Аляксей Кудрын. Фота: ТАСС

Аляксей Кудрын. Фота: ТАСС

Пра гэта распавялі «Агенцтву» два знаёмыя чыноўнікі. Паводле іх інфармацыі, іншыя набліжаныя да кіраўніка расійскай дзяржавы нічога падобнага прэзідэнту сказаць не рашаліся. Хоць незадаволеныя ёсць і сярод кіраўнікоў ключавых дзяржструктур, і сярод вайскоўцаў.

Паведамленне аб сустрэчы Пуціна і Кудрына з'явілася на сайце Крамля 14 чэрвеня — ніякіх слоў пра падзеі ва Украіне ў стэнаграме мерапрыемства няма. Насамрэч, сустрэча адбылася раней, яшчэ вясной, а ў гэтым месяцы прэс-служба прэзідэнта апублікавала толькі яе частку, не згадаўшы пра тое, што кіраўнік Падліковай палаты ўздымаў тэму вайны, сцвярджаюць яго знаёмыя.

Кудрын пачаў прадумваць размову яшчэ ў канцы сакавіка. На адной з сустрэч з калегамі ён распавёў, што збіраецца да Пуціна і хоча яму сказаць, што вайна ва Украіне прывядзе да цяжкіх наступстваў для Расіі, сцвярджае ўдзельнік сустрэчы. Іншы знаёмы так перадае логіку Кудрына — ён лічыць, што Пуцін не ўспрымае яго меркаванне пра палітыку, але давярае экспертызе ў эканоміцы і фінансах. Таму ён вырашыў нічога не казаць кіраўніку дзяржавы пра сваё стаўленне да баявых дзеянняў як такіх, затое сказаць, што, на яго думку, вайна шкодная эканоміцы Расіі. У выніку Кудрын менавіта ў такой форме давёў сваё меркаванне прэзідэнту.

Пуцін на гэтае выказванне Кудрына ніяк не адрэагаваў, сцвярджае знаёмы кіраўніка Падліковай палаты.

Нягледзячы на сваю нязгоду з вайной сыходзіць у адстаўку Кудрын не збіраецца. Ён лічыць, што будзе больш карысна, калі ён застанецца на пасадзе і паспрабуе ўплываць на сітуацыю, кажа яго знаёмы, не ўдакладняючы, у чым менавіта заключаецца гэты ўплыў.

У расійскай эліце нямала людзей, якія незадаволеныя вайной, але ніхто з суразмоўцаў «Агенцтва» не чуў, каб яны выказвалі Пуціну свае думкі.

Большасць такіх незадаволеных проста знаходзяцца ў разгубленасці — напрыклад, кіраўнік «Сбера» Герман Грэф. З топ-менеджменту банка звольніліся не менш за 200 чалавек, гэта значная частка кіраўніцтва банка, і Грэф перажывае за будучыню сваёй структуры, сцвярджае былы высокапастаўлены супрацоўнік «Сбера».

Незадаволенасць дзеяннямі кіраўніцтва краіны ў прыватных размовах выказвалі калегам і высокапастаўленыя супрацоўнікі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення, сцвярджае суразмоўца «Агенцтва», блізкі да расійска-ўкраінскіх перамоваў. На пачатку чэрвеня выданне «Украінская праўда» паведаміла, што перамовы аб здачы абаронцаў «Азоўсталі» вялі ўкраінскае Галоўнае ўпраўленне разведкі і расійскае ГРУ, якія на пачатку мая дамовіліся пра гарантыі на захаванне правоў палонных. Праўда, у выніку правы ўкраінцаў не былі выкананыя — многія з іх былі адпраўленыя ў «ДНР», дзе ім пагражае смяротнае пакаранне. Суразмоўца «Агенцтва» пацвярджае гэтую інфармацыю — па яго словах, супрацоўнікі ГРУ, якія мелі дачыненне да перамоваў, былі абураныя тым, што Расія не выканала дасягнутыя дамоўленасці.

У розны час СМІ паведамлялі і пра іншых незадаволеных. Напрыклад, кіраўніцу ЦБ Эльвіру Набіуліну і старшыню ВТБ Андрэя Косціна. Аднак на адстаўку наважыўся толькі цяпер ужо былы спецпрадстаўнік прэзідэнта Анатоль Чубайс.

Клас
73
Панылы сорам
20
Ха-ха
14
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
6