Паводле СК, пры расследаванні крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы таго, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Мела від на жыхарства ў Нямеччыне, але вярнулася ў Беларусь

Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомелі ў сям’і вайскоўца. Паводле адукацыі яна эканаміст, скончыла «наргас» (цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Працавала эканамістам у камерцыйных фірмах. У сярэдзіне 1990-х трапіла на пасаду бухгалтаркі ў газету «Беларуская маладзёжная» і паступова захапілася журналістыкай.

На пачатку 2000-х Ірына з'ехала з бацькамі ў Нямеччыну, атрымала від на жыхарства, жыла ў Нюрнбергу, але вытрымала там толькі год — вярнулася ў Беларусь. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ў 2003 годзе Ірына тлумачыла:

«Усё роўна я буду адчуваць сябе эмігранткай. Там проста не цікава і сумна. Там у мяне пастаянна была дэпрэсія, нічога не хацелася рабіць, нікога бачыць, таму я вярнулася сюды, у Беларусь… Туды — толькі ў госці. Жыць трэба тут, на радзіме, і спрабаваць штосьці змяніць».

Калі быў створаны тэлеканал «Белсат», Ірына пайшла працаваць туды. Пэўны час працавала ў праграме «Маю права». Аднак на момант затрымання журналістка ўжо працяглы час не супрацоўнічала з «Белсатам», а была штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканала TVP.

Блізкія кажуць, што ў Ірыны абвостранае пачуццё справядлівасці. Сябры згадваюць, як у дзень выбараў, 9 жніўня 2020 года, Ірыну бліжэй да вечара прэвентыўна затрымалі. Прывезлі ў РУУС, на ўсе патрабаванні патлумачыць, за што яе трымаюць, нічога ўцямнага не сказалі. Як толькі прайшлі тры гадзіны, Слаўнікава ўстала, заявіла, што паводле закона трымаць яе больш не маюць права, і пайшла з РУУС. Міліцыянты былі настолькі агаломшаныя, што ніхто нават не адважыўся яе спыніць.

Працэс над Ірынай Слаўнікавай будзе закрытым. Сябры мяркуюць, што ўлады проста баяцца яе.

«І следчы, і дзяржабвінаваўца, і суддзя Доля, які выносіў прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, а цяпер будзе судзіць Слаўнікаву — яны, я перакананая, баяцца выглядаць бледна на яе фоне пры людзях, якія прыйдуць падтрымаць Ірыну, таму і зрабілі суд закрытым», — кажа сяброўка Ірыны Галіна.

Захапляецца дайвінгам, вандруе па экзатычных краінах

Ірына вельмі любіць вандраваць, наведваць розныя краіны (пабывала, акрамя еўрапейскіх краін, на Занзібары, у Кітаі, Мексыцы, Егіпце). Захапляецца дайвінгам, расказвае яе аднакурсніца і сяброўка Галіна.

«Гэта яна падаравала мне першую маску і трубку для нырання, а пасля плавання з тыгравымі акуламі ў Мексіцы пацягнула вучыцца дайвінгу. Усе нашы самыя незвычайныя вандроўкі ў экзатычныя краіны — гэта яе ініцыятыва. У яе ёсць талент знаходзіць туры «на край свету» па вельмі даступных цэнах. «Галя, ты не падрыхтавалася», — казала яна мне, калі мы прызямліліся, напрыклад, на Хайнані, і пачынала расказваць гісторыю вострава», — згадвае сяброўка Слаўнікавай Галіна.

Вельмі любіць жывёлаў, асабліва катоў

Сябры згадваюць смешны выпадак, як Ірына на шпільках і ў міні-спадніцы ганялася за варонай, адбіваючы ў яе маленькага верабейку. Сябе яна называе «кацінай мамай».

Спачатку ў Ірыны жыла котка рэдкай пароды «арыентал», якую завуць Прынцэса Саці. Другога ката — беспароднага Эпсілона, муж Ірыны знайшоў у траве сляпым кацянём і прынёс дадому. Ірына яго выкормлівала, выходжвала, насіла з сабой на працу, бо яго трэба было карміць кожныя тры гадзіны. Для кацяняці меркавалі знайсці новых гаспадароў. Але так атрымалася, што кот застаўся ў іх. Цяпер дваровы кот Эпсілон і пародзістая арыенталка Саці жывуць у Ірыніных бацькоў.

У Ірыны ёсць дарослы сын Міхал.

Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Мінска, калі яны вярталіся з адпачынку з Егіпта. Спачатку абаіх асудзілі на 15 сутак за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту».

Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсата» перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Праз 15 сутак іх не адпусцілі, павезлі ў іншае РУУС, перазатрымалі нібыта «за дробнае хуліганства» і зноў далі па 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 года Ірыну Слаўнікаву прызналі падазраванай па крымінальнай справе і перавялі ў следчы ізалятар №1 на «Валадарку». Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Першапачаткова Слаўнікавай выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1 — «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Потым журналістку абвінавацілі яшчэ і ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361, частка 1).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру