Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Цярэспаль-Брэст. Фота: тэлеграм-канал «Warshawka» — ПП «Варшавский мост»

Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Цярэспаль-Брэст. Фота: тэлеграм-канал «Warshawka» — ПП «Варшавский мост»

Экскурсаводы: «Няма таго, што раньш было»

З улікам геаграфічнага палажэння, галоўным бенефіцыярам увядзення бязвізу для грамадзян Польшчы, Латвіі і Літвы мусіў стаць Гродна і Гродзенскі раён, якія мяжуюць адразу з дзвюма краінамі ЕС. 

У дакавідным 2019 годзе ў рамках бязвізавага рэжыму Гродна і найбліжэйшыя рэгіёны наведала 136 тысяч турыстаў. Сярод іх было 37 тысяч літоўцаў, 15 тысяч палякаў і каля 2 тысяч латышоў. Яны наведвалі рэгіён праз набыццё адмысловых ваўчараў. Часцей за ўсё, яны прыязджалі ў Беларусь на вялікіх турыстычных аўтобусах арганізаванымі групамі. Цяпер жа, па назіраннях мясцовых жыхароў, турыстычныя аўтобусы на еўрапейскіх нумарах — вялікая рэдкасць.

Гродзенскія экскурсаводы ў адзін голас кажуць, што няма таго, што раньш было.

«Са зняццём кавідных абмежаванняў і ўвядзеннем бязвізу колькасць замежнікаў на вуліцах горада павялічылася, але гэта ўсё адно дробязі ў параўнанні з тым, што было ў 2019 годзе. Тры гады таму, у пікавыя дні, турысты з ЕС (у асноўным з Літвы і Польшчы) у літаральным сэнсе тлумамі хадзілі па цэнтры. Турыстычным аўтобусам далёка не заўсёды хапала месцаў. Цяпер жа часам сустракаюцца толькі невялікія групкі палякаў і літоўцаў, якія прыехалі ў Беларусь на аўто.

Але гэта хутчэй тыя людзі, для каго шпацыр па горадзе не асноўная мэта візіту. Хтосьці прыязджае да сваякоў ці на закупы і разам з тым ідзе паглядзець горад. На жаль, з пункту гледжання турыстычнага бізнэсу вялікай карысці ад увядзення бязвізу амаль няма», — лічыць адзін з экскурсаводаў. 

Па словах суразмоўцы, пэўны запыт на турыстычныя паездкі з боку палякаў і літоўцаў ёсць, але практычных крокаў яшчэ не зроблена.

«Ведаю, што ў турыстычных колах ідуць абмеркаванні, каб запусціць трохдзённыя туры для палякаў, таксама чуў, што да нас зноў хочуць пачаць вазіць турыстычныя групы з Літвы. Сярод людзей сталага ўзросту, якія зараз жывуць у Літве, сапраўды ёсць запыт паглядзець на Беларусь».

Едуць, каб наведаць сваякоў і схадзіць на могілкі

Наш іншы суразмоўца ў дакавідныя часы займаўся экскурсіямі для гасцей з Польшчы. 

«Турысты з Польшчы, як зніклі пасля закрыцця межаў у сакавіку 2020 года, так фактычна больш і не з'яўляліся. З увядзеннем безвізу людзі, можа, і паехалі трохі больш, чым раней, але гэта ўжо не турысты. Хутчэй ездзяць па сямейных справах, каб наведаць сваякоў ці з'ездзіць на могілкі.

Але на турызм гэта асабліва не ўплывае. Раней турысты ехалі да нас праз агенцтвы арганізаванымі групамі, там іх і размяркоўвалі па экскурсаводах, арганізоўвалі харчаванне і, калі трэба, пражыванне. Цяпер такога няма. Пасля кавіду і рэвалюцыі наведванне сваякоў — гэта, бадай, асноўны кірунак», — адзначае краязнаўца.

Па яго словах, каб адчуць адсутнасць замежных турыстаў, дастаткова проста прагуляцца па цэнтры. 

«Раней у выходныя можна было сустрэць шмат іншамоўных груп, а цяпер асноўныя турысты — гэта самі беларусы з розных рэгіёнаў краіны, расіяне і тыя, хто едзе на экскурсію па нейкіх прафсаюзных пуцёўках.

Што тычыцца аднаўлення турыстычнага патоку за кошт замежнікаў, то мне падаецца, што з улікам усіх абставін зараз вельмі мала магчымасцяў эфектыўна прасоўваць гэты кірунак, заахвочваць людзей купляць туры ў Беларусь», — лічыць экскурсавод.

Трасуць машыны, каб заліць больш паліва

Па назіраннях суразмоўцы, у самім горадзе ўвядзення бязвізу для жыхароў суседніх краін асабліва не адчуваецца, паколькі тыя, хто ездзіць да нас з эканамічных прычын, да горада, ці прынамсі да цэнтра, не даязджаюць. 

Чаго не скажаш пра АЗС, якія знаходзяцца блізу мяжы. Супрацоўнікі памежных заправак, што працуюць на літоўскім кірунку, адзначаюць значнае павелічэнне кліентаў на аўто з літоўскай рэгістрацыяй. 

«Усе яны запраўляюць поўныя бакі, некаторыя нават трасуць машыны, каб улезла як мага больш. Паліва ў Літве прыкладна ў два разы даражэйшае, чым у Беларусі, таму жыхары літоўскага памежжа сапраўды вельмі частыя госці на нашых запраўках», — сцвярджае суразмоўца.

Але чым далей ад мяжы, тым яны сустракаюцца радзей. Аператарка адной з заправак, якая месціцца на ўскрайку Гродна, кажа, што ўвогуле не заўважала павелічэння колькасці кліентаў на еўрапейскіх нумарах.

Цыгарэты купляюць блокамі

Апроч паліва, літоўцы актыўна набываюць беларускія цыгарэты. Прадавачка з адмысловага шапіка заўважае, што з моманту з'яўлення бязвізу продажы цыгарэт на яе кропцы выраслі ў некалькі разоў.

«Раней асноўнымі пакупнікамі былі дальнабойшчыкі, а як адкрылі межы для ўсіх, то да нас зноў паехалі літоўцы на легкавіках. Многія купляюць адразу па некалькі блокаў», — дзеліцца прадавачка.

Трэцяе месца па папулярнасці, сярод «турыстаў» з Літвы, займаюць аптэкі. Замежнікаў цікавяць лекі беларускай і расійскай вытворчасці. 

Калі літоўцы дабіраюцца да крамаў, то там бяруць лідскія кукурузныя палачкі і квас. Яшчэ адна катэгорыя тавараў, якая, па словах прадаўцоў, карыстаецца попытам з боку літоўскіх пакупнікоў, — угнаенні для сада і агарода. 

Па назіраннях беларускіх чаўнакоў, бязвіз сярод палякаў карыстаецца значна меншай папулярнасцю, чым сярод жыхароў Літвы.

«Калі ў чэргах на мяжы і павялічылася колькасць аўто з польскімі нумарамі, то не істотна. На беларуска-польскай мяжы велізарныя чэргі, палякі, як і іншыя грамадзяне ЕС, цяпер мусяць стаяць з усімі ў адной чарзе — раней яны адразу заязджалі на пункт пропуску і станавіліся ў «еўрапас». Магчыма, праз гэта жадаючых ездзіць у Беларусь сярод палякаў не шмат», — мяркуе кантрабандыст.

Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Баброўнікі-Бераставіца. Фота: тэлеграм-канал ПП «Берестовица-Бобровники»

Чарга з польскага боку ў пункце пропуску Баброўнікі-Бераставіца. Фота: тэлеграм-канал ПП «Берестовица-Бобровники»

Апроч гэтага, суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што за стырном машын на еўрапейскіх нумарах, якія мы бачым на нашых дарогах, нярэдка знаходзяцца беларусы, якія раней з'ехалі за мяжу і прыязджаюць пагасціць на радзіме.

Клас
16
Панылы сорам
4
Ха-ха
32
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
9