У праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі, а менавіта — вайсковыя КАМАЗы з літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», паведамляе «Вясна».
Андрэя затрымалі 31 сакавіка і да суда змясцілі ў СІЗА №3 Гомеля.
У першы дзень судовага пасяджэння, 26 ліпеня, суддзя Руслан Царук запытаўся ў Уткіна, чаму той фатаграфію адправіў у «Беларускі Гаюн», а не ў «СБ. Беларусь сегодня» ці АНТ.
«Калі ехаў па горадзе, здзівіўся, убачыўшы «КАМАЗ» з літарай V побач з плошчай Леніна. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў тэлеграм-канал. Прыкладна праз два тыдні я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у сябе дома. Я быў моцна шакаваны, не ведаў, што за фатаграфію прадугледжаная крымінальная адказнасць», — тлумачыў ён у «пакаянным» відэа.
Пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Сёння суд пастанавіў прызнаць Уткіна вінаватым і прысудзіў яму пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады. Менавіта столькі і прасіла абвінавачанне.





