцяў з дакументамі ў беларусаў падчас вайны

«Ніякіх праблем няма, калі ты прыехаў ва Украіну паміраць». БЧБ-нявесце Іне Зайцавай пагражае дэпартацыя з Украіны

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
12