Падчас выступлення

Падчас выступлення

«Мой муж Сяргей адчуваў нешта падобнае, калі ўпершыню ўвайшоў у двор Жодзінскай турмы»

«Стоячы тут сёння, я адчуваю цяжкасць гісторыі. Моташна думаць, што ўсяго за пару крокаў ад таго месца, дзе я зараз стаю, былі забітыя амаль тры тысячы чалавек. Праходзячы сёння па турме, я адчула сябе такой маленькай. Маё сэрца стала біцца хутчэй. Я падумала, што мой муж Сяргей, мусіць, адчуваў нешта падобнае, калі ўпершыню ўвайшоў у двор Жодзінскай турмы.

Мусіць, гэтая млосць — пачуццё адвагі. Адчуванне свядомага супрацьстаяння небяспецы. Калі ўваходзіш у турэмны двор з расплюшчанымі вачыма і высока паднятай галавой.

Як некаторыя з вас згадалі, людзі, якія сабраліся тут сёння, паходзяць са свабоднага грамадства. Але так было не заўсёды, і гэтае месца нагадвае нам пра гэта. Учора, у музеі Бэндлер-блок, мяне натхнілі шматлікія гісторыі немцаў, якія кінулі выклік нацыянал-сацыялізму».

«Гісторыя нямецкага супраціву кажа нам, што малыя акты мужнасці могуць пракласці шлях да свабоды і міру»

«У 1940-х гадах супраціў немцаў абараніў іх чалавечнасць перад абліччам вялікага зла. Так, гэтае зло мела нашмат большыя памеры, чым тое, з чым сёння сутыкаюцца беларусы. Аднак мужнасць, якую беларусы праяўляюць у змаганні, натхняе не менш. Грамадзянская мужнасць непадуладная часу і не ведае межаў.

Гісторыя нямецкага супраціву кажа нам, што малыя акты мужнасці нямногіх могуць пракласці шлях да свабоды і міру для ўсіх».

«Уся наша краіна ператварылася ў турму»

«Падчас паслявыбарных пратэстаў мы спадзяваліся выцягнуць беларусаў з турмаў, але замест гэтага ўся наша краіна ператварылася ў турму. Наша змаганне аказалася больш працяглым. Беларусы пайшлі ў падполле. Але ўсё роўна кожны тыдзень мы чуем пра невялікія акты непадпарадкавання. Графіці на грамадскім будынку, з'яўленне бел-чырвона-белага сцяга, сімвал «спыніце вайну» на вулічным знаку. Рэжым стаў больш рэпрэсіўным, чым калі-колечы раней».

85 працэнтаў беларусаў супраць вайны ва Украіне

«Ад пачатку вайны супраць Украіны беларусы працягваюць адстойваць тое, што яны лічаць слушным. 85 працэнтаў — пераважная большасць — выступаюць супраць удзелу беларускага войска ў вайне. Беларусы распаўсюдзілі больш за 500 тысяч антываенных брашур. Яны падарылі нашым добраахвотнікам на фронце больш за 40 аўтамабіляў, тысячы бронекамізэлек, медыкамэнтаў і прадметаў гігіены. Беларусь не такая багатая, як Нямеччына. Але людзі з неабыякавымі сэрцамі заўсёды знойдуць, чым падзяліцца.

Мяне натхняюць беларускія партызаны, якія ладзілі дыверсіі супраць расійскага войска (…) Мяне натхняюць сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія сваімі жыццямі бароняць Украіну. Ва ўкраінскім войску служаць да 1500 беларускіх добраахвотнікаў. Яны прыносяць неймаверныя ахвяры (…) Мяне натхняюць простыя беларусы, якія дэманструюць сваю салідарнасць з Украінай. Агулам больш за 2100 чалавек былі затрыманыя ці пасаджаныя ў турму за акты непадпарадкавання».

«Мір для Украіны і Еўропы магчымы толькі пры ўмове свабоды Беларусі ад дыктатуры»

«Мы ніколі не гублялі ўпэўненасці ў нашай барацьбе. І за апошнія некалькі гадоў мы шмат чаму навучыліся. Па-першае, дыктатуры разрастаюцца, калі дэмакратыі не звяртаюць на іх увагі. Еўрапейцы прачнуліся ад таго, што «У нас у Еўропе вайна!», таму што яны праспалі, што «У нас у Еўропе дыктатура!». Спадзяюся, цяпер зразумела, што мір для Украіны і Еўропы магчымы толькі пры ўмове свабоды Беларусі ад дыктатуры».

«Меркель мяне заклікала быць цярпліваю»

«Памятаю сваю першую размову з канцлеркай Ангелай Меркель. Яна цярпліва выслухала мяне, а затым дала мне параду, якую я не забуду: яна заклікала мяне быць цярпліваю, але ніколі не губляць упэўненасці ў тым, што мы робім».

«Не можа быць і свабоды для Беларусі без свабоды для Украіны. Не можа быць бяспекі для Украіны, калі побач з ёй дыктатар, які падтрымліваецца Пуціным. І не можа быць міру для Еўропы без міру ва Украіне. Мы ўсе — частка глабальнай барацьбы супраць аўтарытарызму. І мы пераможам толькі тады, калі застанемся адзінымі і мэтанакіраванымі».

«Беларусы прадэманстравалі сілу грамадзянскай мужнасці перад абліччам аўтарытарызму. Цяпер, каб дапамагчы Украіне і Беларусі здабыць свабоду і абараніць вас, мужнасці многіх недастаткова — нам патрэбна мужнасць усіх. Ад простага немца да канцлера (…) Для звычайнага чалавека патрабуецца мужнасць, каб напісаць ліст палітвязню, аплаціць большы рахунак за газ, узяць на сябе адказнасць за тых, хто здаецца такім далёкім.

На шчасце, мы маем прыклады ў гісторыі, якія нас натхняюць і накіроўваюць. Сённяшні дзень якраз і прысвечаны іх ушанаванню».

«Дыктатараў нельга залагодзіць ці перавыхаваць»

«Мая асабістая барацьба таксама звязаная з маімі дзецьмі. Мяне натхняюць штодзённыя мужныя ўчынкі майго 12-гадовага сына. Кожны раз, калі яго 6-гадовая сястра пытаецца, дзе яе тата, брат адказвае: «У камандзіроўцы». Ён ведае, што ягоны бацька ў турме. Але ён бароніць сваю сястру.

Спадзяюся, што ў будучыні маім дзецям не давядзецца рабіць такія мужныя ўчынкі. Спадзяюся, што для іх мужнасць не будзе мець смак задушлівага паветра турэмнай камеры або нагадваць ім моташнае адчуванне ад прагулкі па турэмным двары. Замест гэтага мужнасць для іх павінна быць злучаная з узрушэннем і выклікам. Я спадзяюся, што іх маленькія акты мужнасці будуць накіраваныя на пабудову лепшай будучыні для іх саміх і наступных пакаленняў.

«Дыктатараў нельга залагодзіць ці перавыхаваць. Мы ведаем, чым скончыліся спробы залагоджвання ў 1938 годзе. Мы папярэджвалі свабодны свет, каб той не паўтараў тых жа памылак з Пуціным ці Лукашэнкам.

Дыктатары ведаюць, што дэмакратыі ахвотней выбіраюць хісткі мір, чым паслядоўную барацьбу. Еўрапейскім дэмакратыям спатрэбіліся месяцы, каб паказаць, што ў іх таксама ёсць зубы».

Клас
112
Панылы сорам
2
Ха-ха
11
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
9