Першая і пакуль што адзіная сустрэча Зяленскага і Пуціна ўжывую ў Парыжы ў 2019 годзе. Скрыншот з відэа

Першая і пакуль што адзіная сустрэча Зяленскага і Пуціна ўжывую ў Парыжы ў 2019 годзе. Скрыншот з відэа

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у маі заяўляў, што перамовы паміж Расіяй і Украінай не вядуцца, бо ў Кіева, нібыта, адсутнічае жаданне працягваць гэты працэс. 

«Масква бачыць з боку Кіева поўнае нежаданне працягваць перамовы», — казаў Пяскоў. 

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў сцвярджае, што Украіна сама распісалася ў тым, што не жадае перамоваў з Расіяй. 

«Вазьміце інсцэніроўку перамоваў, якая правалілася пасля Стамбула: яны проста самі распісаліся ў тым, што яны гэтых перамоваў не хочуць. І дагэтуль нам незразумела, які інструктаж атрымлівае Зяленскі ад сваіх гаспадароў у Вашынгтоне, Лондане», — заявіў Лаўроў. 

Мір, але на якіх умовах? 

Вайна цяпер ідзе на тэрыторыі Украіны. Хоць страты расійскай арміі ў жывой сіле і тэхніцы большыя, чым ва ўкраінцаў, а ўкраінцы ваююць ашчадна, берагуць сваіх салдат, усё адно знішчаюцца ўкраінскія гарады, украінская прамысловасць і эканоміка, гінуць мірныя жыхары Украіны. Украіна траціць на абарону большую частку дзяржаўнага бюджэту. 

Відавочна, што ўкраінскае грамадства і кіраўніцтва зацікаўленыя ў сканчэнні вайны. І ўкраінскае грамадства перад пачаткам вайны было нашмат больш міралюбнае, чым грамадства расійскае (у Расіі імперыялістычныя і мілітарысцкія настроі ўлады распальвалі ўсе апошнія гады). 

Украіна гатовая на перамовы, каб дамагчыся міру, але ёсць пытанне цаны. 

Расія напачатку патрабавала капітуляцыі Украіны і яе расчлянення. Данбас, Крым, Харкаў, Чарнігаў, Дняпро і Адэсу хацелі далучыць да Расіі, а на рэшце тэрыторыі стварыць псеўданезалежныя ўтварэнні. Пад «дэнацыфікацыяй» расіяне разумеюць адмову ад украінскай мовы, русіфікацыю, насаджэнне ва Украіне сваёй, расійскай версіі гістарычнай памяці і сваіх прынцыпаў дзяржаўнага ладу па аналогіі з тым, што адбылося ў Прыднястроўі, Крыме, «ДНР», «ЛНР» дый, будзем шчырымі, у лукашэнкаўскай Беларусі.

На практыцы гэта азначала б масавыя рэпрэсіі, фільтрацыйныя лагеры, арышты, забойствы, выцісканне «экстрэмістаў» у эміграцыю. У Херсоне ці Марыупалі мы ўсё гэта маем магчымасць назіраць ужо цяпер. 

Фактычна, «мір», які прапаноўвала Кіеву Масква, быў тым «мірам», які прапаноўваў Гітлер Чэхаславакіі ў 1938 годзе. Па тым міры, нагадаем, Прага саступала нацыстам Судэты (аналаг Крыма і Данбаса ва Украіне). А крокам нумар два была пасля ліквідацыя чэхаславацкай дзяржаўнасці з расчляненнем краіны і германізацыяй, толькі «змушаная да міру» Чэхаславакія больш не магла абараняцца. 

Дарэчы, гітлераўская прапаганда, як толькі вермахт забуксаваў, пачала выкарыстоўваць наратывы, што Германія хоча міру, гэта «сусветны яўрэйскі капітал», «плутакраты», «англасаксы» сутыкаюць народы між сабой. Гэта так нагадвае месэджы прапаганды расійскай сёння.

Тое, што прапаноўвала Масква, гэта быў не мір, гэта была гібель для Украіны, канец Украіны. Украіна замест капітуляцыі дала бой. І перамагла — пад Кіевам, пад Харкавам, пад Чарнігавам, пад Мікалаевам. Нават калі ўявіць сабе, што Украіна не здолее адваяваць Херсон ці Луганск і будзе вымушаная заключыць мір па стане фронту на сёння, гэта будзе нашмат больш выгадны мір, чым яна магла б заключыць у лютым ці сакавіку. 

Мір або пастка?

Але ці Расія ўвогуле да апошняга была гатовая на рэальныя перамовы? Ці не прагне Масква імітацыі «перамоваў» для падману міжнароднай супольнасці? 

Падчас перамоваў Расіі з Украінай у пачатку вайны (дакладней, імітацыі перамоваў, бо пры гэтым Масква працягвала бамбіць гарады і расстрэльваць украінцаў у Бучы) Расія ніколі не вылучала канкрэтных патрабаванняў. Звычайна, калі дзяржавы вядуць перамовы (у тым ліку ва ўмовах вайны), яны маюць набор канкрэтыкі: напрыклад, дамаўляюцца, дзе павінна праходзіць дзяржаўная мяжа, па якіх прынцыпах будуць ажыццяўляцца пасляваенныя адносіны паміж дзяржавамі, у якое месца і калі будуць адводзіцца войскі, хто павінен каму плаціць рэпарацыі і гэтай далей. 

Ніякіх канкрэтных патрабаванняў (ні тэрытарыяльных, ні эканамічных, ні ваенных) Расія Украіне на «перамовах» на выстаўляла. Усё, што патрабуе Расія ад Украіны, гэта абстрактныя паняцці як «дэнацыфікацыя» і «дэмілітарызацыя». 

Адзінае адносна канкрэтнае патрабаванне Расіі — неўступленне Украіны ў НАТА. Але стоп. Ніхто ні ў якое НАТА Украіну не кліча, ды і Украіна не гатовая. Акрамя таго, Расія не можа мець права вета на справы НАТА і незалежных дзяржаў. Расіяне сцвярджаюць, што гіпатэтычны ўступ Украіны ў НАТА можа пагражаць Расіі, але нават у самім Крамлі ў гэтую казку не вераць. Чаму ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў блок Расіі не пагражае, а Украіны — пагражае? Лухта, зачэпка. 

Расіяне выстаўляюць да ўкраінцаў прэтэнзіі ў пытаннях гістарычнай памяці і мовы — але гэта ўнутраныя справы дзяржаў, такія пытанні на перамовах паміж дзяржавамі не вырашаюцца.

Масква можа выкарыстоўваць перамовы для тактычнай паўзы альбо для легітымізацыі сваіх учынкаў у будучыні, як было з Мінскімі пагадненнямі. 

Украіна гатовая падпісаць мір хоць заўтра, але з яснай кампраміснай умовай — адвод расійскіх войскаў на пазіцыі, на якіх яны былі да 24 лютага. Нават не вызваленне Данбаса і Крыма, проста каб адышлі на ранейшыя пазіцыі.

Мір ці падпарадкаванне

Няма ніякіх прыкмет, што Расія мае намер падабру-паздарову вярнуць хоць нейкія акупаваныя тэрыторыі — ані Крым, ані Данбас, ані Херсон. Расія робіць усё для інтэграцыі гэтых зямель у расійскае палітыка-прававое і гуманітарнае поля.

Расія адступіла з-пад Кіева, з-пад Сум і. са Змяінага не па добрай волі, а таму што яе войскі там былі разгромленыя і неслі непрымальныя страты.

Мы добра бачым, што і ў Расіі, і сярод яе кліентаў-лукашыстаў ніякіх перамен няма. Працягваецца шавіністычная істэрыка наконт «нелегітымнасці Украіны», пра неабходнасць яе знішчэння як асобнай дзяржавы і народа, аб яе далучэнні да Расіі. Асабліва агрэсіўныя адэпты кажуць «так украінцам і трэба». Пра якія перамовы і давер можа ісці гаворка, пакуль расійскае грамадства хворае на фашызм? 

Не толькі ўкраінскае грамадства, але і краіны Захаду маюць яснае разуменне, што такое Пуцін, што такое Лукашэнка і што ляжыць на шалях цяпер.

Вось як міністр замежных спраў Германіі Анналена Бербак адказала на словы міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, сказаныя ім 25 ліпеня, што «Расія дапаможа народу Украіны пазбавіцца ад антынароднага і антыгістарычнага кіеўскага рэжыму».

Гэта гаворыць пра намер Расіі «цалкам падпарадкаваць сабе Украіну», — заявіла Бербак. 

«Ніхто цяпер не можа сцвярджаць, што Расея выступае за нешта іншае, акрамя поўнага падпарадкавання Украіны і яе народа», — сказала кіраўніца нямецкай дыпламатыі.

Мір — хоць заўтра, але падпарадкавання Украіны імперыялістычнай Расіі не будзе, не па зубах Маскве аказаўся гэты арэх. Паўтору Мюнхена 1938 года, на які спадзяваліся Масква і Лукашэнка, які тут апынуўся ў ролі Мусаліні, не адбылося. Наадварот, ёсць усе падставы лічыць, што вайна ва Украіне стане для пуцінскай Расіі тым, чым стала для Расіі мікалаеўскай расійска-японская вайна 1905 года. 

Клас
100
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
13

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?