Аляксандр Вучыч
У сваёй прамове Вучыч папрасіў міжнародную супольнасць паўплываць на ўлады непрызнанага Сербіяй, але прызнанага значнай часткай сусветнай супольнасці Косава, якія прынялі законы, што абмяжоўваюць правы сербаў у гэтай краіне.
Расіі сербскі прэзідэнт падзякаваў за падтрымку. Але адначасова падзякаваў таксама амерыканскаму пасольству і вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па міжнародных справах і бяспецы Хасэпу Барэлю.
Таксама Вучыч выказаў надзею, што сітуацыя ў Косаве 1 жніўня разрадзіцца, перадаюць СМІ.
Ніякага абвяшчэння Косаву вайны або «спецыяльнай аперацыі» не адбылося.
«Спадзяюся, што заўтра адбудзецца дээскалацыя, і мы новымі кампраміснымі рашэннямі даможамся міру. Як я сказаў вам сёння, як бы ні было цяжка, Сербія будзе змагацца, капітуляцыі не будзе. Сербія пераможа», — заявіў Вучыч.
Тым часам ЗША заклікалі ўлады Косава адкласці на месяц планы па замене пашпартоў і нумарных знакаў грамадзян на косаўскія. Да прэм'ера Косава Альбіна Курці звярнуўся пасол ЗША ў Косаве Джэф Хавеньер. Косаўскія ўлады да гэтых прапаноў прыслухаліся і перанеслі тэрміны з 1 жніўня на 1 верасня.





