Вадзім Гігін. Фота spektr.by

Вадзім Гігін. Фота spektr.by

«Успомніце, па Мінскіх пагадненнях Данбасу павінны былі даць асаблівыя паўнамоцтвы. Адмовілі. А палякам зараз па новым законе іх даюць. Гэта значыць, сваім грамадзянам, якія хацелі зрабіць яшчэ адну спробу захаваць адзінства Украіны, у гэтым адмовілі, а тым, хто знаходзіцца за мяжой і з кім гістарычныя адносіны, мякка кажучы, вельмі складаныя ва ўкраінцаў, ім гэты статус даюць. Гэта лішні раз паказвае, на якім шляху знаходзіцца цяперашні кіеўскі рэжым», — кажа Гігін.

У сваёй прамове Гігін зманіў, паставіўшы ў адзін шэраг Мінскія пагадненні і новы ўкраінскі закон аб статусе палякаў. Параўнаў зялёнае з цёплым.

Мінскія пагадненні ўзніклі як дакументы па спыненні агню, у іх былі прапісаныя прынцыпы ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Прадугледжвалася, што агонь спыніцца, адбудуцца мясцовыя выбары (па ўкраінскіх законах), правядуць амністыю, на тых тэрыторыях будзе створаная асобная народная міліцыя, а Украіна адновіць кантроль над расійска-ўкраінскай мяжой. 

Нягледзячы на крытыку часткі грамадства, украінскае кіраўніцтва ўвесь час адзначала, што выступае выключна за мірнае вырашэнне канфлікту, і што альтэрнатыў «Мінску» няма. Ва Украіне быў прыняты закон «Пра асаблівы парадак мясцовага самакіравання» (і ён, дарэчы, дагэтуль дзейнічае). Такім чынам, палітычная частка пагаднення з украінскага боку была выкананая.

А вось пытанне бяспекі вырашанае не было. Расія так і не дазволіла Украіне вярнуць кантроль над мяжой паміж квазірэспублікамі і Расіяй, не быў забяспечаны доступ для ўкраінскіх СМІ і палітычных партый на тэрыторыю так званых «ЛНР» і «ДНР». Без гэтага ўсяго ніякія выбары і рэінтэграцыя тэрыторый былі немагчымыя.

Акрамя таго, Расія хацела, каб данецкія квазідзяржаўныя ўтварэнні мелі права вета на замежнапалітычныя крокі Украіны, але якая суверэнная краіна такое прыме? Уявіце сабе, каб расійскія войскі занялі Оршу і запатрабавалі, каб Аршанскі выканкам меў права вета на замежнапалітычныя рашэнні ўсёй Беларусі.

22 лютага 2022 года Пуцін заявіў, што пасля прызнання Расіяй Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» Мінскіх пагадненняў больш не існуе. Такім чынам, гэта Расія адмовілася ад палітычнага шляху вырашэння канфлікту.

А вось закон для палякаў, пра які кажа Гігін, зусім пра іншае.

Паводле яго, грамадзяне Польшчы і іх дзеці змогуць легальна жыць і працаваць ва Украіне на працягу 18 месяцаў, а таксама:

  • весці бізнэс,
  • навучацца ў адукацыйных установах,
  • атрымліваць медыцынскае абслугоўванне нароўні з украінскімі грамадзянамі,
  • атрымліваць асобныя сацыяльныя выплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны,
  • навукоўцы і педагогі змогуць працаваць у ВНУ,
  • медыцынскія работнікі — працаваць у медыцынскіх установах.

Нічога эксклюзіўнага і ўнікальнага на фоне іншых грамадзян Украіны.

Гэты закон прапанаваны ў адказ на прыняцце Польшчай Закона ад 12 сакавіка 2022 года аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам, які пачаўся 24 лютага 2022 года. Такім чынам,

гэта сімвалічны закон, прыняты ў першую чаргу для таго, каб ураўнаваць у правах грамадзян Польшчы ва Украіне з магчымасцямі грамадзян Украіны ў Польшчы, а не нейкі «асаблівы статус». Іншая рэч, што ўкраінцаў у Польшчы працуе шмат, а палякаў ва Украіне — адзінкі, бо заробкі там ніжэйшыя. Але ўкраінцы ў Польшчы маюць абсалютна тыя ж правы.

Клас
35
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
19