Як і літоўцы, палякі спрабуюць дапамагчы Украіне ў яе барацьбе з Расіяй і збіраюць грошы на куплю турэцкага беспілотніка Bayraktar TB2. Сабраная сума ўжо перавысіла 5 мільёнаў долараў. 

Арганізатар збору, галоўны рэдактар партала Krytyka Polityczna Славамір Серакоўскі заўважыў донара, які пералічыў 5 злотых (крыху больш за 1 даляр). Ім быў пан Яцэк, чалавек з інваліднасцю, які, як ён пісаў, на месяц атрымлівае каля 700 злотых (150 даляраў) дапамогі ад дзяржавы. Цяпер інтэрнэт-карыстальнікі ахвяруюць на медыцынскую дапамогу для 58-гадовага мужчыны.

«Выбачайце, што не магу больш… Я асоба з інваліднасцю. Мушу жыць за 717 злотых. Аднак павінен пералічыць хаця б такую невялікую суму. Гэта мой абавязак, я так адчуваю…» — напісаў пан Яцэк у каментарыі да свайго ахвяравання.

Унёсак гэтага мужчыны крануў многіх. Славамір Серакоўскі арганізаваў чарговы збор — ужо для аказання медыцынскай дапамогі пану Яцэку. Арганізатар так пракаментаваў гэта ў сябе ў Фэйсбуку:

«Пане Яцэк, у якасці падзякі за вашу дапамогу ў нашым зборы мы хацелі штосьці зрабіць для вас. …Усе мы тут трымаемся разам, так што пазаўчора мы сабралі для вас 100 разоў па 717. На ваша здароўе. Місія выкананая».

Такім чынам, усяго двух дзён хапіла, каб сабраць для мужчыны больш за 100 месячных пенсій. І акцыя працягваецца.

Польскі партал money.pl даведаўся, хто такі пан Яцэк: 

«Калісьці быў дзяржаўным служачым, «паважаным чалавекам». Аднак стаў алказалежным. Жыццё склалася так, што я скаціўся да самага дна».

Яцэк ужо 14 гадоў не п'е. Але з узростам пачаліся праблемы са здароўем. Пасля аўтамабільнай аварыі ў яго цяжкасці з пазваночнікам. Пазней быў пазбаўлены дзяржаўнай праграмы па рэабілітацыі, якой карыстаўся амаль год. Акруговы суд у Катавіцах пакінуў у сіле гэтае рашэнне.

«Праз гіпертанію, пашкоджанне верхніх тканак і частыя непрытомнасці я не мог знайсці работу. Працаваў па кантракце ў хімічнай кампаніі, змешваў фарбы, клеі і так пачаліся мае праблемы з лёгкімі», — напісаў мужчына. Ён спрабаваў працаваць вартаўніком, але праз частыя страты прытомнасці нідзе не затрымліваўся надоўга.

«Мне застаецца жыць як расліне, сацыяльнае адчужэнне і чаканне смерці…» — заканчвае ён свой аповед.

На збор пан Яцэк рэагуе эмацыйна:

«Быў у слязах… Я ў шоку. Люблю вас». 

«Гэтая сума ўжо для мяне космас. Вы са мной, і справа не ў грошах. Да мяне вярнулася вера ў людзей, вера ў дабро», — прызнаецца мужчына.

Выказваючы падзяку арганізатарам, ён дадае, што лішак сабранай сумы хацеў бы перадаць адмысловаму фонду на дапамогу дзіцяці з суседняй вёскі, якое апынулася ў цяжкім становішчы пасля аварыі, у якую трапіў яго бацька. 

«Частку з гэтай маёй сумы я хацеў бы таксама пералічыць на рэабілітацыю ўкраінскім вайскоўцам. Юрысты фонду вывучаюць, ці ёсць такая магчымасць», — каментуе ён.

Клас
26
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1