Дзмітрый Нешта
Справу разглядала суддзя Юльяна Шчэрба.
Дзмітрый Нешта — вайсковы пенсіянер, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе.
Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 года. Нядаўна ўключаны ў «спіс тэрарыстаў» па версіі КДБ.
Па матэрыялах следства, абвінавачаны Нешта 26 верасня 2020 года, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, вырабіў тры «кактэйлі Молатава».
Паводле абвінавачвання, у мэтах аказання ўздзеяння на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь адной з вайсковых частак, каб яны адмовіліся дапамагаць супрацоўнікам праваахоўных органаў падчас падаўлення пратэстаў на тэрыторыі Баранавічаў, «дзейнічаючы агульнанебяспечным спосабам», кінуў тры запаленыя «кактэйлі Молатава» ў аўтамабілі вайскоўцаў. Пераканаўшыся, што яны ўспыхнулі, сышоў з месца здарэння.
Па сукупнасці злачынстваў абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Дзмітрый Нешта пазбаўлены вайсковага звання «падпалкоўнік».





