Фота: AP

Фота: AP

Больш за тое, прэзідэнт Казахстана Такаеў абяцае, што не будзе дапамагаць Расіі абыходзіць заходнія санкцыі, не будзе прызнаваць незалежнасць самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Украіны і павялічвае абаронны бюджэт краіны. І гэты факт робіцца нечаканым выклікам для Крамля. Дзесяцігоддзямі Масква працавала над тым, каб захоўваць уплыў у гэтым рэгіёне Цэнтральнай Азіі праз стварэнне ваенных і эканамічных саюзаў. І Казахстан, вялікая краіна, багатая нафтай, заставаўся адным з найважнейшых стратэгічных хаўруснікаў.

Расійскае ўварванне ва Украіну змушае Казахстан пераасэнсоўваць дамінуючае становішча Расіі ў сваёй знешняй палітыцы і шукаць новыя хаўрусы з такімі краінамі як ЗША, Турцыя і Кітай. Паказальны момант адбыўся ў чэрвені падчас галоўнага эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу, на якім прэзідэнт Такаеў заявіў у адказ на пытанні расійскіх журналістаў, што Казахстан не прызнае дзве сепаратысцкія квазідзяржавы на Данбасе, пры гэтым падкрэсліўшы, што «Казахстан ні ў якім разе не адмаўляецца ад саюзніцкіх абавязкаў».

Неадназначная пазіцыя Казахстана выклікала гнеў у некаторых расійскіх палітыкаў, якія падкрэслівалі важную ролю Масквы ў дапамозе з падаўленнем студзеньскіх пратэстаў. Вось як пракаментаваў гэтую сітуацыю вядучы аднаго з прапагандысцкіх шоу на дзяржаўным тэлебачанні Тыгран Кеасаян: «Казахі, браты, гэта што за няўдзячнасць? Паглядзіце ўважліва на тое, што адбываецца ва Украіне… Таму што, дарагія мае, калі вы лічыце, што можна і далей быць такімі хітра***ымі і вам за гэта не будзе нічога, вы памыляецеся».

Пасля пачатку вайны да такой рыторыкі казахі ставяцца сур’ёзней. І на гэта ёсць прычыны. Прыкладна 20% насельніцтва — этнічныя рускія, што пражываюць пераважна на поўначы краіны. Яшчэ Казахстан з’яўляецца адзінай краінай Цэнтральнай Азіі, што мяжуе з Расіяй, дзелячы з ёю другую ў свеце па даўжыні мяжу паміж краінамі, а сам Пуцін у 2014 годзе пасля анексіі Крыма казаў, што ў Казахстана не было гісторыі дзяржаўнасці да з’яўлення СССР. 

Аднак цяперашнюю расійскую агрэсію ніхто з рэгіёна не падтрымаў, а Узбекістан нават публічна заявіў, што не прызнае сепаратысцкія рэспублікі. Такое частковае адчужэнне дае ЗША магчымасць паспрабаваць аднавіць уплыў у гэтым рэгіёне. Напрыклад, праз візіты амерыканскіх палітыкаў і дыпламатаў, якія, як візіт у красавіку дарадцы прэзідэнта Байдэна па правах чалавека Урзы Зеі, візіт у канцы мая памочніка дзяржсакратара ЗША Дональда Лу ці візіт новапрызначанага кіраўніка Цэнтральнага камандавання ЗША генерала арміі Майкла Эрыка Курылы ў чэрвені. «ЗША далікатна, каб не аказваць празмернага ціску, прасілі ўрады Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана стаць на бок Захаду ў падтрымцы Украіны», — заявілі два прадстаўнікі Дзярждэпартамента.

Ужо праз тыдзень пасля візіту генерала арміі Курылы ў Таджыкістан, прэзідэнт Пуцін адведвае гэтую краіну ў якасці першай з моманту ўварвання, дзе вітае свайго таджыкскага калегу Эмамалі Рахмона словамі: «Я вельмі рад апынуцца на дружалюбнай зямлі нашага саюзніка».

Цікавым таксама з’яўляецца факт падачы ў адстаўку па стане здароўя тагачаснага міністра замежных спраў Кыргызстана Руслана Казакбаева, які яшчэ за 8 дзён да сваёй адстаўкі ў красавіку выступаў на сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках візіту прадстаўніка ЗША па правах чалавека. Там было абвешчана, што Кыргызстан і ЗША неўзабаве падпішуць двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галінах эканомікі і адукацыі. Аднак асоба, знаёмая з рашэннем, паведаміла, што ён падаў у адстаўку па патрабаванні Масквы. На просьбу да міністэрстваў замежных спраў Расіі і Кыргызстана пракаментаваць гэтую справу ніхто не адказаў.

Расія працягвае заставацца галоўным не толькі вайсковым (маючы ваенныя базы ў Кыргызстане і Таджыкістане, палігон у Казахстане), але і гандлёвым партнёрам Сярэдняй Азіі, даючы работу мільёнам рабочых з гэтага рэгіёна. Да параўнання, у Кыргызстане грашовыя пераводы складаюць амаль траціну ВУП, у Таджыкістане — больш за чвэрць, ва Узбекістане — каля 10%. Львіная доля з іх паступае з Расіі. Казахстан пасля ўвядзення заходніх санкцый вымушаны быў шукаць шляхі дыверсіфікацыі свайго гандлю. Ужо праз некалькі тыдняў пасля пачатку расійскага ўварвання Грузія і Азербайджан прымаюць дэлегацыю афіцыйных асоб з Казахстана для перамоў пра аднаўленне гандлёвага шляху, які праходзіць з Кітая ў Еўропу праз Сярэднюю Азію, Каўказскі рэгіён і Турцыю.

«Уварванне падбадзёрыла такія краіны як Кітай і Турцыя кінуць выклік Расіі на яе дамінаванне ў рэгіёне, — каментуе Сяльчук Чалакаглу, дырэктар Турэцкага цэнтра даследаванняў у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. — Раней гандлёвы шлях сур'ёзна не даследаваўся ні краінамі Цэнтральнай Азіі, ні Кітаем і Турцыяй збольшага таму, што ўрады не хацелі злаваць Расію». За апошнія некалькі месяцаў Расія двойчы спыняла Каспійскі трубаправод, у той час як Казахстан накіроўвае больш гандлю праз свае парты Актаў і Курык.

Клас
47
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6