Андрэй Чывурын на рэдактуры «Лігі Смеху». Фота: ligasmeha.com

«Наша Ніва»: Як чалавеку, які лепей за ўсё разбіраецца ў гумары, жыць у часы, калі не да жартаў?

Андрэй Чывурын: Так проста і не адкажаш. Як мінімум таму, што стаўленне да гумару ў першыя дні вайны і зараз — розныя рэчы. Напачатку ўварвання было не да жартаў: маглі хіба сабе дазволіць нейкі сатырычны каментар, каб скінуць напружанне. Зараз гумар вярнуўся ва ўжытак, але дастаткова жорсткі і скіраваны выключна супраць ворага. Побытавыя жартачкі таксама можна раз-пораз пачуць, але яны спадарожнічаюць любому жыццю, што б ні адбывалася навокал.

Гумар як сродак прапаганды? Мне не падабаецца гэтае слова ў дачыненні да краіны, што абараняецца ад агрэсіі. У адносінах да Расіі — так, справядліва. «Прамыўку мазгоў» праз забаўляльныя перадачы маглі назіраць на прыкладзе таго ж КВЗ з 2014 года. Але з нашаго боку гэта сродак адбіваць напады. Дзіва, але гэтая зброя насамрэч б'е балюча: калі з цябе рагочуць на фоне параз на фронце, руйнаванні планаў па хуткім захопе тэрыторый, гэта дэмаралізуе.

«НН»: Чуў, што падзеі 24 лютага раскалолі свет гумарыстаў настолькі, што спыніў існаванне нават чат кавэзэшнікаў, дзе людзі сябравалі ажно з 1990-х…

АЧ: Засведчыў калапс адносінаў праз уласны досвед.

Вельмі моцна памыліўся ў ацэнках адэкватнасці прадстаўнікоў гэтай суполкі — прынамсі, большай яе часткі. Ведалі адно аднаго крышку меней, чым вечнасць. Але ў складаны час, калі патрабавалася зрабіць выбар, яны паверылі не сябру — рэальнаму сведку падзей, а незнаёмым прапагандыстам з тэлеэкрана.

Падтрымка альбо апраўданне вайны, якая не мае аніякай логікі — геапалітычнай, бытавой, гістарычнай, — выцягнула на свет божы сапраўднае нутро тых добрых ды вясёлых людзей, якія заўсёды казалі: «Брат, толькі пакліч, мы заўсёды прыйдзем на дапамогу».

Андрэй Чывурын і Аляксандр Маслякоў. Фота: segodnya.ua

Канешне, засталіся сябры, якія захавалі чалавечае аблічча: выказваюць антываенную пазіцыю, падтрымліваюць у прыватных размовах. Некаторыя нават публічна выказваюцца, чым выклікаюць не толькі захапленне але і трывогу за іх будучыню ў таталітарнай краіне. Але гэта адзінкі на фоне дзясяткаў і сотняў тых, хто ўключыў дурня — часам, нават агрэсіўнага дурня, — калі да нас пагрукалася бяда…

У першыя дні вайны казаў тым, хто завітваў ва Украіну: «Ты ж сам тут быў, хадзіў па Крашчаціку, ласаваўся стравамі на Майдане. Дзе ты бачыў прыгнёт рускамоўных альбо нацызм у дзеяннях тутэйшых людзей?» У адказ муры маўчання. Адпіскі ў сацсетках. Баны.

Складана адшукаць у гэтым жыцці больш жорсткую праверку на чалавечнасць, чым вайна. Яна без паўтаноў выяўляе, хто ёсць героем, а хто нягоднікам. Бо, пагадзіся, толькі нягоднікі здольныя аспрэчваць тэзісы «забіваць людзей — гэта дрэнна», «забіваць людзей — гэта бесчалавечна», «забіваць людзей ніхто не мае права»…

«НН»: Але ж такія апаненты падчас пікіровак апелююць тэзісам «Дзе ж вы былі гэтыя восем гадоў?!»

АЧ: А я адкажу! Увесь гэты час мы, мірны тутэйшы люд, назіралі, як рускія войскі зайшлі на тэрыторыю Данецкай ды Луганскай абласцей ды са зброяй у руках пачалі ўсталёўваць свае парадкі пад дэвізам «Нас тут няма». І яны карысталіся менавіта тым, што ўкраінцы не хацелі ліць кроў. Калі ж тэрор з захопніцтвам дапоўніліся забойствамі, тады і распачалася вайна, бо мясцовым жыхарам трэба было бараніць сябе, блізкіх, сваё жытло ды зямлю.

Але, шчыра кажучы, ужо ўсё роўна, пачуе мае аргументы нехта з таго боку ці не. Не мае розніцы, колькі чалавек у Расіі сёння наноў пасябруюць са сваімі мазгамі і раптам зразумеюць усю жудасць сітуацыі. Гэта не паўплывае на плынь падзей, бо тыя ж людзі бясконца доўга маглі на кухнях крытыкаваць рэжым, разважаць, які Пуцін м**ак, але калі распачалася вайна яны сцішыліся і зрабілі выгляд, што нічога не адбылося.

«НН»: Вы засведчылі тры генерацыі беларусаў у гумары. Першы склад зборнай БДУ бачылі супернікам, калі самі выступалі за харкаўскі ХАІ. Пасля дзве чэмпіёнскія ітэрацыі БДУ і арыгіналаў з «ЧП» рэдагавалі ў Маскве. А пару гадоў таму судзейнічалі перамозе «Двух капітанаў-1955» у дэбютным сезоне ўкраінскай «Лігі Смеху». Як кожная з гэтых генерацый павяла сябе пасля пачатку вайны?

АЧ: Скажу так: у мяне да беларусаў найменш прэтэнзій. Яны, бадай, лепш за ўсіх разумеюць, што адбываецца ва Украіне. Не ўлічваю, зразумела, шызікаў кшталту Андрэя Мукавозчыка — тых, хто паехаў дахам ячшэ да вайны, нават не разглядаем. Але ў цэлым твае землякі паказалі сябе цалкам адэкватна і годна.

Рэдактары вышэйшай лігі КВЗ: украінец Андрэй Чывурын і беларус Леанід Купрыда. Фота: volga.news

Называць прозвішчы, напэўна, не варта, бо вы ж «экстрэмісты», так? А значыць, цэрберы рэжыму гэты артыкул прачытаюць і пасля могуць сапсаваць жыццё тым, хто застаецца на радзіме. Кажу «рэжым», бо ўспрымаю сітуацыю ў Беларусі як дыктатуру і крыўдую, што ў 2020-м вы не здолелі скарыстацца момантам ды яе знішчыць.

НН: Але ж суседзяў у вайне вы вінаваціце?

АЧ: Маю дваякае стаўленне. Але не да людзей — да дзяржавы. Глядзі, рэжым даў тэрыторыю расіянам для размяшчэння жаўнераў, артылерыі. Адтуль у наш бок ляцяць ракеты, забіваюць мірных жыхароў, руйнуюць будынкі. І кожны раз пасля гэтага ў эфіры з'яўляецца здзіўлены твар Лукашэнкі: «А што такое? Мы ж не маем дачынення да вайны!» Пры гэтым напружанне цягам чатырох месяцаў толькі расце: ці атакуюць з таго боку мяжу, ці пойдзе вайсковы наступ, ці пальецца там кроў…

Людзі з Беларусі — іншая справа. Яны публічна, можа, і не выказваюцца, бо з прычын бяспекі аддаюць перавагу прыватным паведамленням. Але іх у мільёны разоў больш, чым допісаў з Расіі. І такія тэндэнцыі, думаю, справядліва праецыраваць і на краіны ў цэлым.

Андрэй Чывурын і зорны склад каманды КВЗ БДУ. Фота: hari.ru

Цікава, што сотні таленавітых беларусаў засталіся ў Маскве працаваць і ператварыліся ў закладнікаў сітуацыі. Яны звычайна дасылаюць апраўданні: «Ты ж разумееш, варта толькі вякнуць — і мяне закрыюць. А тут сям'я, праца, перспектывы, толькі ўсё пайшло ў рост». Адказваю аднолькава: «Канешне, усё разумею. Гэта праблемы сур'ёзныя. Не тое, што тут: ці выжывеш пасля чарговай бамбардзіроўкі, ці накрые напрамкі ў роднай хаце». Розныя выбары, ці не так? Таму, калі вяртацца да пытання, я абвінавачваю тых, хто маўчыць.

«НН»: Ну вось вы прыгадалі цёзку Мукавозчыка, які, наадварот, не замаўкае…

АЧ: Не надта пільна сачыў за яго жыццём, але, наколькі разумею, ён у заўзятыя прапагандысты падаўся? Чароўна, проста чароўна! Так і хочацца зацягнуць: «Якім ты быў, такім ты і застаўся»…

Андрэй калісьці быў неблагім хлопцам. Але яшчэ ў кавэзэшныя часы займеў нейкія дзіўныя амбіцыі, што прывялі яго да сварак абсалютна з усімі гумарыстычнымі суполкамі ды рухамі. Пасля чаго і знік з гарызонту, бо да яго і да дзіўных працэсаў, што ў ім адбываліся, народ страціў цікавасць.

А пасля прыйшоў 2020-ы, калі не толькі ўкраінцы, але, бадай, уся Еўропа сачыла за вашым змаганнем з дыктатурай. І вось тут — хоп! — неяк праскочыў у навінах знаёмы твар, які ўжо прымасціўся ў першым радзе на нейкім праўладным выступе і аддана глядзіць гаспадару ў вочы, нават язык на бок высунуў. Ну, з табой усё зразумела, думаю — знайшоў сваё месца…

Прапагандыст Андрэй Мукавозчык атрымлівае дзяржаўную ўзнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі. Скрыншот: ctv.by

І ведаеш, тады вось яшчэ пра што падумаў. З гісторыі мы ведаем знакамітых вайскоўцаў, геніяльных вучоных, таленавітых артыстаў, мудрых дзяржаўных дзеячоў. Мільёны людзей самых незвычайных прафесій, якія праславілі свае краіны. Але ці назавеш ты хаця б аднаго прапагандыста, якім бы праз стагоддзі ганарылася пэўная дзяржава ці дзякавала за нейкія ўчынкі? Гэта шлях у нікуды — задавальненне эга чалавека, які не рэалізаваўся ў жыцці. Задавальняе быць рупарам, які тырчыць з рота зусім іншага чалавека? Ну, тады не крыўдуй на слова «прапагандон»!

«НН»: Давайце пагаманім пра больш прыемных асоб. Напрыклад, пра Уладзіміра Зяленскага, з якім вы доўгі час працавалі побач…

АЧ: Гэта фенаменальная гісторыя, цягам якой мы чарговы раз давялі свету: на туташнім дэмакратычным чарназёме можа адбыцца што заўгодна. Комік ды акцёр на чале дзяржавы ў постсавецкай прасторы? Ды ніколі ў жыцці! Аднак, бачыш, Украіна узяла за прыкладу еўрапейскія ды амерыканскія ўзоры дэмакратыі.

Шчыра скажу, калі зразумеў, што Зяленскі сур'ёзна рыхтуецца пайсці ў палітыку, паставіўся да гэтага аналітычна-філасофскі. Нават крытычна у нечым: маўляў, навошта гэта паспяховаму чалавеку з наладжаным жыццём, прыбытковым ды паспяховым бізнэсам? Але калі распачалася перадвыбарная гонка — і чалавека, якога я ведаю з усіх бакоў, пачалі паліваць з гаўнамётаў, — то несправядлівасць зачапіла. Таму і сам галасаваў за яго, і спадзяваўся на астатніх грамадзян краіны.

Як паказаў час, мы не памыліліся. Бо калі ўлічыць, колькі выклікаў выпала на яго кадэнцыю і як ён праблемы вырашаў, то відавочна: лепей за Зяленскага прэзідэнта ў незалежнай Украіне не было. Гэта хлопец са сталёвымі яйцамі.

Вось табе рэальная гісторыя. Я жыву пад Кіевам — і калі ў першыя дні вайны людзі не ведалі, што рабіць, да мяне падышоў сусед. «Ну што, — кажа. — З'ехаў твой Валодзька?! Ужо, баюць, у Амерыцы сядзіць!» І гэта быў зрэз думак па ўсёй рэспубліцы. Людзі думалі, што прэзідэнт кінуў Украіну для ўласнай бяспекі. Але калі з'явіўся відэазварот з Банкавай, дзе ўсе кіраўнікі не проста прысутнічалі, а абавязваліся трымацца разам з народам, паніка знікла.

Яе замясцілі давер і прага дапамагаць — у тым, каб з'яднаць нацыю, сабраць у магутны кулак рэсурсы, арганізавацца ў абарончыя групы. Бізнэс замест таго, каб збегчы, пачаў працаваць на краіну. Дыяспары замежныя «прачнуліся». І такім чынам адзін чалавек у сапраўды страшныя часіны кансалідаваў цэлую нацыю.

Яго галоўная якасць — неверагодная працаздольнасць. Гэта чалавек-энерджайзер. Ёсць адчуванне, што ён ніколі не адпачывае: так было і ў тэле— ды кінабізнэсе, так ёсць і ў ваенны час. А яшчэ ў яго ёсць стрыжань. Вова… ой, выбачце, Уладзімір Аляксандравіч ніколі не зламаецца, які б там моцны ціск не быў.

«НН»: Існуе меркаванне, што свабода слова сканчваецца там, дзе ўлада крыўдзіцца на гумар. У Беларусі нельга кпіць з Лукашэнкі ўжо год 15. Падаецца, апошні сезон «Лігі Смеху» таксама быў «рафінаваным» у гэтай вобласці…

АЧ: Такое адчуванне магло скласціся, але ў яго зусім іншая «хімія» пры параўнанні з беларускім прыкладам. Па-першае, не магу сказаць, што ў «Лізе Смеху» не было гумару пра Валодзю пасля яго перамогі на выбарах. Па-другое, побач з кампліментарна-сяброўскім характарам жартаў ішоў гумар жорсткі, крытычны — рэдактарскай групай імкнуліся гэты баланс трымаць. Нарэшце, здараліся выпадкі, калі Зяленскі крыўдзіўся на жарты. Але, да яго годнасці, хутка адыходзіў і ўспрымаў як нешта, неразрыўна звязанае з новай пасадай.

Тут вось яшчэ якая рэч. Замаўляць раней кавэзэшнікам, а зараз «лігасмешнікам» канкрэтны гумар — бессэнсоўная штука. Калі яны пачуюць патрабаванне «Напішыце жарт пра Зяленскага», то адразу ўпадуць у ступар, бо заблакуецца мозг. Нармальныя адэкватныя гумарысты якасны матэрыял такімі ненатуральнымі метадамі не выдаюць.

Уладзімір Зяленскі і Андрэй Чывурын падчас супрацы на «Лізе Смеху». Фота: pravda.com.ua

Плюс варта трымаць у галаве рознасць рэалій. У КВЗ прыносілі шмат палітычнага гумару, але не ўвесь ішоў на экраны. Пры гэтым рэдактура — дарэчы, беларус Леанід Купрыда і ўкраінец Андрэй Чывурын — прапускала ўсё смешнае, незалежна ад ступені «жорсткасці». А вось далей ужо кіраўнік праекта Аляксандр Маслякоў ўзважваў, каму дазволіць пра палітыку жартаваць, а каму — не.

У «Лізе Смеху» сітуацыя іншая: чалавек, які вёў перадачу, стаў прэзідэнтам. Большасць удзельнікаў каманд была з ім на «ты», фамільярна паводзіла сябе ў стасунках, была, як кажуць, «на рэлаксе», калі з Зяленскім супрацоўнічала. Калі Уладзімір пайшоў на адказны пост, стаўленне не змянілася — ён па-ранейшаму заставаўся «сваім».

І таму «свайго» нехта браўся «мачыць» толькі за справу. У астатніх выпадках гумарысты разумелі: чалавеку цяжка, ён працуе на адказнай пасадзе да таго ж яшчэ і з унутраным супрацівам змагаецца. Таму Валодзю і не чапалі, калі ён не даваў нагоды.

Як падаецца, яе няма і зараз, бо сёння ўся Украіна ганарыцца сваім прэзідэнтам. Спадзяюся, хутка прыйдзе дзень, калі і беларускі народ зможа так сказаць пра свайго кіраўніка.

Чытайце таксама:

«Беларускі батальён б'ецца годна!» Эксклюзіўная гутарка з рэперкай Alyona Alyona

Шоу з Бузавай на БТ цяпер будзе называцца «Фактар-бай». Як Эйсмант збіраецца абысці франшызу?

Клас
51
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру