Фота: кадр з відэа Tut.by

Як усё было

Чатыры хлопцы, якіх вы бачылі на тых кадрах, даўно сябруюць. Сярод іх ёсць прадстаўнікі розных прафесій — айцішнік, дызайнер, лагіст. З меркаванняў бяспекі не ўсе з іх пагадзіліся называць свае імёны.

Напэўна, самая драматычная з гісторый з той кампаніі — лёс Мікіты Старавойтава. На пачатак жніўня 2020 года Мікіта працаваў фізіятэрапеўтам жаночай нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы і марыў пра тое, каб паехаць з камандай на летнюю алімпіяду ў Токіа.

У першыя ночы пасля 9 жніўня Мікіта разам з сябрамі вырашыў дапамагаць параненым на пратэстах — як хутка стала зразумела, такая дапамога будзе запатрабаванай. Хлопец — адзіны медык з сяброў, таму яму давялося тлумачыць ім, як аказваць першую дапамогу. Як кажа адзін з іх, былы лагіст Антон, для іх было важна не ісці па шляху агрэсіі, але ж хацелася пры гэтым не прайсці міма важных для краіны падзей.

10 жніўня 2020 года

Калі сціхла тая, самая першая хваля гвалту на мінскіх вуліцах, хлопцы вырашылі не сядзець дома і амаль у тым жа складзе зноў выйшлі на вуліцу. Паехалі ў раён станцыі метро «Пушкінская», бо тэрытарыяльна гэта было для іх бліжэй.

Вось як пра гэта згадвае Мікіта Старавойтаў: «Мы прыехалі кампаніяй на Пушкінскую, прыпаркаваліся і пайшлі да скаплення людзей. Калі мы падышлі бліжэй да метро, заўважылі, што вакол вельмі шмат народу, было не надта зразумела, што адбываецца і наколькі гэта бяспечна. Памятаю, як уздоўж вуліцы хадзілі медыкі і глядзелі, ці не стане каму дрэнна.

Я пабачыў лаўку. Пралічыў, што, калі пачнуць разганяць [пратэст], нашы ворагі могуць наступаць з двух бакоў — з боку праспекта і «Віталюра», то-бок натоўп павінен быў пабегчы або ад дарогі, або ў бок яе. Таму, калі б я знаходзіўся на лаўцы, у мяне быў бы час надзець абутак і пабегчы ў бяспечнае месца. Спачатку стаяў на лаўцы адзін, а потым падышлі сябры. Сказалі не паварочвацца, бо ззаду нас здымалі».

Цяпер, калі хлопцы расказваюць пра тыя падзеі, яны як адзін сцвярджаюць: нічога дзіўнага ў тым, што знялі тады абутак, няма. Айцішнік Канстанцін (імя змененае) прыгадвае, што абутак яны з сябрамі знімалі «на аўтамаце», ды яшчэ і жартавалі тады: «Маўляў, калі пачнуць нас скручваць, што мы будзем рабіць? Уявілі, што развернемся, сядзем на лаўку і будзем зашнуроўвацца».

Хлопцы падкрэсліваюць: за іх жэстам не было ніякага падтэксту, маўляў, паглядзіце, якія выхаваныя ў Беларусі пратэстоўцы. «Мы проста пабачылі новую і нядаўна фарбаваную лаўку, разуліся, бо нам не хацелася яе сапсаваць, і ўсталі на яе. Адтуль было зручней бачыць, што адбываецца бліжэй да дарогі, вось і ўсё. Мы разуліся не для таго, каб стварыць нейкі сімвал, таму і не хацелі публічна распавядаць, што на кадры былі мы. Разуцца там — гэта было імпульсіўнае рашэнне. Проста, відаць, нас так выхавалі, каб мы не псавалі чужое і каб паважалі чужую працу», — тлумачыць Антон.

Як даведаліся, што сталі зоркамі

Не пабачыць знакамітыя кадры з удзелам хлопцаў было немагчыма. Адзін з іх, дызайнер Аляксандр, расказвае, як даведаўся пра новаздабытую вядомасць: «Праз дзень-два нам пачалі скідваць відэа, дзе бачна, як мы стаім на лаўцы. Мы яшчэ дзівіліся — маўляў, такая колькасць людзей гэта прагледзела, як гэта так? Памятаю, як нехта з нас сказаў: «Ну што, цяпер мы селебрыці». Потым яшчэ нейкія мемы пачалі з’яўляцца, людзі пачалі прыводзіць гэтую гісторыю ў прыклад у медыя».

Іншы з герояў, Антон, дагэтуль памятае, як упершыню пабачыў знакамітыя кадры. Пасля пратэстаў на Пушкінскай ён даведаўся, што з турмы ў Жодзіна пачалі выпускаць затрыманых, і паехаў туды валанцёрыць. Суткі не спаў, і тут з’явіўся ролік з удзелам яго і сяброў:

«Стаяў у Жодзіне ля стала валанцёраў, навокал было вельмі шмат людзей, а мне дужа хацелася спаць. Бачу, што адзін валанцёр паказвае іншаму нешта на тэлефоне, яны пачынаюць усміхацца і паказваюць гэтыя кадры мне. Адказаў ім — дык гэта ж я!

Потым пайшлі рэпосты, гэтыя кадры ўсе перакідвалі адно аднаму. Было цікава назіраць за сабой з боку. Мне спадабалася, што не было бачна нашы твары і што гэтая гісторыя стала сімвалам, бо мы не ўкладалі ў яе нічога індывідуальнага — маўляў, паглядзіце, які я малайчына!»

Канстанцін згадвае, што калі пабачыў ролік з сабой і сябрамі на лаўцы, падумаў, што ў іх атрымалася задаць правільныя трэнды. Хлопца ўразіла тое, што той эпізод не прайшоў міма ўвагі зорак: «Яшчэ было класна, калі і Шым з групы «Каста», і Слава Камісарэнка акцэнтавалі ўвагу на гэтым моманце ў сваіх інтэрв’ю. Думалі: ух ты, нам Шым рэспектануў!»

Хлопцам траплялася меркаванне, што гісторыя са зняццём абутка — проста пастаноўка. Але яны вырашылі не звяртаць на яго ўвагі, бо кожнага не пераканаеш, ды і сэнсу ў гэтым няма. Галоўнае — тое, што іх жэст паспрыяў стварэнню станоўчага вобраза беларусаў у вачах свету. Самім хлопцам, кажа Аляксандр, ганарыцца тут няма чым: «Гэта выпадковая падзея, якая раптам завірусілася. Любому чалавеку будзе прыемна, калі яго будуць станоўча ацэньваць».

Як жывуць зараз

Першым з краіны з’ехаў Мікіта Старавойтаў. Пасля жніўня хлопец, як і трое яго сяброў, працягваў хадзіць на пратэсты, і некалькі разоў прайшоў праз затрыманні, у выніку таемна выехаў з краіны, бо яму пагражаў крымінальны пераслед.

Давялося развітацца з працай у зборнай па цяжкай атлетыцы, праўда, Мікіту гэта асабліва не засмучвае: «На жаль, амаль уся каманда — гэта або прыстасаванцы, або адэпты Лукашэнкі, таму ў нейкай ступені я дужа рады, што атрымалася так, як атрымалася».

Праз нейкі час былыя працадаўцы звязаліся з ім з дапамогай адной са спартсменак. Прапанавалі разысціся «па-добраму»: маўляў, ты не выходзіў ні на працу, ні на сувязь (сілавікі забралі ў Мікіты тэлефон), таму лепей напішы заяву па ўласным жаданні і мы знойдзем іншага супрацоўніка.

Мікіта Старавойтаў. Фота: архіў героя

Старавойтаву гэта не спадабалася: «Не пагадзіўся. Калі вы не хочаце абараняць свайго спецыяліста, якога незаконна арыштоўваюць, збіваюць і ў выніку накладваюць некалькі крымінальных артыкулаў, то лепей працягнем гэты працэс і звольнім мяне па артыкуле. Так яны і зрабілі».

Мікіта знаходзіўся на той час у Польшчы, стараўся напрацоўваць кліентуру і пачынаць сваё жыццё з нуля. Зараз кажа, што атрымліваецца больш чым добра: да яго як да масажыста запісваюцца ўжо на пачатак наступнага года. Гэтай зімой хлопец зразумеў, што нарэшце адчувае сябе камфортна ў Польшчы, можа «выдыхнуць і жыць».

Збіраўся адкрыць сваю студыю па рэабілітацыі арганізма, але пачалася вайна і планы давялося змяніць. Мікіта згадвае: «Адчуваў сябе дужа дрэнна — маўляў, адбываецца нешта кашмарнае, а ты нічога не можаш зрабіць. Падумаў, што магу данаціць, і данаціў тое, што назбіраў на год, ва ўсе ініцыятывы, якія мне трапляліся на вочы. Пералічыў у розныя арганізацыі на карысць Украіны шмат з таго, што здолеў сабраць, а паколькі падняліся цэны на арэнду і расходнікі, цяпер мне трэба яшчэ большая сума для студыі».

Крыміналку Мікіты за гэты час некалькі разоў перакваліфікоўвалі: «Апошні раз, здаецца, яны спыніліся на абвінавачванні ў хуліганстве. Маўляў, я раскідваў на дарозе вожыкі, хаця ў той час дакладна быў у іншым месцы».

Іншыя двое сяброў, Аляксандр і Антон, разам пакінулі краіну вясной гэтага года. Антон мае ўкраінскія карані, таму баявыя дзеянні ў суседняй краіне яго моцна ўзрушылі.

27 лютага, у дзень рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю, Антон і Аляксандр разам пайшлі на пратэсты. Хлопцаў затрымалі і прысудзілі ім па 15 сутак арышту.

Пасля выхаду на волю хлопцы звярнуліся па параду, як кажа Антон, да «неперадузятага чалавека», і ім парэкамендавалі выязджаць з краіны. Антон тлумачыць гэты выбар так: «Калі ты дыхаеш вольным паветрам і не баішся, што цябе могуць у любы момант закрыць, гэта дае табе магчымасць зрабіць нашмат больш для сябе, сваёй сям’і і сваіх перакананняў».

Спачатку хлопцы перабраліся ў Арменію, потым пераехалі ў Грузію, дзе жылі пару месяцаў і паралельна вырашалі пытанне з шэнгенам. З цяжкасцямі, але атрымалі гуманітарную візу, і зараз вось ужо некалькі тыдняў знаходзяцца ў Польшчы.

Чацвёрты з герояў, Канстанцін, таксама ўдзельнічаў у антываенным пратэсце і цудам не быў арыштаваны. Расказвае, што на гадзіну ад’ехаў па справах ад будынку Генштаба, а калі вярнуўся, пратэст ужо разагналі.

Зараз ён ні пра што не шкадуе: «Мне падабаецца тое, як мы, беларусы, пратэставалі. Магчыма, варта было б весці сябе неяк актыўней, і тады зараз бы мы былі ў лепшай сітуацыі. З іншага боку, калі б мы вялі сябе агрэсіўней, Расія б дакладна на нас напала, і мы б нічога не здолелі зрабіць. Таму я ганаруся тым, што ўсё адбылося так, як адбылося, і што б ні здарылася, адчуваю надзею на лепшае для краіны».

Нейкіх значных зменаў у яго жыцці, расказвае Канстанцін, не было — адзінае, «дзяўчына казала, што ганарыцца мной».

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

«Не ведаю, як намаляваць Мікалая Статкевіча». Мастачка прыдумала вышываць палітвязняў — і цяпер гэта ж робяць сотні людзей

«Змены будуць тады, калі беларусы перастануць слухаць «Рускае радыё» з жудаснай рускай папсой». Вялікая гутарка з маці анархіста Мікіты Емяльянава

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

8
Ерома / Адказаць
26.07.2022
Ані настаяшчыя героі !  Героям Слава!
8
Ага да / Адказаць
26.07.2022
Главное — чтобы Россия не напала, лишь бы не было войны. Oh wait…
4
ром / Адказаць
26.07.2022
Ерома,  и Сала з картошкай! 
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру