Паважаны прафесар Аляксандр Краўцэвіч невядома навошта зачапіўся са мной за тэму шляхты. Маўляў, шляхта — гэта рэнегаты, якія перасталі ваяваць за сваю Айчыну, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Паланізаваліся. Пасля прадаліся расійцам. Пасля яшчэ раз паланізаваліся і ваявалі за Польшчу. Да нацыятворчага працэсу, маўляў, шляхта не мае ніякага дачынення. Усё зрабіла сялянства. Беларусы = сялянская нацыя.

Троху разгубіўся, бо рос на кнігах сп. Краўцэвіча пра Вітаўта, гісторыю Горадні і г.д. Але. «Не могу молчать». Ніхто са шляхты не робіць святых. Хочаце любіць святых у гісторыі — не будзеце любіць нікога. Шляхта мела багата грахоў, але дакладна не больш за сялянаў, мяшчанаў, мясцовага кліру ўсіх канфесіяў ці тутэйшых жыдкоў. Ніводная з гэтых супольнасцяў ніколі і не думала пра ніякае нацыятварэнне.

Шляхта была такой, якой была. Са сваімі інтарэсамі. Са сваім стылем. Са сваім кодэксам паводзінаў. З разгуляйствам, пыхай, іррацыянальнасцю, гонарам, рашучасцю, авантурызмам. Але гэта і ёсць рысы пасіянарнай супольнасці, якая здольная нешта стварыць. Пакінуць след у гісторыі. Не жыве па інерцыі. Акурат выхадцы са шляхты стварылі ўсё вартае на нашых землях у дамадэрную эпоху.

І не трэба судзіць людзей 16—17 стагоддзяў па мерках 20—21 стагоддзяў. Даруйце, але Януш Радзівіл не меў змогі штудзіраваць Энтані Сміта, Цімаці Снайдэрса або Алеся Краўцэвіча.

У Японіі былі самураі, якія ў наступным сталі легендай і брэндам. Але мадэрная Японія паўстала хутчэй насуперак самураям, як «ворагам прагрэсу».

У Германіі было рыцарства і дваранства. Але мадэрная Германія паўстала хутчэй насуперак нашчадкам рыцараў, як «ворагам прагрэсу».

У Амерыцы былі каўбоі з кольтамі ды «банды Нью-Ёрка». Але мадэрныя ЗША паўсталі хутчэй насуперак каўбоям. Нью-Ёрк — насуперак тым бандам.

Але японцы, немцы, амерыканцы ганарацца сваёй гісторыяй. Без самураяў, рыцараў ці каўбояў іх гісторыі не існуе. Дакладней, яна стае нецікавай. А ў шырокім разуменні нецікавая гісторыя не існуе. Бо яна нікога не «вставляет», апроч спецыялістаў-кніжнікаў.

Тое самае са шляхтай. Не чапайце святога. Шляхта — «народжаныя з шабляй» — маюць быць адным з цэнтральных архетыпічных вобразаў нацыі, калі мы ў прынцыпе бачым нацыю ў перспектыве.

Інакш застануцца коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот. Усё тое, што мы ненавідзелі на ўроках бел-літа. Усё тое, што нават рускія забараняць не будуць. Бо яно не страшнае. І не цікавае.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
AlesGut / Адказаць
25.07.2022
Не чапаць гэта значыць сарамліва хаваць што не дапушчальна для гісторыі. Наадварот трэба дэталёва аналізаваць, і спрачацца каб знайсьці праўду
3
belariy / Адказаць
25.07.2022
згодзен з Краўцэвічам, што ў свой час наша шляхта моцна нам паднагадзіла, кінуўшыся ў бок Польшчы. але наконт сялянства...   і Лукашэнка, і ўся яго банда - гэта самыя што ні на ёсьць сяляне, каторыя дарваліся да ўлады.
9
Грыф / Адказаць
25.07.2022
Не чапайце шляхты. Вам ніколі да яе не падняцца. Шляхціцам трэба  нарадзіцца. І Краўцэвічу шляхціцам не стаць. Доктарам навук можа, акадэмікам можа, а шляхціцам ніколі.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру