Будынак галоўнага штаба Службы бяспекі Украіны (СБУ) ў Кіеве, Фота: Schutterstock.com

Будынак галоўнага штаба Службы бяспекі Украіны (СБУ) ў Кіеве, Фота: Schutterstock.com

Мае вышэйшую адукацыю і сям’ю ва Украіне

Затрыманы беларус пражывае ва Украіне з 2006 года на падставе віду на сталае жыхарства. Ён мае сям’ю і непаўналетняе дзіця.

Мужчына, якога падазраюць у шпіянажы на карысць «варожых спецслужбаў», нарадзіўся ў Маларыцкім раёне Брэсцакай вобласці і мае вышэйшую адукацыю.

Яго адвакат не паведаміў «Свабодзе» імя свайго падабароннага, абгрунтаваўшы гэта мэтамі бяспекі як для затрыманага, так і для яго сям’і. «Я не магу паведаміць вам яго асабістыя звесткі. Гэта нават у інтарэсах бяспекі яго сям’і», — сказаў ён.

Расследаванне справы працягнулі

Грамадзяніна Беларусі затрымалі 18 сакавіка. Дасудовае расследаванне справы мусілі закончыць 18 мая, але следчыя не змаглі своечасова правесці экспертызы, таму звярнуліся ў суд, каб працягнуць расследаванне справы да 18 ліпеня.

«Мой падабаронны звярнуўся ў СБУ, каб паведаміць, што яго маюць намер завербаваць спецслужбы Беларусі, а яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ, замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе «птушачку» і завяла крымінальную справу», — паведаміў «Свабодзе» адвакат. Ён таксама прасіў не называць яго імя.

«Прапанавалі хатні арышт пад заклад»

У сакавіку суд пры разглядзе хадайніцтва следства аб працягу ўтрымання беларуса пад вартай ухваліў магчымасць унясення фінансавага закладу. Пры аплаце 1984800 грыўняў (на той момант амаль 67 тысяч даляраў у эквіваленце) беларуса маглі перавесці пад хатні арышт.

Але такіх грошай у сям’і няма.

«Магу сказаць, што прымяняюцца недазволеныя метады правядзення дасудовага расследавання. Дэталі, калі я гэта змагу даказаць, адпаведна змагу таксама паведаміць», — паведаміў адвакат беларуса.

Юрыст пакуль не ведае, ці дазволяць правядзенне суда ў адкрытым для журналістаў рэжыме. Неўзабаве следства мае звярнуцца ў суд, каб чарговы раз падоўжыць тэрмін утрымання пад вартай і правядзення дасудовага расследавання.

Якіх экспертыз чакаюць следчыя

Следчыя тлумачаць неабходнасць працягення тэрмінаў расследавання справы тым, што яшчэ не завяршыліся экспертызы.

У прыватнасці, ад камандуючага сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны чакаюць заключэння па выніках правядзення экспертызы ў сферы дзяржаўнай тайны.

Асобна ўкраінскі навукова-даследчы інстытут спецыяльнай тэхнікі і судовых экспэртыз СБУ праводзіць камп'ютарна-тэхнічную экспертызу мабільнага тэлефона, які забралі ў беларуса пры затрыманні.

Следчыя не выключаюць, што па выніках экспертыз грамадзяніну Беларусі могуць змяніць абвінавачанне, а таксама вызначыцца з прававой кваліфікацыяй «дзеянняў магчымых саўдзельнікаў падазраванага». Гэта адзначаецца ў пастанове суда аб працягненні расследавання да 18 ліпеня.

Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, або без яе.

Першага «беларускага шпіёна» дагэтуль не могуць асудзіць

У чэрвені 2017 года на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларуссю, па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку. Ён адсядзеў у следчым ізалятары да кастрычніка 2019 года, пакуль яго не абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, затрыманага ў Беларусі паводле аналагічнага абвінавачання і асуджанага на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Юрый Палітыка, як і затрыманы на Валыні грамадзянін Беларусі, таксама абвінавачваецца паводле часткі 1 артыкула 114 Крымінальнага кодэкса Украіны аб шпіянажы.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
11
Сумна
3
Абуральна
10