Дзяніса Граханава супрацоўнікі КДБ затрымалі 15 лютага ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 45 пад Каменцам, куды яго накіравалі адбываць тэрмін за нанясенне надпісу «Не забудзем» каля станцыі метро «Пушкінская». Тады ў палітычных «хімікаў» масава прайшлі ператрусы і допыты з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які ўлады ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў.

Гэты чат аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію».

Пасля затрымання Граханава перавялі ў гомельскі СІЗА-3 і распачалі супраць яго новую крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Падрабязнасцей з судовага пасяджэння няма, бо суд амаль адразу зрабілі закрытым. Справу разгледзелі менш за дзве гадзіны. Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», пракурор Булыбенка прасіў суд пакараць Дзяніса адным годам і сямю месяцамі зняволення, але суддзя Церахава прысудзіла паўтара года. Палітвязню канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — адзін год і сем месяцаў пазбаўлення волі.

Нагадаем, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска 8 снежня 2020 года Дзянісу прысудзілі паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ і вызвалілі ў зале суда. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса «Хуліганства, здзейсненнае групай асобаў» за абнаўленне надпісу «Не забудем!» каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

Падтрымайце Дзяніса бандэролямі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А,

Дзянісу Леанідавічу Граханаву.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5