Падатак на першую кватэру з'явіўся ў абноўленым з 1 студзеня 2022 года Падатковым кодэксе. Збор складзе 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра. Гэта значыць, у розных рэгіёнах будуць плаціць па-рознаму. Быў прагноз, што ў сярэднім падатак у Мінску складзе 50 рублёў на год, а ў рэгіёнах удвая менш.

Плату разбіваюць на два разы, спачатку просяць аванс. Напрыклад, па гэтай сталічнай кватэры на Яна Чачота ўласніку пакуль выставілі рахунак на 22,27 рубля, гэта аванс. Тут жа пазначана, што ўся сума падатку складзе 44,55 рубля.

Выплаціць падатак трэба не пазней за 15 лістапада 2022 года, адзначаецца ў паведамленні.

Папера называецца «паведамленне на выплату фізічнымі асобамі транспартнага падатку, падатку на нерухомасць і зямельнага падатку». Гэта таму, што ў Беларусі гэтым летам з'явілася адзіная форма плацёжкі па такіх графах.

Мяркуючы па леташнім тлумачэнні ад падаткавікоў, паведамленні прыйдуць не пазней за 1 верасня 2022 года. Пасля выплаты авансу наступную частку грошай трэба будзе заплаціць не пазней за 15 лістапада 2023 года. Пра яе нагадаюць у наступным годзе, таксама да восені.

Некаторых грамадзян ад падатку на першую кватэру вызвалілі. Сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і іншыя людзі з правам на льготнае падаткаабкладанне па законе «Аб ветэранах», інваліды I і II групы, пенсіянеры, шматдзетныя, непаўналетнія, а таксама салдаты тэрміновай службы і тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу.

Адзначалася, што мэта новаўвядзення такая: «зраўняць умовы падаткаабкладання грамадзян, якія з'яўляюцца ўладальнікамі індывідуальнага жылля, а таксама павысіць рэсурсную базу мясцовых бюджэтаў». Вынікае, грошы, сабраныя з уладальнікаў кватэр, пойдуць у мясцовыя бюджэты.

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
32