Фота AP

Чаго хацелі?

З боку Украіны адказ на гэтае пытанне адносна просты: задача мінімум — адбіць расійскую агрэсію, захаваўшы дзяржаўнасць і тэрытарыяльную цэласнасць па стане хаця б на 23 лютага 2022 года, задача максімум — вярнуць Данбас і Крым.

Не менш важна для Украіны ў цяперашніх рэаліях мінімізаваць страты, зберагчы эканамічны патэнцыял і ўліцца ў еўрапейскую палітыка-эканамічную сістэму.

З мэтамі Расіі ўсё ідзе складаней. Палітра чаканняў прыхільнікаў абвешчанай Пуціным «спецыяльнай вайсковай аперацыі» вельмі маляўнічая.

Фота AP

Сам Пуцін абазначыў мэтамі ўварвання ва Украіну яе «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю», а таксама вызваленне жыхароў самаабвешчаных ДНР і ЛНР ад «генацыду».

Праз пяць дзён пасля расійскага ўварвання ва Украіну міністр абароны Сяргей Шайгу абазначыў яшчэ адну мэту: абараніць Расію ад ваеннай пагрозы, створанай краінамі Захаду.

Па меры ўсведамлення таго, што «спецыяльную ваенную аперацыю» хутка скончыць не атрымаецца, яе мэты і задачы, якія дэкларуюцца расійскімі ўладамі і прапагандыстамі, мяняліся, але не ва ўсіх антаганістаў Украіны былі аднолькавыя. Так, былы камандуючы ўзброенымі сіламі самаабвешчанай ДНР Ігар Гіркін (Стралкоў), які адзначыўся ў 2014 годзе ўварваннем на чале атрада баевікоў у Данбас, лічыць галоўнай задачай так званай спецаперацыі разгром украінскіх узброеных сіл і не мае нічога супраць ліквідацыі ўкраінскай дзяржаўнасці.

Але не ўсе прыхільнікі абвешчанай Пуціным «спецаперацыі» такія радыкальныя, як Гіркін. Адны выступаюць за фармаванне ў Кіеве марыянеткавага ўрада, іншыя — за прабіццё сухапутнага калідора ў анексаваны Крым, трэція — за далучэнне да Расіі шэрагу абласцей Украіны. Напрыклад, прызначаныя Масквой акупацыйныя ўлады Херсона то збіраюцца прасіць Пуціна проста далучыць рэгіён да Расіі, то кажуць пра рэферэндум па ўваходжанні ў склад РФ.

На брыфінгу мінабароны Расіі, прысвечаным вынікам першага месяца баявых дзеянняў, прадстаўнікі ведамства заявілі, што мэты «першага этапу спецаперацыі» выкананыя: моц украінскай арміі падарваная, ваенная інфраструктура і тэхніка праціўніка знішчаныя. На другім этапе, па заявах мінабароны, Расія засяродзіцца на ўсталяванні поўнага кантролю над Данбасам.

Неўзабаве пасля гэтай заявы расійскія войскі адступілі з-пад Кіева, Чарнігава, Харкава і Сум, засяродзіўшы намаганні на захопе Данбаса.

Сітуацыя на франтах

Паўночны захад — поўнач

Фота AP

Нягледзячы на адвод расійскіх войскаў, УСУ вымушаныя трымаць значныя сілы на поўначы — ад польскай мяжы да Дняпра, а таксама ў Чарнігаўскай і Сумскай абласцях — для адбіцця магчымага паўторнага наступу.

Патэнцыйную пагрозу ўяўляе і армія суседняй Беларусі, кіраўнік якой, Аляксандр Лукашэнка, дэманструе поўную лаяльнасць Крамлю: ён даў тэрыторыю краіны для нападу на Украіну, а цяпер робіць ваенныя манеўры блізу ўкраінскіх межаў.

Але, як лічаць эксперты, уладам Беларусі не хочацца падзяляць з Расіяй адказнасць за ваенную агрэсію. Акрамя таго, у выпадку ўварвання беларускай арміі ва Украіну рызыка яе разгрому высокая, а гэта не абяцае нічога добрага рэжыму Лукашэнкі.

Паўночны усход — усход

Расійскія войскі кантралююць паўночную, усходнюю і паўднёва-ўсходнюю часткі Харкаўскай вобласці, а таксама амаль усю Луганскую вобласць, за выключэннем прамзоны ў Севераданецку, суседняга Лісічанска і яшчэ некалькіх вёсак.

На подступах да севераданецкай агламерацыі цяпер ідуць самыя жорсткія баі, расійская армія спрабуе выбіць украінскія войскі з завода «Азот» у Севераданецку і акружыць Лісічанск з поўдня з двух кірункаў. Украінская армія спрабуе контратакаваць з захаду размешчаную на ўсход ад Харкава расійскую групоўку, але вялікай пагрозы яе дзеянні на дадзены момант не ўяўляюць.

Раёны Украіны пад кантролем расійскіх войск

Паўднёвы усход

У адрозненне ад Луганскай вобласці, якая амаль цалкам перайшла пад кантроль расійскіх сіл, сітуацыя вакол Данецка не радуе расійскае камандаванне. Нягледзячы на шматлікія атакі, украінскія войскі захавалі свае пазіцыі і цяпер амаль бесперапынна вядуць агонь па абласным цэнтры. Гэта наносіць Расіі не столькі ваенны, колькі іміджавы ўрон — вось так абаранілі Данбас!

Поўдзень

Расійскае войска кантралюе большую частку Херсонскай вобласці і частку Запарожскай — гэтыя тэрыторыі былі занятыя ў першыя дні ўварвання. На гэтым участку фронту ініцыятывай валодае ўкраінскае войска. У апошнія дні паступалі паведамленні аб прасоўванні ўкраінскіх войскаў у напрамку Херсона і нават аб выхадзе асобных частак УСУ на ўскраіну абласнога цэнтра. Украінскія ўлады гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць.

Людскія страты

Ні Расія, ні Украіна не раскрываюць свае баявыя страты.

Па даных Генштаба Украіны, колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў складае 34430 чалавек.

Да гэтых лічбаў варта ставіцца з асцярожнасцю — ваюючыя бакі, як правіла, завышаюць колькасць страт праціўніка.

Брытанская разведка ацэньвала расійскія баявыя страты ва Украіне на канец мая прыкладна ў 15 тысяч чалавек.

Апошні раз мінабароны Расіі афіцыйна адчыталася аб стратах 25 сакавіка, паведаміўшы пра гібель 1351 вайскоўца. Спіс страт, сабраны «Бі-бі-сі» пры дапамозе каманды валанцёраў, да пачатку чэрвеня складаўся з 3052 загінулых.

Пра страты ўкраінскага боку дакладнай інфармацыі таксама няма. Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах з Расіяй Давід Арахамія падчас нядаўняга візіту ў Вашынгтон заявіў, што ў Данбасе штодня гінуць ад 200 да 500 чалавек за дзень.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 1 чэрвеня казаў, што краіна штодня губляе «ад 60 да 100 салдат забітымі і каля 500 чалавек параненымі ў баі».

10 чэрвеня дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк ацэньваў штодзённыя страты ўкраінскіх сіл у 100-200 вайскоўцаў забітымі. Колькасць загінулых грамадзянскіх асоб на гэты момант не ўстаноўленая.

ААН мае пацверджаныя даныя пра 4634 загінулых і 5769 параненых мірных жыхароў, але ў арганізацыі ўпэўненыя, што гэтыя лічбы нашмат большыя.

Бежанцы і шкода ўкраінскай эканоміцы

Па даных Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, з 24 лютага па 16 чэрвеня 7,7 млн чалавек пакінула Украіну, большасць з іх — 7,1 млн чалавек — выехалі ў краіны Еўрасаюза. Вярнуліся ў краіну амаль 2,6 млн чалавек. Але гэта не поўная статыстыка — у яе ўвайшлі толькі тыя людзі, хто афіцыйна перасек мяжу. Да таго ж яна не ўлічвае ўнутраныя перамяшчэнні, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі.

Так, па падліках Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ), амаль 14 мільёнаў украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы, мільёны людзей страцілі працу. Па меры прасоўвання расійскіх войскаў ва ўсходніх абласцях Украіны гэтыя лічбы працягваюць расці. У ААН заяўляюць, што на сённяшні дзень у тэрміновай гуманітарнай дапамозе і абароне маюць патрэбу прынамсі 15,7 млн жыхароў Украіны.

«На поўначы Украіны ўжо многія людзі вярнуліся ў родныя мясціны. У прыватнасці, у Кіеве колькасць такіх рэпатрыянтаў набліжаецца да мільёна чалавек, — кажа намеснік кіраўніка місіі МАМва Украіне Стывен Роджерс. — Пры гэтым 33% жыхароў цэнтральнага рэгіёна і 21% насельніцтва поўначы краіны, якія ўжо вярнуліся, выявілі сваю маёмасць знішчанай».

Што ж тычыцца вайсковых выдаткаў Украіны, то, паводле ацэнак агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), яны складаюць 5-6 млрд даляраў штомесяц.

Кіраўнік USAID Саманта Паўэр называе гэтыя выдаткі ашаламляльнымі — па яе словах, нават тых 7,5 млрд даляраў, якія адміністрацыя ЗША рыхтуецца вылучыць у якасці дапамогі Украіне, не хопіць, каб пакрыць выкліканыя вайной выдаткі.

«Мы ведаем, што гэтых грошай не хопіць, мы ведаем, што ў далейшым спатрэбіцца яшчэ вялікая прамая бюджэтная падтрымка», — заявіла яна.

А што ў Расіі?

Пасля нападу на Украіну супраць Расіі ўвялі жорсткія санкцыі. Краіна апынулася фактычна адрэзанай ад сусветнай фінансавай сістэмы, пазбавілася заходніх тэхналогій і прэферэнцый у гандлі, страціла частку грамадзянскай авіяцыі і палову назапашаных рэзерваў.

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
20
Абуральна
24

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру