Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

«Сюрпрызаў не здарылася. Мікола Статкевіч у ПК 13 у Глыбокім», — напісала Адамовіч.

Нядаўна Вярхоўны суд пастанавіў пакінуць прысуды фігурантам «справы Ціханоўскага» без зменаў. Статкевічу суд прызначыў 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Тое, што Статкевіча адправілі менавіта ў гэту калонію — помста Лукашэнкі за ягоныя колішнія «грахі». У Мікалая Статкевіча, якога ўтрымліваюць за кратамі ўжо 24 месяцы, ёсць непагашаная судзімасць па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Таму, згодна з заканадаўствам, Мікалаю нават не могуць пералічыць дні, праведзеныя ў СІЗА (па новых правілах адзін дзень утрымання пад вартай адпавядае паўтара дням пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму).

Асаблівы рэжым прадугледжвае: штомесячную «атаварку» на 3 базавыя велічыні; два кароткатэрміновых і адно працяглае спатканне на працягу года; адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу года.

У нядаўняй размове з «Новым часам» Марына Адамовіч распавяла, што ў Глыбоцкай калоніі вязняў утрымліваюць у камерах замест атрадаў:

«Адзінае, у чым я падманулася, што прапусціла — гэта тое, што асаблівы рэжым прадугледжвае камернае ўтрыманне. Гэта такая завуаляваная форма турмы пад выглядам калоніі.

Па сутнасці, асаблівы рэжым — гэта ўзаконенае маруднае забойства. Звычайна людзі не выжываюць там на працягу такіх тэрмінаў. Калі я прачытала пра гэта, проста распаўзлася лужынай у тым гомельскім гатэльчыку.

Мікалая чакае асаблівы рэжым утрымання ў Глыбокім, куды яго павінны перавесці на працягу дзесяці дзён пасля таго, як пройдзе апеляцыя.

Калонія вельмі падобная да арміі. Адзінае што — за калючы дрот не выйдзеш. Там прадугледжанае казарменнае ўтрыманне, там ёсць атрады, спартыўныя пляцоўкі…

Асаблівы рэжым — зусім іншае. У Глыбокім вельмі спецыфічны кантынгент. Там утрымліваюцца сапраўдныя асабліва небяспечныя рэцэдывісты — забойцы, гвалтаўнікі, асобы, асуджаныя да пажыццёвага зняволення, і тыя, каму смяротнае пакаранне замененае на пажыццёвае. Сярод такіх людзей будзе мой Мікалай.

Псіхалагічна гэта моцна мяне ўразіла.

Але я ведаю, наколькі моцны Мікалай чалавек, як і ведаю тое, што ў іх столькі часу дакладна няма».

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
30