Рэйтынг Беларусі ўпаў да «абмежаванага дэфолту» па заканчэнні 14-дзённага льготнага перыяду па выплаце купона па еўрааблігацыях 2027 года.

«29 чэрвеня Міністэрства фінансаў, Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі сумесна абвясцілі, што плацяжы ў доларах ЗША па еўрааблігацыях замест гэтага будуць пералічаныя ў беларускіх рублях на рахунак у ААБ «Беларусбанк», доступ да якога будзе мець плацежны агент. Аднак плацеж у нацыянальнай валюце супярэчыць дакументацыі аблігацый, якая не дазваляе ажыццяўляць разлікі ў альтэрнатыўных валютах. Таму плацеж не быў ажыццёўлены па першапачатковых умовах і не ажыццёўлены да канца льготнага перыяду», — паведаміла Fitch.

Як адзначае агенцтва, зніжэнне рэйтынгу тычыцца толькі доўгатэрміновых знешніх даўгавых абавязацельстваў. Доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў мясцовай валюце застаецца «ССС» (магчымы дэфолт).

Нагадаем, 14 ліпеня скончыўся льготны перыяд, на працягу якога Беларусь павінна была выплаціць 22,9 млн даляраў па дзесяцігадовых еўрааблігацыях Belarus-27. Паколькі Мінфін Беларусі правёў плацеж у нацыянальнай валюце, трымальнікі знешняга доўгу беларускіх эмітэнтаў не змаглі атрымаць выплаты.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0