AFP

Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калеснікава яшчэ пад следствам

Аляксандр Лукашэнка: Вось вы кажаце, у нас сотні змешчаныя ў турмы. Але калі ўжо казаць пра кагосьці з так званай апазіцыі, пра якую вы сказалі… Хоць з апазіцыяй гэта нічога супольнага не мае — гэта людзі, якія выступілі супраць дзяржавы. Супраць дзяржавы, а не супраць улады. Супраць дзяржавы і супраць уласнага народа… Дык у нас, я нават вось не памятаю, каб нават з тых яркіх бандытаў, якія мяцеж зладзілі, каб яны былі ў турме. Следства ідзе. Ідзе следства, суда яшчэ не было! Я магу памыляцца, можа быць, адзін-два чалавекі і былі асуджаныя. Але я проста не згадаю і не ведаю такіх выпадкаў. Таму ў турмах у нас яшчэ пакуль ніхто не ўтрымліваецца. З апазіцыі, як вы сказалі.

Антуан Ламбраскіні (здзіўлена): Калеснікава, муж Ціханоўскай?

Лукашэнка. Па-мойму ў іх следства яшчэ не скончанае…

Ламбраскіні. Па-мойму, яны ўжо асуджаныя…

Лукашэнка. Асуджаныя? Асуджаныя, так? (Пытаецца ў чалавека, які знаходзіцца за кадрам) Ну, я, прабачце, я адразу папрасіў прабачэння, што я кажу, можа быць, я яшчэ не ўсё ведаю.

14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд асудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі.

6 верасня 2021 года суд асудзіў Марыю Калеснікаву да 11 гадоў калоніі. Разам з ёй на 10 гадоў асудзілі юрыста Максіма Знака.

Навуцы невядома, што такое дыктатура

Лукашэнка: Што тычыцца розніцы паміж сістэмай улады дыктатуры і нашай сістэмай улады. Вы ведаеце, хоць я і гісторык па сваёй першай адукацыі, я не магу вам ахарактарызаваць дыктатуру. Я гэта ведаю са сродкаў масавай інфармацыі, з навуковых падручнікаў, прац і іншае. Калі я стаў прэзідэнтам, я зразумеў, што ні журналісты, ні палітыкі, ні навукоўцы так і не вызначылі, што такое дыктатура. Вось не вызначылі і ўсё.

У каго Беларусь падгледзела Канстытуцыю

Лукашэнка: У нас элементы аўтарытарызму ў дзяржаве прысутнічаюць. Гэта значыць, прэзідэнт валодае вялікімі паўнамоцтвамі, нават, можа быць, большымі, чым у Францыі. Хоць канстытуцыю калі мы прымалі на рэферэндуме ў 1990-х гадах, мы вельмі многае запазычылі ў вас, у французскай Канстытуцыі асобныя… і цяпер гэтыя артыкулы захаваліся. Я раю вам звярнуцца да нашай Канстытуцыі, і вы ўбачыце шмат адпаведных супадзенняў. У Расійскай Федэрацыі мы падгледзелі сёе-тое, у Казахстана, ну і гэтак далей. Мы не стварылі нешта эфемернае і выключнае. Мы бралі вопыт іншых краін.

Што дасведчаны журналіст павінен адчуць ужо ў аэрапорце

Лукашэнка: Што мне, апраўдвацца перад вамі? Я чалавек, які прыйшоў з народа. Я часта кажу, што я выпадкова стаў прэзідэнтам. Я не ведаю, чаму мяне тады абралі. Не ведаю. Да гэтага часу не знаходжу поўнага на гэта адказу. Але калі вы верыце ў бога…

Ламбраскіні: Я не веру.

Лукашэнка: А?

Ламбраскіні: Я не веру.

Лукашэнка: Вы не верыце? (Смяецца) дзякуй, першы раз такую шчырасць чую. Ну вось калі б вы верылі, то можна было спаслацца, што ён дапамог. Хто яго ведае. Я ўжо таксама ў свой час, будучы атэістам… Я быў лектарам, у тым ліку міжнароднікам і атэістам… Я ўжо пачынаю верыць. І хачу, каб бог быў. Разумееце, я больш хачу, каб ён быў. Каб ён разважыў складаныя моманты, калі мы не разумеем. Вы мяне, я вас. І асабліва калі мы, кіраўнікі, кіраўнікі дзяржаў, творым, тое, што мы не павінны былі тварыць.

Таму, слухайце, ну якая дыктатура. Вось вы ў Мінску другі раз. Прыехалі, не ведаю, учора ці сёння. Вы як дасведчаны журналіст, нягледзячы на сваю маладосць, вы, разумееце, павінны былі паветра ўдыхнуць, панюхаць і адчуць гэтую дыктатуру. Вось я ўпэўнены, што калі вы прыляцелі ў аэрапорт — вы не ўбачылі гэтай дыктатуры.

Чым Зяленскі лепшы за Пуціна

Урывак гэтага адказу Лукашэнкі быў апублікаваны ў тэлеграм-канале «Пул першага», аднак у тэлеверсію ён увайшоў у моцна скарочаным выглядзе.

Лукашэнка: Ну вось вы паліглот, вы там французскай, нямецкай мовай, наколькі я ведаю, валодаеце. І рускай. Але вам жа ніхто не забараняў размаўляць на рускай мове і вывучыць рускую мову. А ўкраінцам хацелі забараніць. Ну навошта? Ну хай бы яны ўзялі нашу палітыку. Не трэба было, як у нас, рабіць рускую дзяржаўнай мовай… Калі б яны гэта зрабілі, вайны б не было ніколі. Ну, хоць бы яны не душылі людзей за тое, што яны размаўляюць на рускай мове. Яны ж гэтага не зрабілі. Гэта значыць, там былі ўнутраныя ўжо прычыны для таго, каб Расія паставіла, груба кажучы, Украіну на месца. Навошта вы абражалі ўладу ў Расіі? Навошта вы прэзідэнта Пуціна пастаянна абражалі? Украінцы, навошта? Ну чым Зяленскі лепшы за Пуціна, скажыце мне? Ну, я ж … у нас у краіне нават, як вы кажаце, апазіцыя — нават шалёныя, якія ваявалі ў 2020-м годзе супраць народа — яны ніколі не казалі, што Пуцін такі, Пуцін гэткі. Ну навошта? Гэта ж чалавек. Калі Байдэн упаў на трап — на трапе самалёта падымаўся, па трапе — упаў… Ведаеце, у нас у Беларусі ніхто над гэтым не смяяўся. Ну, усякае бывае. Я разумею, што, ну, бег, чалавек упаў. Не трэба было бегчы. Ну, спатыкнуўся і спатыкнуўся. А што вы рабілі і робіце супраць Пуціна? Навошта вы яго дэманізуеце? Навошта вы яго абражаеце? Макрона ж яны так не крытыкавалі, хоць было за што. Мы ўсе людзі розныя, ёсць за што крытыкаваць. А вы, пачынаючы ад мовы і заканчваючы прэзідэнтам Расіі… Украінцы, вы яго не проста дэманізавалі, вы здзекаваліся з яго, вы розныя фэйкі ўкідвалі, здагадкі і іншае. То бок, гэта таксама нядобры фон. Можа, гэта не прычына для аперацыі, але фон нядобры.

Нягледзячы на запэўніванні Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі ніхто не смяяўся з Джо Байдэна, у праўладных тэлеграм-каналах эпізод з падзеннем амерыканскага прэзідэнта на трапе абыгрываецца пастаянна. Напрыклад, па запыце «Байдэн трап» у тэлеграм-канале АНТ можна знайсці шэсць публікацый, сярод якіх ёсць відэа Лукашэнкі на лёдзе з подпісам: «Адзін па трапе падняцца не можа, тым часам іншы ў хакей гуляе».

Масква — сталіца маёй краіны, а Ленінградская вобласць копія Беларусі

Лукашэнка: Ну, слухайце, я бываю ў Расіі. Гэта зусім недалёка. У іх трошкі… гэта блізкая мне, родная краіна, родная. Я чалавек з той … з таго свету. Я жыў у тым свеце, калі Масква была сталіцай маёй краіны. Таму я з задавальненнем туды прыязджаю. У Расіі столькі цікавага. Такая прыгажосць, якую я не бачыў, я хачу на гэта паглядзець. Вось ён мне прапануюць: едзь на Алтай, едзь на Байкал, на Камчатку. Пабудзь там, паглядзі. Для мяне Расія адкрытая. Мне гэта вельмі цікава. Ён Беларусь ведае кожны метр. Ён [Уладзімір Пуцін] нарадзіўся ў Піцеры, гэта копія Беларусі. Вось Ленінградская вобласць — гэта копія Беларусі. Ён ведае ў Беларусі ўсё. Таму тут няма чагосьці, што я туды прыязджаю, а ён сюды не едзе чамусьці. Але ў іх яшчэ асаблівасць жа з гэтай пандэміі была два гады і да гэтага часу… Вы ведаеце нашу адкрытасць у гэтай сітуацыі. А Расія была больш закрытай тут. Таму было прынятае рашэнне Рады бяспекі, каб прэзідэнт неяк акуратней сябе паводзіў. Вось, дапусцім, у Кітаі Палітбюро прыняло рашэнне: Сі Цзіньпіну вось так паводзіць сябе — ні туды, ні сюды не ехаць і гэтак далей. І два гады Сі Цзіньпін выконваў гэтае рашэнне. Дакладна так і ў Расіі перасцераглі прэзідэнта: «Вось ты павінен сябе паводзіць такім чынам». І Пуцін чалавек выканальны, ён гэта робіць. Ну, цяпер гэта ўжо, вы бачыце, практычна сыходзіць. Таму гэта асаблівасць таксама была такая. У мяне трохі інакш.

Клас
14
Панылы сорам
212
Ха-ха
30
Ого
11
Сумна
11
Абуральна
66