Першая тэндэнцыя. ВУП падае тры месяцы запар

Ужо ў сакавіку можна было канстатаваць уваходжанне Беларусі ў рэцэсію, калі ВУП знізіўся на 3,3% у параўнанні з сакавіком 2021 года.

У красавіку негатыўны трэнд чакана ўзмацніўся і, паводле папярэдніх звестак, падзенне ў параўнанні з красавіком 2021 года склала 6,5%. Адпаведны паказчык у маі быў роўны ўжо 8,5%.

Самыя негатыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў апрацоўчай прамысловасці, падзенне якой на 12% тлумачыць практычна палову красавіцкага зніжэння.

Абсалютным антылідэрам аказаўся гандаль, дзе пасля ўсплёску праз панічныя закупкі, выкліканыя пачаткам вайны, падзенне да красавіка 2021-га склала больш за 20%. Сектары будаўніцтва і транспартных паслуг праселі больш чым на 15%. Прамысловая вытворчасць скарацілася больш чым на 10% пры росце складскіх запасаў на 8%.

Адзіным драйверам росту эканомікі застаецца сектар IT, які паказаў рост 7% у першым квартале да адпаведнага кварталу папярэдняга года, а ў красавіку паскорыўся да практычна 15-працэнтнага росту ў адносінах да красавіка 2021-га.

Інфляцыя з пачатку года склала больш за 16%, што ў разы перавышае заяўленыя мэтавыя паказчыкі Нацбанка, але пры гэтым не з'яўляецца рэкордам у сучаснай гісторыі Беларусі. Менавіта праз высокую інфляцыю сярэднія рэальныя даходы пачалі падаць: зніжэнне пакуль складае 1-2%.

Другая тэндэнцыя. Утойванне інфармацыі і славесныя інтэрвенцыі

Першай рэакцыяй прадстаўнікоў эканамічнага блока ўрада на распачатую вайну і наступныя санкцыі стала адмаўленне праблемы. Так, 25 лютага першы намеснік прэм'ер-міністра Снапкоў заявіў аб адсутнасці асаблівых цяжкасцяў для працы прадпрыемстваў і спажывецкага рынку. Адзінай праблемай на той момант ён назваў закрыццё Адэскага порта. Снапкоў выказаў упэўненасць, што і гэта лагістычная цяжкасць можа быць вырашана на працягу 10 дзён.

Прэм'ер-міністр Галоўчанка у той жа дзень, каментуючы паслабленне беларускага рубля, заявіў, што лічыць ваганні наступствам нагнятання дэструктыўных сіл і панікай, якая скончыцца праз некалькі дзён. Тэзісы аб тым, што санкцыі і вайна ў суседняй краіне ніяк не паўплываюць на эканоміку Беларусі, пасля рэгулярна паўтараліся з высокіх трыбун. Часам гучалі заявы аб станоўчым эфекце абмежаванняў — паколькі яны даюць беларускім таварам магчымасць заняць нішы, вызваленыя замежнымі кампаніямі на расійскім рынку.

Пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне Нацыянальны банк перастаў публікаваць рэгулярныя даследаванні эканамічнай кан'юнктуры.

Абмежаваўшы доступ да аб'ектыўных даных, урад працягнуў вясёлкавыя заявы, у якіх па-за кантэкстам разглядаецца толькі той ці іншы станоўчы фактар.

Напрыклад, у вялікім інтэрв'ю ад 24 мая Раман Галоўчанка сфакусаваў увагу на рэкордным узроўні прамых замежных інвестыцый, што павінна сведчыць аб станоўчай эканамічнай сітуацыі. Пры гэтым за кадрам застаўся той факт, што гэты паказчык быў дасягнуты за кошт фактычнай забароны замежным кампаніям на вывядзенне даходаў.

Узмоцнены спад ВУП таксама не быў згаданы.

Нагадаем, што ў 2021 годзе ў Крымінальны кодэкс была ўнесена папраўка аб крымінальным пакаранні за распаўсюд ілжывых звестак аб эканамічным становішчы спраў у Рэспубліцы Беларусь.

Трэцяя тэндэнцыя. Адзяржаўленне эканомікі

Трэнд на пашырэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку ў большай ці меншай ступені існаваў у Беларусі на працягу ўсяго кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў 1995 годзе ён абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку краіны» і ўдакладняў, што лічыць бізнэсменаў «вашывымі блохамі». З часам антырынкавая пазіцыя дзяржавы пачала слабець, а ў 2017-2019 гадах Лукашэнка нават не раз адзначаў поспехі прыватнага бізнэсу і IT-сектара.

Пасля пратэстаў 2020-2021 гадоў маятнік зноў качнуўся ў адваротны бок, і разам з арыштамі буйных прадпрымальнікаў і неакрэдытацыяй дырэктараў камерцыйных банкаў пасыпаліся абвінавачванні прыватнага бізнэсу ў нелаяльнасці і разгоне інфляцыі.

«Белгазпрамбанк», раней узначалены Віктарам Бабарыкам, фактычна перайшоў пад дзяржаўнае кіраванне.

У 2020 годзе 6 дырэктараў і членаў праўлення камерцыйных банкаў Беларусі былі прызнаныя тымі, хто «не адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі». У 2021 гэтая лічба вырасла да 12, а за першыя 5 месяцаў 2022 года склала ўжо 10. Пры гэтым у 2017-2019 гадах лік «некваліфікаваных» кіраўнікоў камерцыйных банкаў у Беларусі складаў ад 2 да 4 у год.

Па ўсёй бачнасці, такая мера прымяняецца да камерцыйных банкаў для таго, каб тыя больш ахвотна ішлі на спісанне крэдытаў дзяржаўным прадпрыемствам, выконвалі «рэкамендацыі» рэгулятара і не разгалошвалі даступную ім грамадска важную інфармацыю.

Адзін з краевугольных камянёў парадыгмы перавагі дзяржаўнай эканомікі — перакананасць у тым, што ўлада можа інвеставаць грошы рацыянальней за звычайных удзельнікаў рынку. Так, прэм'ер-міністр Галоўчанка яшчэ ў канцы 2020 года ўскладаў надзеі адносна эканамічнага росту менавіта на пачатак новага дзяржаўнага інвестцыкла.

Галоўным агентам дзяржаўных інвестыцый у Беларусі з'яўляецца Банк развіцця — менавіта туды сцякаюцца свабодныя сродкі і спецыяльныя правы.

Так, у лістападзе 2021 года Нацбанк дазволіў укладваць свабодныя сродкі Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб у аблігацыі Банка развіцця, а пазней Банк развіцця праз серыю спецыяльных указаў змог эмітаваць аблігацый на некалькі мільярдаў рублёў.

Акрамя дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, з моманту палітычнага крызісу 2020 года ўрад стала больш актыўна ўмешвацца ў цэнаўтварэнне. Ён некалькі разоў вінаваціў прыватных рытэйлераў ў штучным завышэнні цэн, а адзін з уладальнікаў буйной сеткі крамаў нават быў арыштаваны пасля таго, як Аляксандар Лукашэнка публічна абвінаваціў яго ў нежаданні прадаваць беларускія тавары.

З'явіўся спіс тавараў, цэны на якія павінны кантралявацца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, што прывяло да яшчэ большага росту цэн.

Увагу Аляксандра Лукашэнкі прыцягнуў і адзіны сектар эканомікі Беларусі, які раней у найменшай ступені быў ахоплены дзяржавай — IT. Ад абяцанняў разабрацца з Паркам высокіх тэхналогій, крымінальнага пераследу асобных кампаній і пагроз у адрас найбуйнейшых гульцоў галіны Лукашэнка перайшоў да агучвання ўласнага бачання развіцця IT-кампаній у сучасных умовах.

Чацвёртая тэндэнцыя. Ачаговая лібералізацыя

Гэтая тэндэнцыя з'явілася толькі пасля прызнання Беларусі суагрэсарам у вайне і ўзмацнення санкцый.

Пасля пачатку вайны і ўзмацнення санкцыйнага ціску беларускія прадпрымальнікі чакалі паслабленняў і падтрымкі ад дзяржавы.

Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў падрыхтаваў прапановы па падтрымцы бізнэсу. Ён выказваў надзею на змяншэнне бюракратычных перашкод і праверак, дапамогу ў абыходзе шэрагу санкцый, падатковыя канікулы і валютныя паслабленні. А рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў прасіла выдзеліць ім 1,2 мільярда расійскіх рублёў з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Аднак міністр фінансаў Селіверстаў адхіліў большую частку прапаноў прадпрымальнікаў, заявіўшы, што грошы патрабуюцца на пасяўную. Тым не менш на некаторыя змякчэння умоў для бізнэсменаў дзяржава ўсё ж пайшла. У прыватнасці, быў пяціразова (да 1000 еўра) павышаны ліміт кошту пасылак для бяспошліннага ўвозу ў Беларусь, шмат у чым адменена эмбарга на ўвоз прадуктаў харчавання з ЕС, а таксама знятыя абмежаванні на выезд з краіны.

Клас
14
Панылы сорам
15
Ха-ха
47
Ого
8
Сумна
3
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру