Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

У лістападзе мінулага года ў Летчанскае лясніцтва ўпершыню завезлі 35 асобін высакароднага аленя. Сярод іх было 9 самцоў і 26 самак. Іх закупілі ў заводчыка ў Мёрскім раёне. Для замацавання на месцы маладому статку выдзелілі «жылплошчу», дзе аленям было камфортна і прасторна. Тут рагатых перасяленцаў перыядычна падкормлівалі збожжам і сенам. Кантакт з чалавекам імкнуліся мінімізаваць, каб алені не сталі ручнымі.

Сёння статак, які за гэты час папоўніўся трыма малымі аленянятамі, выпусцілі на волю.

Дарослыя і асабліва маладыя асобіны, якія прывыклі да гэтай мясцовасці, не адыдуць далёка ад новага арэала і маюць заняць сваю нішу ў мясцовай дзікай прыродзе. Для іх работнікі лясніцтва на зімовы перыяд установяць кармушкі і будуць перыядычна класці туды корм.

Усяго ў Віцебскай вобласці, паводле звестак вясновага ўліку, налічваецца 7,3 тыс. асобін высакароднага аленя, больш за 13,3 тыс. ласёў і 20,6 тыс. казуль.

Як расказаў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Дзмітрый Дзіковіч, у паўночным рэгіёне ў перспектыве плануюць зраўняць пагалоўе аленяў і ласёў. Гэта дапаможа пашырыць відавую разнастайнасць жывёл у лясах Віцебшчыны і будзе садзейнічаць развіццю паляўнічага турызму.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0