Сёлета да ўдзелу традыцыйна прымаюцца кнігі, выдадзеныя на беларускай мове ўпершыню ў 2021 годзе ў папяровым або электронным варыянце. Але таксама можна падаць творы, выдадзеныя цягам 2020 года, якія не бралі ўдзел у конкурсе летась.
Абмежаванні для аўтараў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў адсутнічаюць. Тэрмін прыняцця заявак — да 31 ліпеня (да 22.00 па беларускім часе).
Узнагарода ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Год таму перамагла кніга «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.
Заснавальнікі прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Мінску.





