Вільня: «Уклаў у рамонт 2,5 тысячы еўра»

  • Пошук кватэры: красавік 2022-га.
  • Метраж: 50 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 550 еўра.

— У Літве на рынку арэнды жылля цяпер вялікі ажыятаж. Аб'явы доўга не вісяць. Сябры, якія раней прыехалі ў Вільню, распавялі, што арэндадаўцам трэба тэлефанаваць адразу, як толькі з'яўляецца патрэбная аб'ява. Літоўцы паважаюць права першынства, таму ў таго, хто першым датэлефанаваўся і хутка прыняў рашэнне, больш шанцаў.

Некаторыя шукаюць жыллё праз брокераў. Кошт такой паслугі — 200-300 еўра, часам месячная арэнда. Але я вырашыў спачатку паспрабаваць саматугам. Кватэры шукаў на en.aruodas.lt — асноўны сайт для пошуку нерухомасці.

Я адразу патэлефанаваў па ўсіх прыдатных аб'явах і стаў чакаць новых. Для аператыўнасці наладзіў апавяшчэнне на тэлефоне. Было шмат прапаноў еўрадвушак, якія больш падыходзяць сямейным парам без дзяцей. Але нам патрэбная была еўратрошка з двума спальнямі (у нас двое дзяцей), а такіх кватэр выстаўлялася вельмі мала — 3-4 за суткі. На ўсялякі выпадак уключыў у пошук і двухпакаёвыя кватэры. Спадзяваўся, што трапіцца савецкая двушка, не пераробленая ў еўрадвушку, у якой ёсць ізаляваная кухня.

Для размоў з арэндадаўцамі вывучыў на літоўскай фразу: «Прабачце, я не размаўляю на літоўскай» — і пасля гэтага пытаўся, ці можам мы паразмаўляць на англійскай ці рускай. 

Было шмат адмоў, калі даведваліся, што мы замежнікі: прама казалі, што здаюць толькі літоўцам. Былі адмовы з-за таго, што мы з дзецьмі, і яшчэ з-за таго, што хочам у перспектыве перавезці ката.

З адной гаспадыняй, якая здавала добрую еўратрошку за 800 еўра ў добрым месцы, мы амаль дамовіліся. Але ў яе не аказалася формы дамовы на англійскай мове, таму яна прапанавала перанесці ўсё на наступны дзень. А назаўтра даслала паведамленне, што кватэра здадзеная іншым людзям, і пажадала поспехаў.

Больш шанцаў арандаваць кватэру ў Вільні, калі ёсць літовец, які можа за вас паручыцца і расказаць арэндадаўцу, якія вы добрыя людзі. Напрыклад, знаёмым беларусам так дапамог іх літоўскі сябар.

Мы ў выніку знайшлі кватэру праз тры дні інтэнсіўных пошукаў. Я першым патэлефанаваў гаспадару, ён быў гатовы здаць кватэру сям'і замежнікаў з дзецьмі і хатнімі жывёламі. Мы дамовіліся пра сустрэчу. Праз 4 гадзіны пасля з'яўлення аб'явы на сайце ў нас была падпісаная дамова арэнды.

Кватэра, якую мы здымаем, — двухпакаёвая сталінка з двума ізаляванымі спальнямі і раздзельным санвузлом, з высокімі столямі. 550 еўра за месяц. Кватэра дасталася ў моцна запушчаным стане (да нас у ёй жылі пажылыя людзі). Непрыемны пах, цякуць трубы, адвальваюцца шпалеры, прапалены недакуркамі лінолеўм, пыльныя канапы. Але нас гэта не збянтэжыла. Мы вырашылі, што лепш цяпер зэканомім на арэндзе і ўкладзем грошы ў касметычны рамонт.

У рамонт уклалі больш за 2,5 тысячы еўра, з іх тысячу еўра нам кампенсаваў гаспадар. Рамонт я рабіў самастойна — па вечарах і выхадных на працягу трох месяцаў. 

Варшава: «Гаспадары ўважліва вывучалі Лінкедын»

  • Пошук кватэры: красавік—май 2022-га.
  • Метраж: 47 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 800 еўра (з усімі плацяжамі).

У Варшаву пераехала з Кіева. Жыллё шукала разам з хлопцам. На пошукі спатрэбілася больш за два тыдні. Увесь гэты час жылі ў сяброўкі.

Гаспадары кватэр уважліва вывучалі Лінкедын, шмат пыталіся аб працы. Хтосьці дэталёва распытваў пра стаўленне да ўлады ў Беларусі, кагосьці палохала, што мы пераехалі з Кіева, усё вось-вось скончыцца і мы вернемся, а ўласніку давядзецца зноў шукаць жыхароў.

Адзін з уласнікаў (жыве ў Стакгольме) выбіраў жыхароў у некалькі этапаў. Спачатку мы размаўлялі ў Фэйсбуку: ён распытваў, дзе мы працуем, чаму мы ў Польшчы. Праз дзень ён напісаў, што я пакінула прыемнае ўражанне і яго зачапіла наша сувязь са Швецыяй (мой хлопец працуе ў беларуска-шведскім даследчым цэнтры). У выніку мы патрапілі ў яго шорт-ліст. 

У Calendly трэба было забраніраваць слоты, калі зручна прыйсці паглядзець кватэру. Пасля гэтага нам прызначылі дзень і час. 

Затым гаспадар узяў час на апрацоўку інфармацыі, пасля чаго з дзвюма парамі, у тым ліку з намі, правёў стараннае інтэрв'ю ў Zoom на 40 хвілін. Але па выніку кватэра дасталася іншай пары.

У выніку знайшлі двухпакаёвую кватэру ў самым цэнтры за 800 еўра (арэнда + усе плацяжы). Пасля таго як узгаднілі ўсе пытанні з гаспадарамі, трэба было пачакаць яшчэ каля трох тыдняў, каб уласнікі з'ехалі. Дарэчы, яны вывезлі ўсё, акрамя мэблі. Нават матрац і посуд. Пры засяленні не было з чаго вады папіць. 

Познань: «Пашанцавала — не давялося плаціць 300 еўра за кавалак паперы, які яшчэ і праверыць нельга»

  • Пошук кватэры: чэрвень 2022-га.
  • Метраж: 80 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 3000 злотых (з улікам іншых плацяжоў).

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

— Працую ў EPAM. Пытанні з арэндай кватэр у Польшчы супрацоўнікі кампаніі могуць вырашыць праз эпамаўскія мігранцкія чаты. Там можна знайсці людзей, якія дапамогуць. Працуе гэта так: ты шукаеш аб'явы і прыдатныя варыянты і скідваеш такому памагатаму. Далей ён звязваецца па тэлефоне з арэндадаўцам і вядзе з ім перамовы.

У Польшчы ёсць арэндадаўцы, якія не жадаюць звязвацца з замежнікамі, нават з айцішнікамі. І такі маклер расказвае гаспадарам фэйкавыя гісторыі, што кватэрай цікавяцца нейкія яго сваякі. За свае паслугі такія памагатыя бяруць каля 150-200 еўра.

Яшчэ адна асаблівасць, з якой сутыкнуліся ў Польшчы — некаторыя гаспадары кватэр патрабуюць ад арандатараў ліст, які пацвярджае, што вам ёсць дзе жыць у выпадку, калі вас па нейкіх прычынах выселяць з арандаванага жылля. Каб зрабіць такі ліст, вам трэба знайсці яшчэ аднаго ўласніка нерухомасці ў Польшчы, які гатовы пісьмова пацвердзіць згоду на ваша пражыванне ў яго кватэры. Такі ліст дазваляе арэндадаўцы выселіць вас з кватэры, калі вы, напрыклад, перасталі плаціць за арэнду (інакш, па польскім заканадаўстве, высяленне арандатараў з дзецьмі можа стаць праблемай для ўласнікаў жылля. — рэд.).

Прадастаўленне такога ліста ператварылася ў цэлы бізнэс — каштуе паслуга 150-300 еўра. Праўда, нават калі ў вас будзе такі ліст, праверыць сапраўднасць інфармацыі вы не зможаце. Гэта можна зрабіць па кадастравай базе, але яна даступная толькі палякам.

Мне пашанцавала. Не прыйшлося плаціць 300 еўра за кавалак паперы, які яшчэ і праверыць нельга. Трапілася адэкватная гаспадыня, якой мы далі двухмесячны заклад. 

А знайшоў кватэру выпадкова — убачыў аб'яву ў Фэйсбуку. У кватэры вялікая гасцёўня, вялікая кухня, спальня і кабінет плюс свая паркоўка і вялікі балкон. Нам дазволілі жыць з сабакам. За кватэру плацім каля 3000 злотых на месяц: 2700 злотых — арэнда, 200 злотых — камуналка, каля 80 злотых — інтэрнэт (300 мбіт/сек). Дарэчы, не ва ўсіх ёсць такое шчасце, у некаторых у кватэрах яшчэ стаіць ADSL.

Уроцлаў: «Заплаціў за год наперад»

  • Пошук кватэры: красавік 2022-га.
  • Метраж: 50 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 3400 злотых (з улікам іншых камунальных плацяжоў).

Кватэру шукаў доўга — увесь красавік. Увесь гэты час здымаў кватэру на airbnb, патраціў 1300 даляраў.

Арэндадаўцы ўсё як адзін казалі, што ў іх чарга і яны аддаюць прыярытэт палякам, а таксама наймальнікам без дзяцей і жывёл (у мяне кот). Але паколькі попыт у асноўным фармуюць украінцы і беларусы, то вырашальным фактарам яшчэ становіцца плацежаздольнасць.

Каб арандаваць у выніку кватэру, мне прыйшлося заплаціць за год наперад — каля 40 тысяч злотых банкаўскім пераводам. Выкарыстоўваў гатоўку, прывезеную з Беларусі. У банку сказалі больш так не рабіць, інакш на такія сумы могуць звярнуць увагу і абавязаць заплаціць падатак.

Хаця гаспадыня сказала, што ёй важна, хто менавіта жыве, а не колькі грошай плаціць. Таму прабівала мяне старанна. Праверыла ўсе дакументы, усе сацсеткі, банкаўскі рахунак. Запатрабавала даведку ад польскага працадаўцы аб тым, што мяне абавязкова наймуць на працу ў Польшчы.

Кватэра двухпакаёвая 50-55 кв. метраў, у новым доме, у добрым раёне. Адносна недарагая —2600 злотых + 800 злотых камунальныя. Трапляліся варыянты значна даражэйшыя — 3500 злотых + 600 камунальныя.

Адзіным непрыемным сюрпрызам кватэры сталі мурашкі. Як я зразумеў, мурашкі і прусакі тут — частая з'ява. Але гаспадары пакінулі спецыяльны сродак і растлумачылі, як карыстацца. Здаецца, мурашак стала нашмат менш.

Батумі: «Пакуль мяняў грошы, кватэра падаражэла на $100»

  • Пошук кватэры: вясна-лета 2022-га.
  • Метраж: 26 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 600 даляраў.

У красавіку мы з жонкай знялі кватэру ў апарт-гатэлі з адной асобнай спальняй. Кошт быў павабным — 400 даляраў за месяц, тады як у іншых месцах кошты стартавалі ад 400 даляраў за студыю.

Хаця першапачаткова менеджар абяцаў нам гэтую кватэру за 300 долараў. Але пакуль я бегаў мяняць грошы (спатрэбілася 10 хвілін), кошт вырас на 100 даляраў.

Кватэра была не вельмі светлая, з відам на «калодзеж». Гэта ўнутраны двор, які акружаны дамамі. Але з жонкай вырашылі, што не варта адмаўляцца. Тым больш відавочных праблем пры аглядзе не ўбачыў, а менеджар абяцаў усе магчымыя праблемы вырашыць ці знайсці іншае жыллё за тую ж цану. Па выніку мы знялі кватэру на два месяцы з поўнай перадаплатай.

У першы ж дзень аказалася, што пра шматлікія «дробязі» менеджар змаўчаў:

  • Не было гарачай вады на кухні.
  • Не было часткі сталовых прыбораў (нажоў кухонных).
  • У спальні ад усадкі дома пайшло расколінамі шкло.
  • Разеткі выпадалі з падразетнікаў.Дзіця ледзь токам не стукнула.
  • Ад вільгаці па кутах пайшла чорная цвіль, адслойваліся шпалеры.
  • Выпадалі рамы.
  • Спружыны ў матрацы заржавелі.
  • Кран у ваннай працякаў.
  • У ваннай развяліся макрыцы. 
  • Кандыцыянер жудасна шумеў. Яго адмовіліся чысціць. Пры працы трэслася сцяна, на якой ён быў замацаваны.
  • Са шклопакета на балкон выпадаў ушчыльняльнік, быў сталы скразняк.
  • Канапа была падраная. Пры аглядзе прыкрылі падушкай.
  • Ламінат надзьмуўся і крышыўся.
  • Роўтар стала адключаўся, вечна прасядаў сігнал.

Па выніку з усіх праблем вырашылі толькі з кранам у туалеце, ушчыльняльнікам у дзверы і роўтарам (замяніў правайдар).

Пражылі два месяцы, бо вяртаць грошы нам адмовіліся. Па выніку мы ўжо былі гатовыя працягнуць арэнду, бо на рынку з чэрвеня кошты выраслі яшчэ больш. Але менеджар сказаў, што цяпер такая кватэра каштуе не менш за 750 даляраў. Матываваў гэта тым, што да мора 300 метраў. На любыя довады, што ў кватэры абсалютна няма ўмоў для такіх коштаў, ён казаў, што танней не знайду.

Мы крыху пасварыліся, і я за дзень знайшоў апартаменты плошчай 26 кв. метраў з асобнай спальняй у «Орбі Сіці» за 600 долараў да канца жніўня. 

Амстэрдам: «Шмат кватэр здаецца без падлогі»

  • Пошук кватэры: верасень—кастрычнік 2021-га.
  • Метраж: 50 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 2000 еўра.

У Амстэрдаме і ў Нідэрландах у цэлым ёсць два галоўныя рэсурсы па арэндзе/куплі нерухомасці — funda.nl і pararius.nl. Гэта маркетплэйсы, на якіх размяшчаецца большасць прапаноў ад уласнікаў кватэр.

90% кватэр гаспадары здаюць праз агенцтвы нерухомасці. Камісію агенцтву плаціць арэндадаўца.

Адбор наймальнікаў жылля адбываецца наступным чынам.

Арандатар заходзіць на funda.nl і pararius.nl, шукае прыдатныя варыянты кватэр і афармляе спецыяльную заяўку. Яе вывучаюць агенцтвы, якія «адказныя» за тую ці іншую кватэру. Потым з табой звязваюцца па тэлефоне ці поштай, просяць запоўніць падрабязную анкету і выслаць патрэбныя дакументы. Вельмі часта, каб нават падаць заяўку, трэба падаць працоўны кантракт, пашпарт, паведаміць, ці ёсць жывёлы, дзеці і г.д.

Як правіла, прыём заявак на кватэры заканчваецца за 1-2 дні, бо ахвочых заўсёды шмат. Агенцтвы адбіраюць «найлепшыя» заяўкі і запрашаюць «пераможцаў» на агляд кватэры.

Я сустракаўся з двума відамі такіх аглядаў. 

  1. Агент дамаўляецца пра агляд загадзя. На кожны агляд зарэзервавана 15 хвілін. Агент сядзіць цэлы дзень у апартаментах і паказвае іх, адказвае на пытанні.

  2. Агент прыязджае на кватэру, загадзя ўсім зацікаўленым гаворыць які-небудзь тайм-слот, напрыклад, з 12.00 да 16.00. Усе прыязджаюць рандомна, бывае, што кватэру адначасова глядзяць адразу 6-8 чалавек. Або ўсе выстройваюцца ў чаргу, а потым заходзяць па адным.

Тыя, каму кватэра спадабалася, робяць офер арэндадаўцу. Офер можа быць на суму большую, чым пазначана ў аб'яве.

Па словах агентаў, вельмі рэдка хто дадае да кошту больш за 200-300 еўра. І так кватэры вельмі дарагія. Я асабіста дадаў адзін раз да сумы 150 эўра. Але ў той раз я сам адклікаў офер, бо знайшоў іншую кватэру.

Далей арэндадаўца выбірае сярод офераў. Калі ніхто не спадабаўся, усё паўтараецца спачатку і можа доўжыцца колькі заўгодна.

Я мяне на пошук жылля пайшло каля шэсць тыдняў. Прыйшлося працягваць жыллё, якое выдзеліла кампанія ў рамках рэлакейту. Усяго я падаў 120+ заявак на агляд жылля, правёў шэсць аглядаў і зрабіў два оферы. У выніку кватэру зняў у беларускі, якая тут жыве некалькі гадоў.

Кватэра ў добрым раёне, дзе поўна рэстаранаў, спортклубаў, паркаў і зеляніны. Плошча 50 кв. метраў (асобная спальная, гасцёўня і кухня). У доме ўнутраны двор з велапаркоўкай. 

Кошты 

За кватэру ў сярэднім за месяц выходзіць амаль 2000 еўра.

Штомесячныя выдаткі:

  • арэнда —1795 еўра;
  • інтэрнэт — 29 еўра;
  • газ + электрычнасць — 95 еўра;
  • вада — 17,6 еўра.

Штогадовыя выдаткі:

  • вываз смецця — 72 еўра;
  • Inhabitans tax — 440 еўра.

Нам пашанцавала, што ўдалося дамовіцца пакінуць старыя кантракты на газ, інтэрнэт, электрычнасць і ваду, якія заключаў яшчэ наш арэндадаўца. Калі б мы самі заключалі новыя кантракты, кошт быў бы прыкладна на 30% вышэйшым. 

Што тычыцца ў цэлым кошту кватэр, тут уплывае сезоннасць. Напрыклад, самая гарачая пара — гэта з верасень-кастрычнік. Кошты самыя высокія і кватэру знайсці складаней/даўжэй. Мусіць, таму што экспаты, у асноўным, прыязджаюць у гэты час. 

За bedroom apartment (гасцёўня + спальня + кухня) у цэнтры ці ўнутры ўмоўнага «МКАДА» просяць ад 1700 еўра без камуналкі. Камуналка, у тым ліку інтэрнэт, можа абысціся яшчэ ў 250-350 еўра. Затое пад новы год усё наадварот. Таксама таннейшае жыллё можна знайсці ў турыстычных месцах, бо ніхто не жадае жыць сярод шумных турыстаў. 

Іншыя асаблівасці арэнды жылля ў Амстэрдаме

Часта кантракт на арэнду жылля абмежаваны максімальным тэрмінам — 2 гады. Так робяць з-за росту коштаў на нерухомасць. Праз два гады той жа арэндадаўца зможа выставіць сваю кватэру даражэй. А бягучых арандатараў не выганіш і не павялічыш аплату. Кантракты тут паважаюць, ды і закон абараняе абодва бакі.

Шмат кватэр здаецца без падлогі (ламінат, паркет). Заходзіш у кватэру, усё прыгожа — столі, святло, кухня. А падлогі няма, адзін бетон. Тут дарагое падлогавае пакрыццё, таму людзі забіраюць яго з сабой на наступную кватэру. 

Шмат кватэр без мэблі. Люстры па цэнтры, як у нас, таксама рэдка ўбачыш. У асноўным у кватэрах кропкавае асвятленне. 

Мальмё: «Стаялі ў чарзе на арэнду кватэры ад забудоўшчыка»

  • Пошук кватэры: лістапад 2021-га.
  • Метраж: 80 кв. метраў.
  • Кошт арэнды: 12,5 тысяч шведскіх крон (каля 1175 даляраў).

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

У Беларусі жыў тры гады (пераехаў з Расіі, працаваў у EPAM), але даўно хацеў рэлакавацца. Разглядаў розныя варыянты (Польшча, Іспанія, Турцыя), але раптам узнік варыянт з буйной прамысловай кампаніяй у Швецыі, з якой я ў выніку падпісаў кантракт.

Офіс кампаніі знаходзіцца ў Лундзе. Але я з сям'ёй пераехаў у Мальмё. Тут жа шукалі жыллё.

Рынак здымнага жылля ў Швецыі вельмі маленькі. Калі пачынаеш шукаць не надта папулярныя варыянты (з жывёламі, трыма спальнямі, калі дзеці разнаполыя, для легальнага афармлення адраса ў падатковую), то колькасць прапаноў набліжаецца да нуля.

Ёсць некалькі парталаў для пошуку жылля (напрыклад, bostad.blocket.se), але для нас там было мала падыходзячых варыянтаў. Калі шукаеш праз сайты, то камунікацыя толькі ў чаце. Але вельмі часта табе не адказваюць ці адказваюць адмовай.

Мы першыя дні жылі ў гатэлі прыкладна за 120 еўра за суткі са сняданкам. Хаця загадзя знялі жыллё на букінгу. Але гаспадар кватэры стаміўся чакаць, пакуль мы прыедзем, і з'ехаў а 9-й вечара дадому, таму што яму ў 8 раніцы трэба было на працу. А нам тэрмінова трэба было недзе пераначаваць, таму знялі нумар у гатэлі.

Пасля знайшлі танны апарт-гатэль, дзе пражылі каля двух месяцаў. Ён абышоўся яшчэ ў 2 тысячы еўра. Праз два месяцы пераехалі ў кватэру плошчай 70 кв. метраў. Гэтую кватэру мы знайшлі, калі яшчэ жылі ў Беларусі. Але тады яе паспеў нехта перахапіць. Потым з кватэры арандатар з'ехаў і гаспадар напісаў нам на ўсялякі выпадак. 

Месячная арэнда абышлася ў 12 тысяч шведскіх крон (1100+ долараў). У гэты кошт было ўключана ўсё, у тым ліку электрычнасць, ацяпленне, гарачая вада, інтэрнэт. 

Пасля таго, як заехалі і атрымалі дакументы (id card), зарэгістраваліся на партале boplatssyd.se, каб знайсці іншую кватэру.

Гэта платны партал (300 крон за год), на якім выстаўляецца жыллё ў арэнду непасрэдна ад забудоўшчыка. Пасля рэгістрацыі вы ўстаяце ў чаргу на кватэры. Кожны дзень вам дасылаюць прапановы, трэба заходзіць, выбіраць. Акно для выбару вельмі маленькае — каля 2-3 дзён. Таксама трэба ўлічваць не ваша месца ў чарзе, а ўдзел у чарзе. Напрыклад, чарга 20 чалавек, вы — 15-ы. Калі кватэра спадабаецца камусьці, хто ў чарзе пасля вас, тое жыллё аддадуць яму.

Кошты на кватэры ад забудоўшчыка высокія. Танныя варыянты людзі чакаюць гадамі, бо попыт на іх вялікі.

Наша чарга падышла даволі хутка — праз два месяцы. 1 жніўня мы пераязджаем у новую кватэру плошчай 80 кв. метраў у новым доме. Кошт арэнды — 12,5 тысячы крон. Кантракт бестэрміновы. 

Пакуль не ведаю, ці можна будзе выкупіць гэтую кватэру ва ўласнасць, але быў бы рады такой магчымасці. У Швецыі многія купляюць жыллё, таму што кошт арэнды крыху вышэйшы за кошт іпатэкі.

Клас
15
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
5