З такім плакатам можна выйсці на вуліцу дзе заўгодна, але не ў Беларусі. Чалавека за яго кінуць за краты, і не дапаможа гэтага пазбегнуць нічога — ні ўзрост, ні стан здароўя

Учора з’явілася навіна, што жыхарка Гомеля Ірына Кучвальская накіравала старшыні мясцовага гарвыканкама заяўку на правядзенне адзіночнага пікета супраць вайны ва Украіне. Крок у цяперашняй сітуацыі вельмі адважны і рызыкоўны. А адначасова і чыста сімвалічны, без практычнага складніка. Бо відавочна, што шанцаў на пазітыўны разгляд і задавальненне заяўкі няма: яны і ў лепшыя часы былі ў нас апрыёры роўныя нулю, цяпер жа і пагатоў. І яшчэ добра будзе, калі заяўку проста праігнаруюць або адкажуць адпіскай, а не пачнуць суровы пераслед жанчыны па ўсёй строгасці «не да законаў».

Ніякіх прэтэнзій да Ірыны Кучвальскай, натуральна, няма і быць не можа. Яна, безумоўна, гераіня нашага часу, якая свядома кінула дэманстратыўны выклік Дракону, відавочна ўсведамляючы бесперспектыўнасць змагання з ім на гэтым полі. Але проста не змагла маўчаць. Як не змаглі 8 маскоўскіх інтэлігентаў у 1968 годзе, выйшаўшы на Красную плошчу пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Ва ўсе часы былі, ёсць і будуць такія людзі, здольныя на індывідуальны публічны пратэст нават у безнадзейнай сітуацыі. І ў Беларусі такія людзі не абмяжоўваюцца Ірынай Кучвальскай, іх тысячы.

Звярнуў, аднак, увагу на рэакцыю, якую выклікаў учынак Кучвальскай ва ўкраінскіх сацсетках. Адзін з карыстальнікаў Фэйсбука так пракаментаваў інфармацыю, выставіўшы яе на сваёй старонцы і пашырыўшы па розных суполках:

«А што мы можам зрабіць?», — тепер таке питання можна доволі часто почути від громадян Білорусі. Відповідь є. Для всіх білорусів, хто бажає зробити власний внесок у недопущення відкритого нападу Білорусі на Україну — заява мешканки Гомеля Ірини Кучвальської до Гомельского міськвиконкому… Відповідальний чесний мужній, водночас — юридично вивірений крок».

Асноўны змест каментароў да гэтага допісу — тыповы для сучасных унутрыўкраінскіх дыскусій на гэту тэму: «На жаль, переважна більшість білорусів боягузи і раби! І до них лише зневага!»; «Так, жінка справді мужня. Проте, як і в Росії, вона залишається винятком з правила»; «Якщо нічого не можуть рабіць то нехай сидять вдома і не ходять на вибори, а також не ходять на війну». А на бадай адзіны каментар, які выказваў нязгоду з такімі рэзкімі ацэнкамі і спрабаваў давесці складанасць беларускай сітуацыі, быў строгі маралістычны адказ аўтара паста: «Важлива особиста участь у вигляді дії, а не абстрактне співчуття чи навіть спостереження».

Трэба сказаць, што гэты пост пісаў не нейкі абывацель, а вядомы ў Чарнігаве гісторык-навуковец, публіцыст і грамадскі дзеяч. Да таго ж з шырокімі беларускімі кантактамі, пра што сведчыць наяўнасць у сябрах шматлікіх прадстаўнікоў нашай інтэлігенцыі. Таму ягоная пазіцыя, на жаль, паказальная ў плане таго, наколькі нават такія людзі, якім, так бы мовіць, сам Бог казаў разбірацца ў нашай сённяшняй сітуацыі глыбей, насамрэч грашаць павярхоўнасцю ў яе разуменні.

Напрыклад, адну толькі горкую ўсмешку выклікае згадка пра «юрыдычную выверанасць» кроку спадарыні Ірыны як нібыта чыннік, што мае хоць бы нейкае значэнне ў беларускіх умовах. Гэта сведчыць пра тое, што

нават адукаваныя ўкраінцы, якія жывуць непадалёк ад Беларусі і маюць з ёй непасрэдныя кантакты на чалавечым узроўні, не могуць даць веры таму, што ў краіне на ўсіх узроўнях можа быць поўная і дэманстратыўная пагарда да пісаных законаў.

Што краіна даўно жыве чыста «па паняццях», пры якіх «юрыдычная выверанасць» не мае ані найменшай вагі. Хоць бы таму, што органы, якія мусяць паводле сваіх функцый за выкананнем законаў сачыць і за адхіленне ад іх караць, на самай справе самі найбольш актыўныя ва ўкараненні прынцыпу «иногда не до законов». Ды, уласна кажучы, на сустрэчы менавіта з прадстаўнікамі гэтых органаў дадзены прынцып і быў у свой час упершыню публічна агучаны.

Парадокс таксама ў тым, што акурат вернасць беларусаў у 2020 годзе прынцыпам «юрыдычнай выверанасці», імкненне дзейнічаць выключна ў рамках законаў (на якія процілеглы бок дэманстратыўна і тады пляваў) ды захоўваць нягледзячы ні на што пратэсты ў мірным рэчышчы ёсць неадлучнай часткай украінскага хэйту, скіраванага супраць беларусаў. Словы «переважна більшість білорусів боягузи і раби! І до них лише зневага!» мы звычайна чуем акурат у сувязі з гэтай нашай тактыкай, а далей ідуць развагі пра ўніверсальныя ў сваёй цудадзейнасці «кактэйлі Молатава» і г. д. А цяпер, аказваецца, спроба дзейнічаць у фармальных рамках, акрэсленых рэжымам, не недахоп, а перавага.

Зрэшты, калі адступіць ад іроніі і казаць сур’ёзна, то

галоўная праблема нашых украінскіх хейтараў — у неразуменні, а часта і ў нежаданні разумець таго відавочнага факта, што ў сучаснай Беларусі рэальны, а не чыста сімвалічны адкрыты пратэст супраць рэжыму і ягоных дзеянняў, у тым ліку і на ўкраінскім кірунку, немагчымы па азначэнні. Сёння любая апазіцыйная рэжыму актыўнасць цалкам сышла ў падполле,

і праціўнікі ўлады не толькі не папярэджваюць пісьмова гарвыканкамы пра дзеянні, якія збіраюцца рабіць, але ўсімі сіламі хаваюць, каб пра намер іх правесці не даведалася да часу ніводная лішняя жывая душа.

Таму і можа складвацца ўражанне — асабліва звонку, — што ў Беларусі зусім мёртвая пустка, на якой, як пісаў вялікі Шаўчэнка, «од молдаванина до фіна на всіх язиках все мовчить, бо благоденствує!» Тым больш што рэальныя тэхнічныя магчымасці зрабіць нешта сапраўды грандыёзнае, каб зноў, як у 2020 годзе, ахнуў увесь уражаны свет, аб’ектыўна абмежаваныя.

І таму даводзіцца пакуль рабіць хоць штосьці драбнейшае і не вельмі прыкметнае, асабліва з адлегласці. Але пры гэтым калі за гэтай «драбязой» зловяць, то пакаранне найхутчэй адграбецца зусім не дробнае.

Уражанне, што сучасная Беларусь толькі ціхае ды пакорлівае, а тым больш усім задаволенае балота, падманлівае. У той час, калі ўкраінцы распісваюць у сваіх пабліках, што «95% беларусаў вартыя пагарды прыроджаныя рабы, якіх і не шкада», у якіх-небудзь умоўных Капаткевічах жыве які-небудзь умоўны Вася, які працуе, напрыклад, на мясцовай пілараме. Ён у 2020 годзе быў прыхільнікаў пераменаў, удзельнічаў наколькі магчыма ў пратэстах, можа нават за гэта і пацярпеў. Пасля таго ж, як у краіне закруціліся гайкі і любая форма праявы альтэрнатыўнай думкі стала жорстка карацца, перастаў сваю пазіцыю выказваць адкрыта і дэманстратыўна, але поглядаў не памяняў. Калі ж пачалася вайна Расіі з Украінай, падпісаўся на канал «Беларускі Гаюн» і стаў яму скідаць інфармацыю пра тое, што бачыць наўкол.

Лётаюць вайсковыя самалёты, ездзіць вайсковая тэхніка, на чыгуначную станцыю прыбываюць вайсковыя грузы, ходзяць нейкія чуткі, нейкая іншая карысная інфармацыя — усё гэта Вася збірае і адпраўляе.

Але, вядома, у строгай таямніцы, бо калі даведаюцца карныя структуры, мала не падасца — прэцэдэнтаў нямерана. Ні ў сацсеткі пра сваё гераічнае (без іроніі!) супрацьстаянне не піша, ні СМІ інтэрв’ю не дае.

Але ў пэўны момант Вася можа страціць асцярожнасць і дапусціць памылку. Ці карныя структуры самі яго метадычна неяк вылічаць — не зусім жа там недарэкі, нешта і ўмеюць. І пасля для Васі пачынаюцца колы пекла ў лукашэнкаўскіх катоўнях. З закрытым судом на выхадзе і скупымі некалькімі радкамі пасля яго ў паведамленнях праваабаронцаў і незалежных СМІ. З якіх чытач даведаецца толькі, што «мужчына такога і такога ўзросту з такога і такога населенага пункта асуджаны на столькі і столькі гадоў калоніі па такім і такім артыкуле за супрацоўніцтва з рэсурсам, прызнаным экстрэмісцкім». Нярэдка ў суправаджэнні скрыншота з відэа сілавікоў, бо іншых фота няма. І ўсё.

Больш інфармацыі пра чалавека і ягоныя дзеянні здабыць няма адкуль, бо і праваабаронцы, і рэдакцыі СМІ працуюць з-за мяжы і таму маюць вялікія цяжкасці са здабываннем і праверкай інфармацыі. Адвакатаў на працэсе ці не было, бо амаль усіх незалежных ад дзяржавы масава папазбаўлялі ліцэнзій, ці яны звязаныя абавязковай падпіскай аб неразгалошванні. А сям’я Васі на кантакт ні з кім не ідзе, бо хапаецца за саломінку надзеі (якая ніколі, праўда, не спраўджваецца), што калі будуць маўчаць і не адсвечваць, то можа іхнаму сваяку дадуць не дзесяць гадоў, а дзевяць…

Дык вось нават у Беларусі складана з такіх вось лаканічных паведамленняў, якія рэгулярна з’яўляюцца, саткаць нейкае суцэльнае палатно. Тым больш калі яны ідуць у агульнай няспыннай плыні паведамленняў пра рэпрэсіі за іншыя «грахі», канвеер якіх і не думае спыняцца. Дзе ж будуць разбірацца з усім гэтым іншаземцы? Добра, калі хоць на нейкія гучныя і дэманстратыўныя выпадкі ўвагу звернуць і неяк ацэняць. Хоць, наколькі я ведаю, кейс Людмілы Рамановіч з Маларыты таксама ва Украіне не быў асабліва заўважаны. Хоць гэтая мясцовая актывістка ўкраінскага руху села на 1,5 года акурат за сваю актыўна дэманстраваную антываенную і праўкраінскую пазіцыю.

Дык вось паколькі падобныя дробныя «ў параўнанні з сусветнай рэвалюцыяй» (хоць для тых, каму ў пакаранне за іх ламаюць жыццё, яны зусім не дробныя) выпадкі амаль не знаходзяць адлюстравання ва ўкраінскіх СМІ (бо што яны ў параўнанні з тым, што нейкая галівудская зорка напісала пост у падтрымку Украіны ў твітары ці інстаграме), у многіх украінцаў і складваецца ўражанне, што беларусы, якія застаюцца ў Беларусі, да іхніх бедаў абыякавыя. Хоць

насамрэч многія з іх памагаюць чым могуць, але свядома не адсвечваюць, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Таму пра іхныя чыны пагалоска і не нясецца на ўвесь свет.

Але гэта не значыць, што гэтых людзей няма, і што іх нейкія мізэрныя адзінкі. Той жа вышэйзгаданы «Беларускі Гаюн» стабільна дзейнічае, і інфарматары ў яго не зводзяцца. Бо схоплены Вася не адзін, такіх людзей сотні тысяч. Хоць і паведамленні пра іх выяўленне ды наступную жорсткую расправу з’яўляюцца рэгулярна. А ёсць жа яшчэ і іншыя формы ціхага пратэсту…

Вядома, украінцы могуць лагічна запярэчыць і сказаць: ну што нам з гэтай вашай патаемнай дапамогі, якой мы праз кардон асабліва простым вокам і не бачым? Усё, што робяць гэтыя вашыя нікому ў нас не вядомыя Васі ці Пеці, па сутнасці смешныя слёзы на фоне таго, як нам памагаюць «сапраўдныя браты ды сёстры з Захаду», а не «юды», з боку якіх у наш бок ляцяць ракеты. Вось спыніце ракеты — тады і пагаворым. А цяпер шкоды ад вас больш, чым карысці. Нават матэрыяльная падтрымка ад вас мізэрная на фоне іншых. Вось літоўцы нам назбіралі на «байрактар», палякі таксама ўзяліся і, відаць, назбіраюць, а дзе беларускі «байрактар»?

Беларускага «байрактара» сапраўды не будзе.

Збіраць на яго грошы ў цяперашніх умовах можа хіба толькі беларуская эміграцыя, бо ў Беларусі цяпер ніякія адкрытыя зборы, як і любая іншая публічная дзейнасць, немагчымыя (за гэта некаторыя людзі ўжо сядзяць, а іншых радыя былі б пасадзіць, ды рукі кароткія). А ў эмігрантаў магчымасці таксама абмежаваныя, хоць бы таму, што многія з гэтых людзей, большасць якіх спешна пакінула радзіму цягам двух апошніх гадоў, нягледзячы на самыя шчырыя намеры і спачуванне ўкраінцам, самі на чужыне пакуль не сталі на ногі і ледзь сточваюць канцы з канцамі.

Ды і падтрымку сваіх палітвязняў ды іх сем’яў ніхто не адмяняў, з ёй цяпер нам свет, увага якога пераключаная на Украіну — супраць чаго мы аніяк не пярэчым — наўрад ці шмат паможа.

Наш народ у сэнсе дапамогі Украіне цяпер на агульным фоне, на жаль, апынуўся ў сітуацыі евангельскай удавы ў Іерусалімскім храме, якая кінула ў багатую скарбонку свае дзве мізэрныя лепты, хоць іншыя кідалі золата жменямі. Але, як мы памятаем, Ісус Хрыстос яе не асудзіў і ні ў чым не абвінаваціў, а якраз наадварот:

«І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой» (Мк. 12:41—44).

Дзве нашыя ўдовіныя лепты — гэта дробязь, вядома, за іх УСУ не пераўзброіш. Але і грэбаваць імі таксама не варта, бо яны як мала якія іншыя, што кладуцца сёння ўсім светам на алтар украінскай перамогі, народжаныя з пакутаў і абмытыя слязьмі.

Чытайце таксама:

«Realpolitik — яна такая». Падаляк, Ціханоўская ды натуральныя і сітуатыўныя саюзнікі Украіны

Алесь Сантоцкі: Лукашэнка так і не зразумеў, чаму ўкраінцы выстаялі

«Мне, шчыра кажучы, усё роўна». Ды на здароўе, Зяленскі

Клас
219
Панылы сорам
11
Ха-ха
9
Ого
7
Сумна
31
Абуральна
22

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
123 / Адказаць
01.07.2022
[Рэд. выдалена]
0
456 / Адказаць
03.07.2022
Простые украинцы - это жертвы первого впечатления, которое еще и подтвердилось. Сегодня белорусам трудно и неудобно их разубеждать и если устраивать пикеты в Беларуси, то будет себе дороже! Нам еще будут нужны люди на свободе!
0
NIna / Адказаць
06.07.2022
Ну, насчет "с таким плакатом можно выйти на улицу где угодно, только не в РБ" - малость неверно. В России тоже не выйдешь.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру