Фота тут і далей: асабісты архіў

«Жарты на беларускую перакладаў адразу на сцэне» 

«Наша Ніва»: Прайшоў ваш першы беларускамоўны стэндап у Кракаве. Як гэта было?

Міхаіл Ільін: Канцэрт прайшоў выдатна. Поўны солд-аўт, усе месцы занятыя. Нават было больш чалавек, чым мы чакалі. Першапачаткова бронь была на 54 чалавекі, але прыйшлі яшчэ людзі, якія набывалі квіткі на месцы. Недзе 60 чалавек было, думаю. Амаль усе беларусы і некалькі ўкраінцаў. Ім было цікава пачуць беларускую мову жыўцом. 

Асабіста мне складана не было. Я раней ўжо ўдзельнічаў у беларускамоўным стэндапе ў 2020 годзе, на Дзень роднай мовы. Беларуская мова ўвогуле прысутнічае ў маім жыцці. Некаторыя жарты былі «правераныя», з імі раней выступаў на рускай мове. Шчыра кажучы, асабліва загадзя іх не перакладаў, рабіў гэта адразу на сцэне. Падчас выступлення зрабіў дзве-тры памылкі, перайшоў на трасянку. Як мне сказалі потым, гэта не заўважылі. Хлопцам было складаней, два з іх упершыню выступалі па-беларуску. Яны рыхтаваліся з гугл-перакладчыкам, падыходзілі да мяне за 5 хвілін да мерапрыемства, пыталіся словы.

«НН»: Чаму толькі цяпер вырашылі, што ёсць патрэба рабіць стэндап па-беларуску?

МІ: Я не скажу, што патрэба з’явілася толькі цяпер. Усё ж мерапрыемствы на беларускай мове праходзілі і раней, але, мабыць, гэта былі больш тэматычныя вечарыны. У Мінску яшчэ ў 2019-м такія канцэрты не карысталіся попытам. Але я быў прыхільнікам, каб іх пашыраць.

Магчыма, вайна адыграла нейкую ролю ў нашым цяперашнім рашэнні.

Камерцыйную жылку мы тут не бачылі — мы на стэндапах не зарабляем, большасць грошай ад канцэртаў ідзе на дапамогу ўкраінскім уцекачам. Напрыклад, аднойчы з намі выступаў адзін комік з Украіны, яго бацьку патрэбны быў для валанцёрскай дзейнасці прычэп да аўтамабіля, каб перавозіць гуманітарную дапамогу. Вось мы з аднаго канцэрта набылі яго. 

А сам стэндап мы больш робім для людзей, якім будзе цікавы нават не канцэрт, а пачуць беларускую мову.

«НН»: Як пачалася ваша асабістая гісторыя «знаёмства» з беларускай мовай?

МІ: Да 1996 года я жыў ва Украіне, у Сумскай вобласці, пашпарт быў нават украінскі. Маці ў мяне беларуска, бацька — украінец. Пасля вярнуліся ў Брэст, там я пайшоў у першы клас, і там пачалося маё знаёмства з беларускай мовай. Першыя мае стэндапы былі ў Брэсце, у Мінск я пераехаў толькі ў 2018-м.

«НН»: Можа, былі нейкія словы, якія выклікалі цяжкасці з перакладам?

МІ: У мяне быў жарт пра «рождественский турнир Лукашенко». І перад выступам узнікла пытанне, як гэта дакладна перакласці. Няўжо калядны? На мой густ у дачыненні да ініцыятывы Лукашэнкі «каляднае» гучыць не вельмі. Таму я проста сказаў, што быў турнір на Раство ад Лукашэнкі. 

«НН»: Памятаеце свой першы выступ? Якім ён быў?

МІ: Даволі добрым, дарэчы, хаця ёсць стэрэатып, што першыя выступы правальныя. Выступаў я ў Брэсце, на адкрытым мікрафоне. Мяне адразу пасля гэтага мясцовыя хлопцы сталі клікаць на іншыя мерапрыемствы, на разагрэў да яшчэ тады не вельмі вядомага Аляксандра Далгаполава (расійскі комік. — НН). 

Пазней пачаў эксперыментаваць. Тады ўсплывае больш памылак, але ўсё роўна гэта досвед. Без правальных выступаў ні ў стэндапе, ні ў іншых жанрах развівацца, мне здаецца, нельга.

«З падазрэннем ставіўся да Каца яшчэ ў 2020 годзе»

«НН»: Пра што вы жартавалі да 2020-га?

МІ: І да 2020 года я жартаваў пра палітыку. Летам 2020-га ў беларускім стэндапе быў усплеск, усе пачалі жартаваць пра гэта. А восень таго года стала залатым часам, бо фактычна адсутнічала цэнзура. Але асабіста ў мяне ў гэтым плане нічога не змянілася. Я як жартаваў, так і працягнуў. Больш папулярны стаў толькі мой твітар. 

Страшна жартаваць пра палітыку не было. У 2017-м я яшчэ быў ноўнэймам. Вядома, што цікавасці нейкай да маёй персоны не было. Мне трапляліся мае пасты, якія я рабіў у 2019-м, — яны жорсткія. Цяпер, знаходзячыся ў Беларусі, не думаю, што мог бы так пажартаваць, каб мне нічога за гэта не было. Часы былі іншыя. Сёння за любы камент, жарт, дзе фігуруе Лукашэнка, могуць прыцягнуць да адказнасці за абразу.

«НН»: Вы падтрымліваеце ідэю, што жартаваць можна пра каго заўгодна і пра што заўгодна?

МІ: Калі агулам, то так. Калі ўлада пазіцыянуе сябе як дэмакратычная, вядома, яна павінна мірыцца з тым, што крытыка — гэта адзін з інструментаў яе непрыхільнікаў. У нас жа ў краіне ўсё інакш. Стаіць пытанне асабістай бяспекі. 

У твітары я хутка рэагую на інфармацыйныя нагоды. Гэта спосаб праз жарт давесці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. 

 

«НН»: Памятаеце, пасля якіх пастоў твітар пачаў набіраць абароты?

МІ: Думаю, што летам 2020-га. Многія людзі прыходзілі ў твітар не толькі з-за жартаў, а і з-за маёй прафесіі — я тады вёў стрымы з вулічных акцый. Даходзіла да таго, што сто чалавек за дзень магло падпісацца. Памятаю толькі адзін канкрэтны выпадак. Гэта было ў дзень так званай інаўгурацыі Лукашэнкі, мы з маім калегам знялі сюжэт пра таксіста, які выратаваў пратэстоўца, за якім беглі сілавікі. Тады больш за тысячу чалавек на мяне падпісалася за адну ноч.

«НН»: Нядаўна на адзін з беларускіх мемаў пакрыўдзіўся Кац. Што пра гэту сітуацыю думаеце?

МІ: Да Каца рознае стаўленне ў людзей. Я з падазрэннем да яго ставіўся яшчэ ў 2020 годзе. Ён проста неяк дзіўна раздае парады беларусам, як сябе весці на пратэстах. Сам чалавек не знаходзіцца ў Беларусі, слаба ўяўляе, як гэта ўсё працуе. Пакрыўдзіўся і пакрыўдзіўся, не хочацца нікога абражаць. Але за сітуацыяй, калі Кац не разумее беларускую мову, мемы, смешна назіраць, мяне гэта забаўляе.

«НН»: А дзе мяжа паміж абразіць і пажартаваць?

МІ: Тонкая матэрыя. Яна выпрацоўваецца з часам. Проста трымацца чалавечых прынцыпаў, напрыклад падумаць, ці мог бы абразіць гэты жарт мяне, маці ці родных. Гэта адзін з такіх простых лайфхакаў. Праблема ў тым, што на кожны жарт, якім бы лайтовым ён ні быў, знойдуцца людзі, якія абразяцца.

«НН»: Былі твіты, за якія сорамна?

МІ: У твітары ёсць такая функцыя, як выдаленне, таму, калі я напісаў нейкі твіт і зразумеў, што сфармуляваў яго так, што нехта можа абразіцца, я яго выдаляў. Гэта не тое, каб праца над памылкамі, а хутчэй, мая рэфлексія. Выдаляць твіт ці выбачацца за жарт, які я лічу смешным і ён супадае з маёй пазіцыяй, — такога не раблю. 

«Некаторыя комікі расказвалі мне свой жарт і пыталіся, ці могуць іх за гэта пасадзіць»

«НН»: Слава Камісарэнка, Ідрак Мірзалізадэ і іншыя комікі за свае жарты аб палітыцы былі вымушаныя з'ехаць. Як лічыце вы, ці ёсць такія жарты, якія гэта каштуюць?

МІ: Тут больш пытанне пра свабоду слову, мне здаецца. Кожны сам для сябе робіць выбар. Досыць сумна, што не існуе такіх умоў, дзе ты можаш спакойна выказвацца і табе за гэта нічога не будзе. Але трэба вырашыць, што важней — заставацца ў нейкай ўмоўнай зоне камфорту, знаходзячыся ў Беларусі, жыць у бацькоўскім доме альбо проста без цэнзуры выказваць свае думкі, не падстройвацца пад гэтыя ўмовы і заставацца тым чалавекам, якім ты хочаш быць. 

Я з’язджаў з краіны напрыканцы восені 2021-га. Мне, мякка кажучы, ужо было некамфортна знаходзіцца ў Беларусі. Умовы, якія тады існавалі на беларускай стэндап-сцэне, былі непрыдатныя для таго, каб жартаваць пра палітыку. Акрамя самацэнзуры, якая заўсёды існавала на розных ступенях і да 2020-га, да гэтага дадалася пэўная цэнзура пляцовак, на якіх ты мог выступаць. 

Яшчэ калі я быў у Беларусі, да мяне асабіста некаторыя комікі падыходзілі (яны ведалі, што я працую журналістам), расказывалі свой жарт і пыталіся, ці могуць іх за гэта пасадзіць.

«НН»: Калі пачалася вайна, у вас быў нейкі «творчы крызіс»? Як жартаваць падчас вайны?

МІ: Крызісу не было. Наша тусоўка комікаў з Беларусі, якія цяпер робяць стэндап у Варшаве, пачыналася акурат з дабрачыннай дзейнасці. Вайна ва Украіне нават пабудзіла нас гэтым займацца, бо разумелі, што, знаходзячыся ў Варшаве, мы можам дапамагчы — арганізаваць канцэрт і сабраць грошы. Заадно даць магчымасць людзям адцягнуцца ад таго, што адбываецца. Для нас таксама атрымалася пэўная тэрапія: не сядзелі над стужкай навін, а займаліся справай. 

«НН»: У вас на руцэ татуіроўка — аўтазак. Чаму менавіта яго набілі?

МІ: Рубрыка «Дзеці, не паўтарайце гэта дома ў Беларусі». Зроблена яна была яшчэ ў Мінску, восенню 2020-га. У бары «Карма» праходзілі па панядзелках розыгрышы сэртыфікатаў на татуіроўкі. Я выйграў, пасля некалькіх куфляў піва падумаў, што будзе дасціпна пажартаваць у твітары, што калі допіс збярэ дзесяць тысяч лайкаў, то наб’ю сабе пылаючы аўтазак. І потым прыйшлося адказваць за свае словы.

«НН»: Вы цяпер ў Польшчы. Айцішнікі на рэлакейце любяць апісваць мінусы жыцця за мяжой. Што ў вашым спісе?

МІ: Квасу лідскага не хапае — яшчэ да вайны набыў яго ў краме, ён быў экспартны, нават лацініцай на ім усё было напісана. Гэта быў не той квас, які я запомніў з Беларусі.

Чытайце таксама: 

Комік Ідрак Мірзалізадэ зладзіў свой першы беларускамоўны стэндап — пагутарылі з ім пра аншлаг на канцэрце, жарты падчас вайны і рускі свет

«Знаёмы пісаў: ідзі прасі прабачэння, прыбяры свой гонар, а то сядзіш у амбасадзе». Кузнечыкі, якія ўцяклі з Беларусі, расказалі і паказалі, як жывуць цяпер

Клас
53
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Каментатарка / Адказаць
02.07.2022
Файны хлопец:) Падабаецца
1
гоблин / Адказаць
04.07.2022
То чувство, когда стыдно за беларусов. Кац дело умеет делать, а не только языком трепать, как эта болтушка. Многие знают Каца, кто этот юморист Мишка, это загадка. Ну да делайте себе очередное гетто, нашчадки былинных ляцвинау, прав был Лукако, некоторые люди только и умеют, что говорить по-белорусски. И очень этим гордяцо. Поскольку больше ничего не умеют)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру