Фота: ТАСС

Фота: ТАСС

— Беларусь — бадай, адзіная дзяржава ў свеце, дзе выступ яе кіраўніка на дзяржаўнай мове становіцца пэўнай падзеяй і выклікае каментарыі і пытанні. Бо Лукашэнка робіць гэта вельмі рэдка, часам раз на год. Па-вашаму, ці варта задавацца пытаннем, чаму Лукашэнка ў гэтым месяцы ўжо другі раз выступаў часткова па-беларуску, каму гэта сігнал і які?

— Я думаю, гэта разлічана не на ўнутраную аўдыторыю, бо за 2 гады рэпрэсій знікла тая аўдыторыя, якая магла б гэта «ацаніць». Усе тыя, для каго беларуская мова мае важнае значэнне (якія, магчыма, да жніўня 2020 года мелі спадзяванні, што ўлада можа змяніць стаўленне да мовы, што магчымая нейкая беларусізацыя), цяпер ніякіх ілюзій не маюць. Ды і сам Лукашэнка не схільны даваць нейкія паслабленні сваім унутраным апанентам.

Таму гэта разлічана не на ўнутраную, а на замежную аўдыторыю.

Хаця, я думаю, гэтыя некалькі хвілін на беларускай мове не знаходзяць ужо ніякага водгуку ні на Захадзе, ні на Усходзе. Важныя дзеянні, а гэтыя рытуальныя крокі ўжо не маюць ніякага значэння.

— Пэўны водгук быў. Калі Лукашэнка 2 ліпеня заявіў, што ВКЛ — гэта першая беларуская дзяржава, то вядомы расійскі шавініст Гіркін-Стралкоў у сваім даволі папулярным тэлеграм-канале напісаў, што «Бацьку зноў пацягнула ў літвінства» і нагадаў, што ВКЛ стагоддзямі ваявала менавіта з Масквой.

— Лукашэнка вымушаны круціцца як вуж на патэльні, і ён знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі, што б ні рабіў, усім дагадзіць не можа. Я думаю, пасажы пра Вялікае Княства Літоўскае былі зробленыя, каб паказаць дулю і ўнутраным апанентам, і грамадзянам сучаснай Літоўскай Рэспублікі, пазмагацца з імі на гістарычным полі.

У студзені была нарада аб гістарычнай памяці, і там Лукашэнка вельмі рэзка крытыкаваў Рэч Паспалітую, але вельмі пазітыўна выказваўся пра ВКЛ.

Я не думаю, што ён успрымае ВКЛ так, як наша нацыянальна-дэмакратычная супольнасьць. Трэба сказаць, што ВКЛ успрымалі пазітыўна і «заходнерусы» — як дзяржаву, дзе панавала славянская культура і «руская» мова — таму гэта можна павярнуць і інтэрпрэтаваць як заўгодна.

— Сапраўды, улада нярэдка выкарыстоўвала гісторыю выключна як магчымасць змагацца са сваімі палітычнымі апанентамі. Гэта адзіная мэта?

— Часткова так, бо ў гэтага рэжыму ёсць відавочная праблема з уласнай ідэалогіяй, з вызначэннем свайго «асаблівага» шляху. І калі пасля жніўня 2020 года ўзнікла праблема легітымнасці, праблема задушэння грамадства, фактычна вайны супраць уласнага народа — з'явілася патрэба дэманізаваць апанентаў. І на дзяржаўных рэсурсах пачалі гаварыць пра нацыстаў, фашыстаў, нацысцкую сімволіку. Адначасова маляваўся вобраз улады як апошняга бастыёна перад наступам фашысцкай ідэалогіі.

Не думаю, што гэта на кагосьці рэальна ўздзейнічае, нават прыхільнікі Лукашэнкі любяць яго не за тое, што ён «змагаецца з фашыстамі». Але іншага ў іх няма. Лукашэнка даволі прагматычны чалавек у гэтым плане, ідэйныя моманты яго ніколі не краналі, гісторыя і ідэалогія для яго — выключна інструмент.

— Чаму за ўсе гэтыя гады рэжыму так і не ўдалося стварыць сваю ідэалогію? Бо ўсе дыктатарскія ўлады, ад левых да правых, мелі сваю ідэалогію: ад сацыялізму Кастра на Кубе ці апоры на ўласныя сілы, чучхэ ў Паўночнай Карэі — да кансерватыўных і рэлігійных каштоўнасцяў лацінаамерыканскіх дыктатараў ці Франка ў Іспаніі.

— Для Лукашэнкі адзінай каштоўнасцю з'яўляецца ўлада, а не нейкія ідэі. Каб стварыць нейкую з'яднаную ідэалогію, трэба, каб частка насельніцтва і інтэлігенцыя, творчыя кадры гэта падтрымалі. Каб была ідэя, у якую людзі б паверылі, хаця б частка. Як, напрыклад, у Расіі, дзе значная частка верыць у імперскія наратывы, у ідэю «вялікай Расіі».

У такіх неімперскіх краінах, як Беларусь, як правіла, такую ролю звычайна адыгрывае нацыянальная ідэя. Кладзецца ў аснову гісторыя, культура, мова. Але Лукашэнка прыйшоў да ўлады з савецкім багажом, з ідэямі аднаўлення СССР, з лозунгамі, што беларускае грамадства не гатовае да незалежнасці. Вядома, у якім цяжкім сумным стане знаходзілася беларуская мова, якая не з'яўлялася каштоўнасцю для большасці.

Лукашэнка абапіраўся на Расію і савецкія каштоўнасці. Творчыя людзі, якія маглі ствараць нацыянальную ідэю, апынуліся ў апазіцыі.

Тым часам савецкая ідэалогія паступова страчвала сваю актуальнасьць і прызначаныя ідэолагі не маглі прыдумаць нічога істотна новага і цікавага. Адначасова тая альтэрнатыўная ідэалогія, якую Лукашэнка доўга душыў, расла і ўзмацнялася і стала сур’ёзным выклікам для ўлады. Давялося душыць яе паліцэйскім чынам.

— Цяпер назіраецца ўхіл у шавіністычны расійскі наратыў, рэй вядуць самыя зацята прарасійскія прапагандысты накшталт Азаронка і Гігіна. Гэта проста неабходная даніна Крамлю як галоўнаму спонсару мінскага рэжыму ці шчырыя погляды гэтых прарарасійскіх прапагандыстаў?

— Тут усё ў комплексе. З аднаго боку, знакі Крамлю. Натуральна, даводзіцца даваць магчымасць разгарнуцца тым, у каго ёсць хоць нейкі агонь у вачах, іначай зусім не было б на каго абаперціся.

Вядома, што раней Лукашэнка асцерагаўся даваць надта шмат волі гэтым прарасійскім кадрам, якія пхаюць такую ідэалогію, але цяпер у яго няма з чаго выбіраць. Альбо гэтыя, альбо ніякія. Цяпер у яго свабоды манеўру няма.

— Калі будучыя гісторыкі будуць даваць назву цяперашняй беларускай уладнай сістэме, якое слова яны выберуць? Калі браць розныя апісаныя ў літаратуры азначэнні і прыкметы фашызму, то ў Беларусі можна знайсці большасць з іх. Раней беларускі рэжым называлі аўтарытарным, але апошнія два гады ён яўна набывае і пэўныя таталітарныя рысы.

— На гэты конт працягваюцца спрэчкі. Вядомы гісторык і даследчык Тымаці Снайдэр заявіў у адпаведным артыкуле, што ў Расіі рэжым трэба называць фашысцкім. Яму пярэчаць, і даволі аргументавана, кажучы, што фашызм — гэта найперш ідэалогія.

А ў Беларусі, атрымліваецца, фашызм без ідэалёгіі. Я б сказаў, у Беларусі і Расеі ідэалогія дваровай шпаны. «Иногда не до законов», можна кінуць выклік усім працэдурам міжнароднага права. Культ сілы, мы, маўляў, робім, што хочам, і ніхто нам не ўказ.

Ідэалогія — гэта калі ёсць нейкае бачанне «светлай будучыні», што мы ў выніку хочам атрымаць. У Лукашэнкі тут ніякага няма бачання. Разграмілі апанентаў, усіх пасадзілі — і што далей?

Клас
65
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
17
Абуральна
11