Адзначым, што ў 2020 годзе закон ужо пацярпеў абнаўленні, пасля прыняцця якіх ва ўлады з’явілася магчымасць пазбаўляць грамадзянства «экстрэмістаў», якія не з’яўляліся грамадзянамі Беларусі па нараджэнні. Гэтым разам лукашэнкаўцы хочуць змяніць закон так, каб пазбаўляць грамадзянства і тых, хто атрымаў яго па нараджэнні. Што, па словах юрыста НАУ Міхаіла Кірылюка, з’яўляецца нонсэнсам.

«У сучасным цывілізаваным свеце няма прыкладаў, каб грамадзяніна той ці іншай дзяржавы па нараджэнні пазбаўлялі грамадзянства роднай краіны з-за палітычных перакананняў», — кажа Кірылюк.

Апроч гэтага, юрыст звяртае ўвагу на той факт, што прыняцце такіх паправак будзе пярэчыць беларускай Канстытуцыі, нават з улікам усіх змен і дапаўненняў. У артыкуле 10 кажацца, што ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Беларусі.

«Але, калі мы гаворым пра сучасную Беларусь, то ў першую чаргу трэба сыходзіць не з таго, як гэта мусіць быць па законе, а як гэта можа адбывацца на практыцы. Таму калі будзе загад прыняць такі закон і пачаць пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму, то яны абавязкова знойдуць і юрыдычныя «падставы», і абгрунтаванне таго, што гэта «законна» і вельмі карысна і неабходна для краіны», — мяркуе юрыст.

Што тычыцца юрыдычных наступстваў, то першае, з чым сутыкнецца чалавек, — аўтаматычнае спыненне дзейнасці яго пашпарта як дакумента, які пацвярджае факт грамадзянства. 

«Але з улікам таго, што большасць цывілізаваных краін разглядаюць такія дзеянні не як прававую норму, а як акт палітычнага пераследу, то можна чакаць, што яны працягнуць успрымаць пашпарт ужо былога грамадзяніна Беларусі за дакумент, па якім можна будзе ідэнтыфікаваць яго асобу. Прынамсі да таго часу, пакуль чалавек не атрымае новы дакумент».

Для вырашэння такога кшталту праблем у міжнародным праве ёсць даўно зацверджаныя нормы, якія скіраваныя на тое, каб дапамагчы людзям, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам і маюць праблемы з дакументамі.

Наступствы ад страты грамадзянства Кірылюк параўноўвае са сканчэннем тэрміну дзеяння беларускіх дакументаў.

«Такім асобам трэба звяртацца па атрыманне палітычнага прытулку ў краіне пражывання і на гэтых падставах атрымліваць так званы «жэнеўскі пашпарт». 

«Жэнеўскі пашпарт», выдадзены Польшчай. Фота: sn-plus.com / Ілля Дабратвор

«Жэнеўскі пашпарт», выдадзены Польшчай. Фота: sn-plus.com / Ілля Дабратвор

Адрозненне будзе ў тым, што ў чалавека, пазбаўленага грамадзянства, у «жэнеўскім пашпарце» будзе пазначана, што ён асоба без грамадзянства, а не грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Пасля страты грамадзянства застанецца незразумелым, што будзе з маёмасцю такой асобы. Юрыст не выключае, што ў такіх выпадках дзяржава можа адабраць сабе нерухомасць і іншую маёмасць былога грамадзяніна. Хоць заканадаўства і не прадугледжвае канфіскацыю на падставе страты грамадзянства. 

«На жаль, сённяшнія беларуская ўлады ўжо паказалі, што могуць адбіраць маёмасць у палітычных апанентаў і без пазбаўлення грамадзянства. Разважаць пра тое, як дакладна будзе працаваць гэты механізм, немагчыма, паколькі пакуль няма ні прэцэдэнтаў, ні нейкай нарматыўнай базы, якая рэгулюе гэтыя працэсы. Але відавочна, што ў такіх людзей могуць узнікнуць праблемы з нерухомасцю на тэрыторыі Беларусі. Цалкам верагодна, што дзяржава захоча адабраць маёмасць у «экстрэміста» на карысць бюджэту. З іх пункту гледжання гэта будзе выглядаць лагічным, паколькі такі чалавек нанёс «шкоду» дзяржаве», — мяркуе юрыст.

Пры гэтым Кірылюк адзначае, што такія захады хутчэй нясуць не практычны, а менавіта сімвалічны характар. 

«Калі, напрыклад, яны пазбавяць грамадзянства Святлану Ціханоўскую ці Паўла Латушку, то гэта будзе паказальна, паколькі тады прапаганда зможа сцвярджаць, што яны не беларусы і не маюць ніякага права выказвацца ад імя беларускага народу. У іх разуменні такімі дзеяннямі яны канчаткова пазбавяць сваіх апанентаў права прымаць удзел у выбарах. Але тут варта выразна разумець, што ўсе гэтыя дзеянні, якія чыняць самаабвешчаныя ўлады, не будуць мець ніякай юрыдычнай сілы як на міжнароднай арэне, так і ўнутры Беларусі пасля змены рэжыму», — адзначае Міхаіл Кірылюк.

Чытайце таксама: 

Як беларусам замяніць пашпарт за мяжой і ці могуць затрымаць у амбасадзе? Рэальныя гісторыі і парады юрыста

Клас
11
Панылы сорам
22
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
69