Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Як патлумачыў падчас сумеснага пасяджэння камітэтаў інфраструктуры і нацыянальнай абароны намеснік міністра інфраструктуры Рафал Вебер, адна з паправак, прынятых у чацвер Сеймам, тычыцца выдачы візаў кіроўцам з Беларусі, якія працуюць у польскіх транспартных кампаніях у Польшчы.

Намеснік міністра патлумачыў, што яны хочуць, каб увесь гэты працэс адбываўся ў Польшчы, каб кіроўцам не трэба было вяртацца для аднаўлення візаў у Беларусь. Бо няма гарантый, што яны адтуль вернуцца, а дэфіцыт кіроўцаў вельмі вялікі.

Гэта, па словах Вебера, важна, калі гаворка ідзе пра бяспеку польскага транспарту, «асабліва цяпер, калі будуць павялічвацца экспартныя патрэбы Польшчы ў розных відах сыравіны і тавараў з Украіны аўтамабільным транспартам».

Згодна з папраўкай, для кіроўцаў-беларусаў, якія працуюць на польскія фірмы, у якіх ужо на восень (1 верасня 2022 года і пазней) выпадае апошні дзень тэрміну дзеяння нацыянальнай візы (альбо тэрміну знаходжання па візе), ці апошні дзень іх дазволу на часовае знаходжанне, гэтыя тэрміны аўтаматычна падаўжаюцца да 31 снежня 2022 года. Падоўжаная віза будзе даваць права на перасячэнне мяжы ў мэтах грузаперавозкі.

Налепкі, якія сведчаць пра падаўжэнне візы, будуць выдаваць улады ваяводстваў. Калі паводле сваіх дакументаў кіроўца-беларус павінен быў па іх заканчэнні выехаць з тэрыторыі Польшчы 1 верасня 2022 года і пазней, то гэты тэрмін для яго падаўжаецца да 24 жніўня 2023 года.

Таксама падаўжаецца дзеянне выдадзеных кіроўцам-беларусам «картаў побыту», польскіх пасведчанняў асобы замежніка: калі іх апошні дзень дзеяння выпадае на тэрмін ад 1 верасня гэтага года, яны падаўжаюцца да 24 жніўня 2023-га. Пры гэтым па падоўжаных картах знаходжання нельга будзе выязджаць за межы Польшчы.

Таксама да 24 жніўня 2023 года будзе лічыцца легальным знаходжанне ў Польшчы па шэнгенскіх візах і іншых дакументах, выдадзеных Польшчай і іншымі краінамі Шэнгена і якія дазваляюць перасякаць мяжу, а таксама ў рамках бязвізавага руху, калі тэрмін знаходжання па гэтых дакументах канчаецца 1 верасня 2022-га і пазней, а само знаходжанне пачалося раней.

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1