26 чэрвеня памерла Аляўціна Вячорка, беларуская выкладчыца, рэдактарка, грамадская дзяячка. Ёй было 86 гадоў.
Філолаг паводле адукацыі, выкладчыца беларускай і рускай моваў, яна працавала ў Брэсце школьнай настаўніцай, пазней у Мінску літаратурным рэдактарам. Да 2002 года — вядучая рэдактарка ў выдавецтве «Беларусь».
Была сярод іншага рэдактаркай матэрыялаў сесій парламента, перакладаў на беларускую мову сусветнай класікі, папулярных дзіцячых кніг Анатоля Клышкі. На працягу многіх год актыўна дапамагала Таварыству беларускай мовы і беларускім газетам.
Актыўна ўдзельнічала ў грамадска-культурным жыцці.
Акрамя прафесійнай і грамадска-культурнай дзейнасці, яна выгадавала цудоўных нашчадкаў. Яе сын Валянцін (Вінцук) і ўнук Франак Вячоркі — вядомыя беларускія культурныя і грамадска-палітычныя дзеячы.
«Наша Ніва» выказвае ім, а таксама іншым родным і блізкім спадарыні Аляўціны свае шчырыя спачуванні.
Развітанне адбудзецца ў аўторак, 28 чэрвеня.





